«Выглядае, што Лукашэнка спрабуе любым шляхам адмазацца ад саўдзелу ў агрэсіі Расіі супраць Украіны, — кажа палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі. — Бо першапачатковыя разлікі праваліліся: ніякага бліцкрыгу, няікага парада на Хрышчаціку. Лукашэнка ж казаў раней: тры-чатыры дні — і Зяленскі ўздыме рукі.

Напэўна, у думках Лукашэнкі так усё і выглядала, і ён разлічваў, што вернасць Маскве ў гэтай сітуацыі прынясе нейкія дывідэнды. А тут наадварот, зняць вяршкі не атрымалася, а атрымаць аплявух можна па поўнай праграме.

Пасля Бучы Лукашэнку ўжо дакладна стала зразумела, што перспектывы вельмі кепскія, ажно да міжнароднага суда і Гаагі, якой яго так любіла палохаць апазіцыя. І маштабы злачынстваў жа толькі адкрываюцца, яшчэ шмат чаго невядома.

Яшчэ раз падкрэслю: Лукашэнка хоча адмазацца ад саўдзелу ў агрэсіі. Таму ён і апраўдваецца, тлумачыць, чаму запрасіў у Беларусь расійскія войскі, і гэтак далей.

Для мяне паказальна, што Лукашэнка сам сабе супярэчыць у гэтай сітуацыі. З аднаго боку, ён працягвае свае міратворчыя высілкі, папракае Захад, што ён не ацаніў арганізацыю перамоў беларусамі. Але з іншага боку — просіць, каб Беларусь пусцілі ўдзельнікам у перамовы Украіны і Расіі. Дык у якой ролі выступае Беларусь? Бо калі яна сапраўды ні пры чым, не бярэ ўдзелу ў вайне, то што ёй рабіць на перамовах? Якім бокам там Беларусь? 

І я лічу, што, патрабуючы ўдзелу ў перамовах, Лукашэнка прызнае, што Беларусь усё ж саўдзельнічае ў агрэсіі. Бо Лукашэнка адчувае скурай, што Пуцін можа выслізнуць з-пад санкцый, заключыўшы дамову з Украінай. І такі шанец у Пуціна ёсць, усё ж Расія вялікая ядзерная дзяржава, адтуль так проста каго-небудзь у Гаагу не зацягнеш. А на Беларусі Захад можа сапраўды адыграцца па поўнай. Гэтага, а таксама наступстваў эканамічных санкцый, Лукашэнка вельмі баіцца».

Але ўдзел Беларусі ў перамовах сапраўды выгадны Лукашэнку, мяркуе аналітык:

«Бо гэта і пытанне прэстыжу Лукашэнкі, і прагматычны момант: перамовы — гэта дамоўленасці, гэта кампрамісы. Нешта Масква саступіць Кіеву, але нешта і Кіеў, і Захад саступяць Маскве. І калі Беларусь будзе ўдзельнічаць у перамовах, гэта шанец таксама адвесці ад сябе непрыемнасці ці хаця б частку іх».

А якія «гарантыі бяспекі па Беларусі» мусяць быць дадзены падчас перамоваў па Украіне, як таго хоча Макей?

«Магчыма, маецца на ўвазе банальнае захаванне ўлады, сыход ад адказнасці за саўдзел у агрэсіі. Іх звыклае «перагарнуць старонку», прасцей кажучы. Як у 2020 годзе, калі калечылі, забівалі людзей, а пасля «перагарнулі старонку». Але цяпер гэта ў іх наўрад ці атрымаецца», — мяркуе Класкоўскі.

Але Лукашэнка сёння вельмі рэзка выказаўся: назваў вайну вайною, Расію — агрэсарам. Свядома?

«На эмоцыях Лукашэнка часта прагаворвае шчырыя рэчы. Але ж, думаю, гэтыя словы прагучалі на эмоцыях, а не свядома. Бо сёння ідзе сапраўды сутыкненне цывілізацый, і Лукашэнка зрабіў выбар — ён з Расіяй.

Калі б у яго былі магчымасці выслізнуць і здрадзіць, ён бы на гэта пайшоў, безумоўна. Але Лукашэнка трапіў у такую вялікую залежнасць ад Масквы, што тут у яго выбару няма. Хіба толькі ў сітуацыі настолькі моцнай паразы Расіі, што пуцінскі рэжым пачне сапраўды развальвацца — тады Лукашэнка хутка забудзе ўсе свае словы пра Саюзную дзяржаву, адданасць і выслізне з-пад крыла Масквы».

«Лукашэнку складана будзе выкараскацца». Былы пасол пра перспектывы Беларусі на фоне вайны

Клас
40
Панылы сорам
15
Ха-ха
70
Ого
4
Сумна
2
Абуральна
20