Прапаганда працягвае распавядаць пра айцішнікаў як пра «нахабнікаў» і «паразітаў», пры гэтым чамусьці не ўлічваецца, колькі грошай бюджэту гэтыя людзі прыносяць сваёй працай. Паспрабавалі падлічыць самы сціплы сярэднемесячны ўнёсак, які губляецца з ад’ездам кожнага такога спецыяліста.

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: pixabay.com

Адлічэнні з заробкаў

Заробак у IT-сферы залежыць ад досведу і кампетэнцый: джуніар (пачатковец) можа атрымліваць каля 800 даляраў, у той жа момант мідлы і сеньёры (дасведчаныя спецыялісты) — ад дзвюх тысяч даляраў і вышэй.

Але возьмем сярэднюю лічбу. Згодна з данымі на студзень 2022-га (да ўсіх апошніх валютных хістанняў), сярэдні заробак беларускага айцішніка складаў $2365.

13% з гэтай сумы вылічваецца на падаходны падатак, а менавіта ў нашым кейсе — 307,45 даляра. У Беларусі падаходная стаўка адна для ўсіх фізічных асоб, рэзідэнты ПВТ былі выключэннем і плацілі 9%, але з першага студзеня 2021-га года гэтую льготу прыбралі.

Унёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва ў Беларусі складаюць 35%. З іх 1% утрымліваецца з заробку працаўніка, а 34% зверху плаціць у казну сама кампанія. Важная агаворка для сферы IT: для рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій абавязковыя страхавыя ўнёскі вылічваюцца не з сумы ўсёй зарплаты, а ад сярэдняга заробку па краіне. На люты 2022-га ён складаў 1563 рублі. То-бок у ФСЗН агулам пералічваем 547 рублёў (185,6 даляра).

Паходы ў краму

Падатковыя паступленні на гэты момант складаюць 88,8% даходаў рэспубліканскага бюджэту. Акрамя прамых падаткаў, усе грамадзяне, нават той, хто не працуе, плацяць са сваёй кішэні ПДВ — падатак на даданую вартасць (яго яшчэ называюць падаткам на спажыванне). Гэта адбываецца наўпрост падчас шопінгу. 

Стаўкі ПДВ могуць быць рознымі — 0% і 10% (льготныя), 20% і 25%. Асноўнае значэнне — гэта акурат 20%. У бюджэт краіны ПДВ пералічваецца прадаўцамі тавараў, але фактычна яго аплачваюць спажыўцы, бо гэтая сума ўключаная ў фінальны кошт. 

Дапусцім, беларус з сярэднім айцішным заробкам набывае ў месяц прадуктаў на 500 рублёў (170 даляраў). Харчовыя тавары збольшага (у тым ліку для дзяцей) трапляюць пад стаўку 10%. Гэта значыць, што з 500 рублёў на падаткі пойдзе 45,45 рубля (15,4 даляра).

Ілюстрацыйнае фота.

Калі чалавек выпівае і паліць, то аўтаматам адшпільвае зверху дзяржаве яшчэ немалую суму — гаворка ідзе пра акцызы. Акцызныя маркі ёсць на алкаголі, каве, гарбаце, мабільных тэлефонах і многіх іншых таварах.

Уявім, што айцішнік абмяжоўваецца тым, што выкурвае 15 пачкаў цыгарэт за месяц. Агулам гэта 300 цыгарэт і 18,8 рубля (6,4 даляра) за іх дзяржаве.

Ілюстрацыйнае фота

Сувязь і аўто

Тарыф «Ясна 100» ад «Белтэлекама» каштуе цяпер 40 рублёў 90 капеек у месяц, пакет «Без ліміта» для тэлефона ад А1 — 27,18 рубля на месяц. З гэтага грамадзянамі таксама плаціцца падатак на электрасувязь: з названых сум выходзіць 15,7 рубля ($5,3)

Спецыяліст з добрым заробкам з высокай доляй верагоднасці будзе мець сваё аўто. Па першае, аўто трэба запраўляць. Стаўкі акцызаў на паліва досыць вялікія. Калі ўявіць, што на аўто чалавек ездзіць на працу і з яе, а на выхадных выбіраецца на Мінскае мора ці на рынак, то ён праязджае мінімум 30 кіламетраў у дзень ці 900 за месяц. Сярэдні расход паліва ў горадзе — 10 літраў на 100 кіламетраў. Калі запраўляць машыну 90 літрамі штомесячна, дзяржаве адлічыцца каля 215 рублёў (73 даляры).

Таксама трэба плаціць за само права выехаць на дарогу. Стаўка транспартага падатку залежыць ад многіх фактараў — перш-наперш, на яе ўплывае памер машыны. За аўто вагой да 1,5 тоны за год трэба аддаць 61 рубель (гэта пяць рублёў у месяц ці $1,7).

Падатак на нерухомасць

З нядаўніх часоў уладальнікі нават адной кватэры таксама абавязаныя плаціць за свае ўладанні. Уявім, што кватэра нашага айцішніка ў Мінску мае плошчу 50 «квадратаў». З улікам стаўкі падатку (81 капейка за «квадрат») прыйдзецца заплаціць 40,5 рубля на год (1,2 даляра ў месяц).

Ілюстрацыйнае фота.

Варта адзначыць, што калі спецыяліст здымае кватэру ці дом па афіцыйнай дамове, то з гэтага таксама спаганяецца падатак, які арэндадаўцы ўлічваюць у цане. Стаўка вызначаецца за кожны пакой: за адзін у Мінску мусіш плаціць 36,8 рубля штомесяц (12,5 даляра).

Што ў выніку?

Агулам выходзіць мінімум 600 даляраў падаткаў з аднаго чалавека за месяц. І гэта толькі частка з усіх магчымых унёскаў. Тут, напрыклад, не ўлічваецца група тавараў з ПДВ у 20%, падатак на зямлю, мытныя пошліны з тавараў, заказаных з-за мяжы (напрыклад, з AliExpress), паходы ў кавярні і многае іншае.

Таксама варта не забываць, што многія айцішнікі зарабляюць больш за $2365. Проста цяпер у Беларусі шукаюць спецыялістаў на пазіцыі з заробкам 3200, 4000 далараў і вышэй.

Адна з вакансій. Скрыншот: rabota.by

Плюс вялікая доля айцішнікаў мае сем’і і — калі яны рэлакуюцца, то адразу з жонкамі (мужамі) і дзецьмі.

Да таго ж часцей рэлакуюцца не джуніары, а мідлы і сеньёры, чые заробкі значна вышэйшыя.

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Чытайце яшчэ:

«Да 80% усёй беларускай ІТ-галіны знікне». Тысячы праграмістаў з сем'ямі бягуць з Беларусі проста ў гэтыя хвіліны

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру