Аб'явы аб здачы кватэр у Тбілісі і ўлётка са словамі, што грамадзянам Расіі тут не месца

Уварванне Расіі ва Украіну справакавала новую хвалю эміграцыі з Расіяй, а бюджэтных варыянтаў ад'езду аказалася няшмат. Грузія стала краінай, куды спачатку беглі ад рэпрэсій беларусы, а цяпер туды пацягнуліся і расіяне.

Праблема масавай эміграцыі стала прыкметнай у Грузіі, пра гэта сведчаць не толькі рознага кшталту пабытовыя інцыдэнты, але і супярэчлівыя каментары мясцовых уладаў.

Што кажа грузінская статыстыка

Нацыянальная адміністрацыя турызму Грузіі ў сярэдзіне сакавіка апублікавала аптымістычную статыстыку: з пачатку года ў краіну прыбыло больш за 165 тысяч замежных гасцей, і яны выдаткавалі тут больш за 105 мільёнаў даляраў.

Але праз тыдзень гэтыя звесткі каментаваў ужо міністр унутраных спраў Грузіі Вахтанг Гамелауры. Ён прывёў лічбы па стане на 16 сакавіка, выкарыстаўшы выраз «пасля пачатку вайны ва Украіне».

Са слоў міністра, з таго моманту ў Грузію заехалі больш за 30 тысяч грамадзян Расіі, а выехалі толькі 18 тысяч. Такім чынам, каля 12 тысяч рускіх засталіся ў Грузіі, і гэта, хутчэй за ўсё, не турысты.

Акрамя таго, вырасла колькасць асоб, якія прыбываюць з Беларусі — з моманту пачатку вайны ва Украіне іх заехала больш за 15 тысяч.

У той жа час самой Украіны вялікага прытоку няма — усяго 8700 чалавек, як і ў ранейшыя гады.

Вакол гэтых лічбаў разгарэліся страсці. У мясцовых СМІ, сацыяльных сетках і нават сярод мінакоў на вуліцах раз-пораз успыхваюць спрэчкі: нехта лічыць што рускія, якія засталіся ў Грузіі — ахвяры рэжыму Пуціна, а нехта — што яны стануць прычынай будучай агрэсіі Масквы.

Дайшло да таго, што некалькіх чалавек з пашпартамі Расіі без тлумачэння прычын не ўпусцілі ў культавы ў грузінскай сталіцы клуб тэхна-музыкі, а бар Deda Ena ў аднайменным папулярным парку ў цэнтры горада ўвёў з 4 красавіка ўласныя «візы» для рускіх: каб іх абслужылі ў бары, ім трэба запоўніць анкету з 15 пунктаў з асуджэннем Пуціна і прызнаннем Крыма ўкраінскім.

Праблемы «панаехалі» ў Грузію

Тут ёсць цэлае нагрувашчванне наратываў, канстатуе Антон Міхальчук, каардынатар у Грузіі Free Russia Foundation.

Антон Міхальчук

«Першае — Пуцін прыйдзе сюды вызваляць гэтых рускіх. Другое — рускія дрэнна ўплываюць на эканоміку, бо здымуць у банкаматах ўсе еўра і даляры, і курс абрынецца. А яшчэ рускія вінаватыя ў тым, што жыллё даражэе. І ёсць меркаванне, што рускі бежанец — гэта не ўцякач, а баязлівец, які не захацеў супраціўляцца пуцінскаму рэжыму», — пералічвае Міхальчук.

Зняць кватэру ў Тбілісі сапраўды стала праблемай. Але яна ўзнікла яшчэ да вайны, адзначае беларускі актывіст Леў Міхееў. Ён пакінуў Беларусь паўгода таму з-за палітычных пераследаў і за гэты час ніякага негатыву ў адносінах да сябе не адчуў.

Леў Міхееў

Што тычыцца рынку нерухомасці, то яго, працягвае Міхееў, напярэдадні Новага года разагрэлі буйныя IT-фірмы, калі сталі масава перамяшчаць свае офісы з Мінска ў Тбілісі. Клапоцячыся пра бяспеку супрацоўнікаў, гэтыя кампаніі гатовыя былі плаціць двайную цану за мясцовае жыллё, бо па заходніх мерках гэта невялікія грошы.

Праблемай, лічыць Міхееў, таксама з'яўляецца і тое, што за апошні месяц у Грузію заехала велізарная колькасць людзей, а хто прыехаў першым, той і зняў танныя кватэры, астатнім засталіся варыянты даражэйшыя.

Аднак Антон Міхальчук з такім меркаваннем не згодны. Рускія, удакладняе ён, сутыкнуліся менавіта з праблемамі, выкліканымі іх грамадзянствам. Нярэдкія выпадкі, калі ім адмаўлялі ў арэндзе жылля нават па цане ўдвая даражэйшай, даведаўшыся, што ў іх пашпарт Расіі.

«З імі проста пераставалі весці размову, іх асацыююць з вайной», — сведчыць Антон Міхальчук.

Эмоцыі зашкальваюць

Кіраўнік НКА «Грузінскі прагрэсіўны форум», экс-дэпутат парламента Дзімітры Цкіцішвілі мяркуе, што беларусы і рускія знаходзяцца ў падобнай сітуацыі, але ўсё ж у рознай.

Грузінскае грамадства гасціннае, падкрэслівае Цкіцішвілі, і вельмі эмацыйнае. Калі Беларусь дала сваю тэрыторыю для расійскіх войскаў, гэта выклікала ўсплеск негатыву да яе, і тады, напрыклад, з'явіліся паведамленні, што беларусам перасталі адкрываць рахункі ў грузінскіх банках. Але з часам, мяркуе ён, усё вернецца ў ранейшае рэчышча.

З рускімі сітуацыя складанейшая. Для грузінскага грамадства, працягвае экс-дэпутат, вайна ва Украіне — гэта дэжавю, паўтарэнне 2008 года, калі Расія ўварвалася ў Грузію.

Акрамя таго, за апошнія чатырнаццаць гадоў назапасіўся негатыў ад паводзін расійскіх турыстаў, якія часам здараліся. Напрыклад, яны прыязджалі і спецыяльна гулялі па вуліцах Тбілісі з георгіеўскімі стужачкамі, а гэты сімвал стаў выкарыстоўвацца расійскімі ўладамі менавіта пасля 2008 года.

«Грузія падтрымлівае расійскіх дысідэнтаў, але ж шмат і тых, хто проста прыехаў сюды з Расіі наладзіць свае справы з-за санкцый», — упэўнены Цкіцішвілі.

Дзімітры Цкіцішвілі

Яго словы збольшага пацвердзілі трое прадстаўнікоў беларускай IT-індустрыі, якія распавялі DW пра праблемы з банкамі.

Калі раней для адкрыцця рахунку дастаткова было пашпартоў, і праз дзень прыходзіла картка MasterCard, то зараз, па іх словах, гэта цэлая прыгода.

У першым выпадку аддзяленне найбуйнейшага банка TBC у цэнтры Тбілісі проста не стала займацца кліентам, даведаўшыся, што ён з Беларусі. Аднак філіял гэтага банка ў іншай частцы горада рахунак адкрыў.

Другі суразмоўца DW дадаў, што ў канцы лютага пасля адмовы TBC змог атрымаць картку ад Bank of Georgia, праўда, са спазненнем у тыдзень і пасля абгрунтавання адкрыцця рахунку.

У трэцім выпадку, ужо ў сакавіку, беларусу прыйшлося наогул пашукаць банк прасцейшы і запоўніць цэлы шэраг анкет.

Экзістэнцыйнае пытанне — што рабіць далей

Што ж тычыцца расіян, то для многіх з іх тое, што адбываецца цяпер у Тбілісі, стала прычынай падумаць, куды ехаць далей, кажа Антон Міхальчук. Яны ўбачылі на сценах надпісы «Рускія — вон», ім маглі нахаміць пры зносінах, і многія сталі баяцца, што тут ім не месца.

Тым не менш, працягвае Міхальчук, на вуліцах тут ніхто нікога не б'е (па нацыянальнай прыкмеце. — Рэд.), і многія рускія застаюцца.

Як выказаўся Міхальчук, у рускіх унутранае экзістэнцыйнае пытанне — што рабіць далей. Нават па афіцыйных дадзеных, з Расіі з'ехала каля 200 тысяч чалавек, хваля эміграцыі вялікая, але фармаваць моцную дыяспару і на Паўднёвым Каўказе, і ва Усходняй Еўропе ім вельмі складана.

«У рускіх няма такой сяброўскай краіны, якая прымала б іх. Расійская замежная палітыка за апошнія гады стварыла абсалютна крытычную сітуацыю ўспрымання рускіх у свеце, калі рускія — гэта роўна вайне», — наракае Антон Міхальчук.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру