«Усе іншыя метады былі вычарпаныя. Бо рабілі масу спроб у рамках перамоўнага працэсу, восем гадоў не выконваліся мінскія пагадненні», — так тлумачыць Белаконеў напад на Украіну. 

Генерал не лічыць, што расійскі наступ забуксаваў, а тэмпы прасоўвання расійскіх войскаў далёкія ад прагназаваных.

«На мой погляд, як ваеннага чалавека, аперацыя развіваецца планамерна. Ніхто і не чакаў, што яна будзе завершаная да канца дня, або да панядзелка. Расійскія ўзброеныя сілы працуюць на шырокім фронце, выступаючы супраць магутнай групоўкі ўкраінскіх войскаў і нацбатальёнаў, якія рыхтавалі свае пазіцыі восем гадоў», — упэўнены генерал-маёр.

Але гэта, з аднаго боку, планамерна. Бо з другога боку, паводле Белаконева, гэта ЗША зацікаўленыя ў тым, каб канфлікт ва Украіне быў зацяжным: «каб Расія знясільвалася, ведучы баявыя дзеянні, а Еўропа слабела ад наступстваў санкцый, якія сама ж увяла супраць Беларусі і Расіі». 

Адна з мэтаў спецаперацыі — дэнацыфікацыя, паўтарае расійскую прапаганду Алег Белаконеў, «усіх злачынцаў-нацыяналістаў чакае немінучая адплата».

«Спецаперацыя завершыцца перамогай Расіі — гэта відавочна. Цяпер проста множацца марныя ахвяры з-за зацятасці Кіева», — схіляе ўкраінцаў да капітуляцыі Белаконеў.

Паводле яго версіі, «нават прэм'ер Ізраіля ўжо раіць прэзідэнту Украіны здацца і прыняць умовы Расіі».

Але Зяленскі нібыта не слухае парадаў Ізраіля не таму, што абараняе краіну і свой народ. Паводле Белаконева, «Зяленскі не вольны прымаць рашэнні, ён краінай не кіруе, цалкам залежыць ад заакіянскіх заступнікаў. Яму нават з'ехаць не даюць, ён закладнік», — рэтранслюе расійскі мэсэдж генерал-маёр.

Белаконеў за Лукашэнкам паўтарае, што «Захад усімі сіламі спрабуе ўцягнуць Беларусь у канфлікт». А Беларусь не робіць гэтага толькі таму, што няма неабходнасці, каб Беларусь брала ўдзел у «спецаперацыі». Што будзе, калі неабходнасць такая ў Расіі ўзнікне, генерал нічога не кажа. Гаворыць, што ў нас свае задачы. 

«У нас больш за тысячу кіламетраў мяжы з Украінай. Практычна столькі ж з Польшчай, Літвой і Латвіяй. Наша заходняя мяжа — гэта мяжа Саюзнай дзяржавы. І наша задача — абараніць гэтыя межы, паблізу якіх ужо створаная 30-тысячная групоўка НАТА.

Мы ні да каго не маем тэрытарыяльных прэтэнзій, але калі будзе замах на тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі, калі ў кагосьці паўстане жаданне, напрыклад, адхапіць беларускія землі па Стоўбцы, адказ будзе жорсткім», — кажа Алег Белаконеў.

  • Алег Белаконеў нарадзіўся 15 мая 1965 года ў вёсцы Барабаш Хасанскага раёна Прыморскага краю. Ва Узброеных сілах з 1983-га. Са жніўня 2010 года па студзень 2014 года — камандуючы сіламі спецыяльных аперацый Узброеных сіл Беларусі, затым начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл — першы намеснік міністра абароны Беларусі. У снежні 2019 года звольнены з вайсковай службы ў запас у сувязі з ажыццяўленнем паўнамоцтваў дэпутата Палаты прадстаўнікоў.
Клас
4
Панылы сорам
87
Ха-ха
7
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
54