Турме №4 у Магілёве. Фота: yandex.by

«Распраналі тры разы на дзень і даглядалі»

«Калі я зайшла, супрацоўнікі сказалі, што гэта турма, і што расслабляцца нельга, — дзеліцца Святлана. — У чатырохмеснай камеры разам са мной было сем чалавек. Калі нас стала чатыры, перавялі ў двухмесную.

На выхадзе з камеры зашпільвалі кайданкі, распраналі тры разы на дзень поўнасцю ў вельмі халодным памяшканні, стаялі мы на кафлі. Даглядалі жанчыны. Я ў іх спытала, навошта так часта гэта рабіць, што яны хочуць знайсці. Тыя адказалі: «Бабайку шукаем!»

Абувацца назіральнікі не давалі. Хадзілі мы ўвесь час у шкарпэтках па плітцы, а курткі забіралі яшчэ пры ўваходзе. Уначы будзілі два разы. Трэба было ўстаць, падысці да кармушкі і сказаць сваё прозвішча», — кажа яна. 

«Засоўвала ногі ў пакеты, каб хоць неяк сагрэцца» 

Да 20 сакавіка ўсе сукамерніцы Святланы выйшлі на волю, а да яе нікога не перавялі. Дванаццаць дзён жанчына знаходзілася адна. 

«Я спытала, чаму так, мне сказалі, што этапаў няма. Як і ў Жодзіна, і на Акрэсціна, і ў Баранавічах, у душ яны не водзяць, на прагулкі таксама. Я нават не спрабавала пра гэта казаць, бо бессэнсоўна.

На любыя пытанні яны пасмейваюцца і вочы круглыя робяць. Адказваюць, што гэта турма — і ўсё. З 7 раніцы да 22 вечара гарлапаніць радыё, Першы нацыянальны канал. Прапаганды там не вельмі шмат, была і музыка. Спачатку мы скардзіліся, што радыё перашкаджае, але калі б на працягу гэтых дванаццаці дзён, што я была адна, радыё не было, то звар'яцела б.

Спаць і нават закрываць вочы днём нельга было. Як толькі ўбачаць, пачыналі грукаць у дзверы. На падлозе сядзець не дазвалялі, толькі на драўляных нарах. А я не магла, бо на іх было вельмі холадна. Сядзела каля батарэі.

Засоўвала ногі ў пакеты, каб хоць неяк сагрэцца. Яны бачылі, як я трасуся ад холаду, выводзілі і смяяліся з мяне. А ў апошні дзень увогуле адправілі ў камеру, дзе туалет і кран не працавалі. Ахоўнікі далі мне літр вады, так і пратрымалася.

Пагаварыць у камеры, вядома, не было з кім. Я ляпіла фігуркі з хлеба: пацука, машынку, кветачкі. Ахоўнік іх выкінуў. Пасля гэтага пачала з туалетнай паперы фігуркі рабіць. Таксама выкідваў. Гэта ўсё для таго, каб я проста сядзела, нічога не рабіла. Некаторыя надзіральнікі дазвалялі, а гэты ўсё выкідваў. Але кветачка з паперы са мной дадому даехала», — кажа Святлана. 

У такіх нечалавечых умовах жанчына захварэла. Ёй пачалі балець ныркі. 

«Са мной разам была жанчына, ёй 70 год. Мы прасілі доктара, але яго ніхто не паклікаў. Хаця ён быў пры паступленні.

Я сказала, што хутка буду хадзіць пад сябе. Ніяк не адрэагавалі, доктар не прыйшоў.

Хто яшчэ быў са мной? Астатнія дзяўчаты маладыя. Хтосьці з іх з плакатам выйшаў супраць вайны, а дзве ішлі міма ўкраінскага пасольства, і іх затрымалі. Адной далі штраф, а другой дзесяць сутак. Была сукамерніца, якая нейкім чынам пранесла два казённыя ручнікі. Не ведаю, дзе іх ёй выдалі. Яна мне іх пакінула. Спачатку я клала ручнікі пад галаву, а потым уначы накрывалася імі. Назіральнік убачыў і забраў іх у мяне», — кажа яна.

Кветка, якую зрабіла Святлана ў ізалятары з туалетнай паперы 

Святлана таксама згадвае дыялог, які ў яе адбыўся з міліцыянтамі яшчэ ў РУУС Заводскага раёна Мінска.

«Я сказала, што я супраць вайны, а супрацоўнік міліцыі стаў пытацца, дзе я восем гадоў таму была. На такі аргумент я яму адказала, што цяпер вайна закранула Беларусь. І як можна падтрымліваць войны ў любой праяве? Я ў іх спытала: няўжо яны за вайну? Маўчалі». 

«Калі пачынаю ўспамінаць, то ўвесь час слёзы ад прыніжэння такога, ад несправядлівасці»

Па словах Святланы, ежа ў турме №4 ў Магілёве прыкладна такая ж, як і на Акрэсціна. Усё без солі. 

«Заўсёды халодная, з гарачага толькі суп быў. Нават чай халодны быў. У асноўным давалі бульбу, але кашы таксама. Мне брат перадачу прынёс. З адзення яны нічога не аддалі. Толькі арэхі, печыва, зубную шчотку і пасту. Прасіла світар, адказ: «Вы ж усё разумееце», — дзеліцца жанчына. 

З ахоўнікамі-мужчынамі Святлана старалася не размаўляць. Баялася, што можа трапіць у карцар. 

Гэты арышт быў для Святланы чацвёртым. Першы раз на сутках яна сядзела ў лістападзе 2020 года ў Жодзіна, другі — у маі 2021-га на Акрэсціна, трэці — у ліпені ў Баранавічах. 

«Усе яны былі па артыкуле аб удзеле ў масавых мерапрыемствах. На Акрэсціна ў гэты раз да мяне прыехаў участковы. Цяпер жа ёсць закон, што калі па адным і тым жа адміністрацыйным артыкуле, то могуць ужо распачаць крымінальную справу. Участковы сказаў мне, што гэта не мой выпадак, бо закон набыў моц у чэрвені, а ў мяне была судзімасць у красавіку. І яшчэ павіншаваў з 8 сакавіка, сказаў трымацца. Ужо чацвёрты раз мне было не так страшна. Але калі пачынаю ўспамінаць, то ўвесь час слёзы ад прыніжэння такога, ад несправядлівасці», — кажа Святлана. 

Чытайце таксама: 

Даведаліся, што зараз з топавай візажысткай Вольгай Томінай, якую затрымалі

Мінчук пасля 13 сутак: «Без матрацаў, без паветра, без лістоў, без інфармацыі, без якаснай меддапамогі»

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру