Фота: wikimedia.org

Вырас без бацькі

Уладзімір Жырыноўскі нарадзіўся 25 красавіка 1946 года ў Алма-Аты, куды дэпартавалі яго бацьку, Вольфа Эйдэльштэйна, агранома і камерсанта. Сям’я Эйдэльштэйнаў першапачаткова жыла ў Валынскай губерніі Расійскай імперыі, на тэрыторыі, што пасля грамадзянскай вайны адышла пад кіраўніцтва Польшчы. Пасля таго, як Заходняя Украіна трапіла пад уладу СССР, сям’ю Эйдэльштэйнаў і дэпартавалі ў Казахстан.

Там Вольф ажаніўся з маці будучага лідара ЛДПР, але ж у красавіку 1946 года развітаўся з роднымі — яго зноў дэпартавалі, на гэты раз у Польшчу. Апошні раз ён бачыў жонку і сына летам 1946 года, калі тыя прыехалі да яго, пазней сустрэцца не дазвалялі ўлады. Вольф Эйдэльштэйн памёр у Ізраілі ў 1983 годзе.

Узяў прозвішча першага мужа маці

Андрэй Жырыноўскі — так звалі першага мужа маці Уладзіміра. Ён некалі служыў у органах НКУС, быў звольнены ў 1937 годзе за страту службовых дакументаў. Пазней Андрэй Жырыноўскі працаваў кіраўніком ляснога аддзела кіравання Туркестана-Сібірскай дарогі, памёр ад сухотаў у 1944 годзе. Тады Аляксандра, яго ўдава, і выйшла замуж за саслужыўца Жырыноўскага — Вольфа Эйдэльштэйна.

Невядома, калі канкрэтна Уладзімір стаў Жырыноўскім. Па адных звестках, гэта здарылася пасля яго паступлення ў інстытут, па іншых — Уладзімір заўсёды меў гэтае прозвішча, а сябры ў двары нават называлі яго «Жырык».

Вывучаў турэцкую мову і літаратуру

У другой палове 60-х Уладзімір Жырыноўскі вучыўся ў Інстытуце ўсходніх моў пры МДУ ім. Ламаносава, спецыяльнасць — турэцкая мова і літаратура. Паралельна з гэтым вывучаў міжнародныя адносіны ва Універсітэце марксізму-ленінізму.

Яшчэ ў студэнцкія гады Жырыноўскі зацікавіўся палітыкай. У красавіку 1967 года ён напісаў ліст на імя Брэжнева пра тое, што краіне патрэбныя рэформы ў некалькіх галінах — адукацыі, сельскай гаспадарцы ды гарадскім кіраванні. Але рупліваму студэнту хутка патлумачылі, што гэтыя прапановы «нерэальныя па фінансавых і некаторых палітычных меркаваннях».

Фота: uznayvse.ru

Быў арыштаваны за «камуністычную прапаганду»

У 1969 годзе, калі Жырыноўскі паехаў працаваць стажорам-перакладчыкам у Турцыю, ён трапіў у неардынарную гісторыю. Яго, савецкага студэнта-чацверакурсніка, арыштавалі «за камуністычную прапаганду» і выслалі з Турцыі. Віна Уладзіміра была ў тым, што ён нібыта раздаваў знаёмым значкі з выявай ці то Леніна, ці то Маркса — хаця ён сам тлумачыў гэта тым, што на значках былі выявы Масквы і Пушкіна, і туркі проста пераблыталі расійскага і нямецкага класікаў.

Турэцкая турма яшчэ адгукнулася будучаму палітыку: праз той вопыт зняволення яго не ўзялі ў партыю, не далі паступіць у аспірантуру, на доўгі час забаранілі замежныя падарожжы. Па вяртанні ў СССР Жырыноўскі адслужыў у арміі афіцэрам штаба акругі, вывучыў (у дадатак да турэцкай і французскай) англійскую і нямецкую мовы, працаваў ва ўстановах, звязаных з замежнай дзейнасцю.

Пазней ён атрымаў яшчэ адну адукацыю — юрыдычную, і ў 1983 годзе заняў пост кіраўніка юрыдычнага аддзела ў выдавецтве «Мір».

Балатаваўся на пост прэзідэнта РСФСР

У маі 1988 года Жырыноўскі ўдзельнічаў ва ўстаноўчым з’ездзе партыі «Дэмакратычны саюз», але хутка сышоў з яе. Гэта быў час старту яго палітычнай кар’еры.

Разам з Уладзімірам Багачовым, адным з арганізатараў «Дэмакратычнага саюза», Жырыноўскі заснаваў Ліберальна-дэмакратычную партыю Савецкага Саюза, якая пазней, у 1992 годзе, атрымала імя Ліберальна-дэмакратычнай партыі Расіі. У чэрвені 1991 года ён балатаваўся на пост прэзідэнта РСФСР і заняў трэцяе месца з вынікам у 7,81%.

22 снежня 1991 года Уладзімір Жырыноўскі прыняў удзел у шматтысячным мітынгу супраць ліквідацыі СССР і абвясціў пратэстуючым, што тыя, хто падпісаў Белавежскае пагадненне аб роспуску СССР, будуць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці.

У 1993 годзе Уладзімір Жырыноўскі ўпершыню аказаўся на пасадзе дэпутата Дзярждумы — у месцы, якое на будучыя дзесяцігоддзі стане яго зорнай пляцоўкай. Як казаў палітык у 2011 годзе, за час сваёй працы ў Думе ён патраціў на ўсе свае публічныя выступы 16 тысяч гадзін.

Фота: uznayvse.ru

У новай Расіі Жырыноўскі не адмовіўся ад ідэі заняць прэзідэнцкую пасаду — ён удзельнічаў у расійскіх выбарах ажно пяць разоў, апошні раз у 2018 годзе. Лепш за ўсё, згодна з афіцыйнымі лічбамм, палітык праявіў сябе на выбарах 2008 года, калі набраў 9,35% галасоў выбаршчыкаў.

Абліў Нямцова апельсінавым сокам у тэлеэфіры

Першы вядомы скандал з удзелам Жырыноўскага адбыўся ў чэрвені 1995 года. Падчас тэлеперадачы «Адзін на адзін» той абліў сокам губернатара Ніжагародскай вобласці Барыса Нямцова і ледзьве не пабіўся з ім. У далейшым Жырыноўскі адзначыўся гвалтам — слоўным і фізічным — у бок журналістаў і іншых дэпутатаў.

Прапаноўваў даць рускім права на агнястрэльную зброю і мнагажэнства, а Навальнага — асудзіць на 15-20 гадоў

Адыёзнасць Жырыноўскага праяўлялася праз нестандартныя і проста дзіўныя законы, што ён планаваў увесці. Рэплікі палітыка шырока разыходзіліся і добра дапамагалі адвесці ўвагу расіян ад іншых праблем. Лідар ЛДПР прапаноўваў узаконіць мнагажэнства (як сродак паляпшэння дэмаграфіі), права расіян на агнястрэльную зброю, зняць мараторый на смяротнае пакаранне — а калі б праз няправільны прысуд загінуў нявінны, Жырыноўскі прапаноўваў казніць суддзю. Жырыноўскі выказваўся за выбарную манархію ў Расіі, прызначэнне Пуціна на пасаду Вярхоўнага правіцеля краіны і тое, каб замяніць цяперашні расійскі гімн на «Боже, царя храни». Калі ж у лютым 2021 года Аляксея Навальнага асудзілі да пазбаўлення волі, Жырыноўскі казаў, што «па сукупнасці ён гадоў 15-20 павінен атрымаць».

Што да знешняй палітыкі, то Жырыноўскі выступаў за ўваходжанне Беларусі і Украіны ў склад Расіі, падтрымліваў расійскую акупацыю Данбаса і казаў пра магчымы ва Украіне дзяржпераварот, у выніку якога частка краіны ўвойдзе ў склад Расіі. У 2014 годзе, калі пачаліся баявыя дзеянні ў Данбасе, Жырыноўскі трапіў у санкцыйныя спісы Еўрасаюза і Канады.

Замежныя СМІ часта абвінавачвалі Жырыноўскага ў антысемітызме, на што той казаў, што яўрэі самі вінаватыя ў такім стаўленні. Таксама ад Жырыноўскага даставалася туркам, казахам, шмат якім з народаў Каўказа і кітайцам, што жывуць на расійскім Дальнім Усходзе.

Расійскі ліберальны рэфарматар Ягор Гайдар аднойчы назваў Жырыноўскага «самым папулярным фашысцкім лідарам Расіі».

Казаў, што Лукашэнка здзекуецца з планеты

У часы, калі да Беларусі дакаціўся кавід, Жырыноўскі пачаў шмат выказвацца пра сітуацыю ў Беларусі. Ён выказваў супрацьлеглыя меркаванні наконт Лукашэнкі: у сярэдзіне сакавіка 2020-га прапанаваў яму выпіць за здароўе расіян і беларусаў, а менш чым праз два тыдні каментаваў тое, што ў Беларусі падчас кавіду не адмянялі спартовыя спаборніцтвы, словамі «Лукашэнка здзекуецца з планеты».

На пачатку жніўня 2020 года палітык казаў, што калі Лукашэнка выйграе прэзідэнцкія выбары, гэта можа скончыцца вайсковым бунтам, і Лукашэнка можа быць вымушаны пакінуць краіну. Лідар ЛДПР спрачаўся ў жывым эфіры з вядучым радыё «Эха Масквы» Аляксеем Нарышкіным пра тое, ці ўвойдзе Беларусь да канца 2020 года ў склад Расіі, і прапаноўваў разам з Беларуссю далучыць да Расіі Арменію і Азербайджан.

А ў сакавіку 2021 года праз Жырыноўскага ў скандал трапіла беларуская апазіцыянерка Вольга Карач. У эфіры яе ютуб-канала палітык расказваў пра далучэнне Беларусі да Расіі — і Карач не сказала ні слова супраць гэтай ідэі.

Зрабіў восем прышчэпак ад кавіду — і ад яго ж памёр

У верасні 2020 года палітык атрымаў дзве дозы прышчэпкі «Спутнік V». Праз некалькі месяцаў, калі ўзровень імунітэту знізіўся, Жырыноўскі зрабіў укол вакцыны «Спутнік Лайт», а пазней яшчэ і атрымаў назальную версію «Спутніка». За 2021 год ён паспеў атрымаць яшчэ чатыры прышчэпкі, але ўжо вакцынай «КовіВак», што лічыцца менш эфектыўнай у параўнанні са «Спутнікам».

На пачатку лютага Жырыноўскага шпіталізавалі з двухбаковай пнеўманіяй, якая развілася на фоне заражэння штамам «амікрон». У канцы лютага палітыка ўвялі ў медыкаментозную кому, і 6 красавіка афіцыйна абвясцілі пра яго смерць.

Жырыноўскі: Лукашэнка здзекуецца з планеты

Жырыноўскі: Беларусь увойдзе ў склад Расіі за пяць месяцаў

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Клас
4
Панылы сорам
8
Ха-ха
16
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру