Візажыстка Анастасія Субачава распавяла ў Фэйсбуку, што адразу звярнула ўвагу на страшны кадр, але не магла зразумець, што яе ў ім чапляе. Праз пару дзён дзяўчына ўспомніла, што такі манікюр бачыла ў сваёй кліенткі з Бучы. Ірына Фількіна хадзіла да яе на ўрокі макіяжу. Апошні ўрок быў напярэдадні вайны — 23 лютага.

«Яна скакала ад радасці, бо ўпершыню ў жыцці ў яе з'явілася ўласная касметыка, якую мы купілі, — піша Анастасія. — Кожны раз яна адпрацоўвала нашы ўрокі так старанна, як ніхто. Прыходзячы зноў, распавядала, як яе макіяж ацанілі новыя прыхільнікі і як выдатна яна пачуваецца. Яна збіралася на канцэрт Вольгі Паляковай, завяла Instagram… Яна казала: «Я на старасці гадоў нарэшце зразумела галоўнае — трэба любіць сябе і жыць для сябе, і нарэшце я буду жыць, як я хачу!».

Ірына Фількіна перад вайной

Ірына Фількіна жыла ў Бучы і працавала аператарам кацельні ў цэнтральным офісе сеткі магазінаў «Эпіцэнтр».

«Яна была вельмі добрым чалавекам, я да гэтага часу не магу паверыць. Калі мы апошні раз бачыліся, я асабіста рабіў камплімент наконт яе манікюру», — распавёў начальнік жанчыны.

Як высветлілася, Ірына загінула 5 сакавіка.

«Вярталася дадому, туды, дзе для кожнага чалавека, як мне раней здавалася, самае бяспечнае месца… яе расстралялі, пасярод вуліцы, не даехала 15 хвілін… куляй памерам з мой палец», — напісала дачка загінулай Вольга Шчырук у Інстаграме.

Ірына не хацела эвакуявацца і кідаць дом. Як яе родныя распавялі, баявыя дзеянні заспелі жанчыну на працы, транспарт не хадзіў, і яна ўзяла ў супрацоўніка ровар, каб патрапіць дадому. Тады ў іх з дачкой і адбылася апошняя тэлефонная размова — за паўкіламетра да месца, дзе Ірыну забілі.

На наступны дзень дачцэ паведамілі, што ў яе маці стралялі і яна, верагодна, загінула. Да таго ж, тая больш не выходзіла на сувязь. Але яшчэ амаль месяц, як распавяла Вольга The New York Times, яна спадзявалася, што маці ўсё ж нейкім чынам выжыла. Канчаткова родныя пераканаліся ў гібелі жанчыны толькі 1 красавіка — у яе дзень нараджэння — калі ім даслалі відэа з Бучы, на якім відаць цела, якое ляжыць побач з роварам, а затым і фатаграфіі рукі з тым самым манікюрам.

Пахаваць Ірыну Фількіну ў родных не атрымліваецца дагэтуль — усе целы забітых з вуліц забралі для судмедэкспертызы.

«Яны кажуць, куды, але не кажуць, ёсць у іх ці не. Яны не ведаюць, бо вас там так шмат. Ім трэба ведаць, ад чаго ты памерла. Я павінна чакаць, пакуль правядуць экспертызу. Еўропе трэба даказаць, што ў нас адбываецца, бо слоў і фота ім мала, ім трэба, каб было на паперы. На паперы яны напішуць, што цябе і праўда забілі і гэта генацыд. … Мне здаецца, калі б у кніжках па гісторыі пісалі не сухія факты з лічбамі, а змаглі перадаць хоць 1% таго, што адчуваюць цяпер людзі, то больш ніхто б не захацеў крычаць «можам паўтарыць», — напісала дачка загінулай.

Праз некалькі дзён Вольга распавяла, што ў памяць пра маму, якая заўсёды казала ёй не сядзець на месцы і дзейнічаць, яна разам з сястрой вырашыла адкрыць дабрачынны фонд, які будзе дапамагаць з рэабілітацыяй дзецям, якія страцілі родных на вайне.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
44
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру