Падначаленыя Хаві не скараліся супернікам ажно з 23 студзеня. Фота: Uefa.com

Каб зразумець, насколькі выдатны характар мае поспех калектыва з Франкфурта, дастаткова адшукаць дату апошняй паразы «Барселоны».

Падначаленыя Хаві не скараліся супернікам ажно з 23 студзеня — і перад змаганнем супраць «Айнтрахта» 13 матчаў запар сыходзілі з поля непераможанымі.

Аднак на гол маладзёна Кнаўфа, што здарыўся на 49-й хвіліне, іспанцы доўгі час адказаць не здолелі. Толькі на 66-й хвіліне Феран Торэс дамогся поспеху і працягнуў выніковую серыю каманды. Больш за месяц «Барса» мінімум раз за сустрэчу «прабівала» брамніка апанентаў.

Гол Кнаўфа не дазволіў «Барселоне» ўзяць верх над «Айнтрахтам». Фота: Uefa.com

Не высветлілі пераможцу і прадстаўнікі самай рэйтынгавай пары. Італьянская «Аталанта» адносна хутка засмуціла нямецкі «Лейпцыг», дзякуючы высілкам Мурыэля. Аднак утрымаць перавагу не здолела: Дзапакоста скіраваў мяч ва ўласную браму праз 12 хвілін аднаўлення гульні пасля перапынку.

Не скарыўся супернікам і адзіны французскі клуб, што застаўся ў Лізе Еўропы мінімальна. Гол Боўэна дазволіў «Вэст Хэму» атрымаць перавагу над «Ліёнам» на роднай арэне. Аднак Ндамбеле на экватары другога тайма аднавіў раўнавагу, якая і стала выніковай.

Тым не менш, англічане нічыю справядліва назавуць поспехам, бо з-за выдалення Крэсуэла ў дададзены час першага тайма яны палову сустрэчы правялі ў меншасці.

Трапны стрэл Джарада Боўэна. Фота: Uefa.com

Шатландскі «Рэйнджэрс» мінімальна пацярпеў у гасцях ад партугальскай «Брагі» — і гэта зрабіла тыдзень горцаў увогуле мінорным. На выходных у дэрбі «старой фірмы» каманда з Глазга прайграла землякам з «Сэлціка» 1:2. І намагалася рэабілітавацца. Аднак зрабіць гэтага не здолела.

У Лізе Канференцый, турніры па рангу ніжэйшым, самай яркай гульнёй чвэрцьфінала стала нічыя «Феенаорда» і «Славіі».

Каманды сумарна забілі шэсць галоў, прычым апошні абмен ударамі адбыўся з 86-й па 95-ю хвіліны — спачатку адзначыліся галандцы, а пасля другі раз за вечар уратаваліся чэхі.

Ратэрдам відавочна будзе расчараваны не толькі вынікам, але і дзеяннямі ўласнай абароны: усе тры ўдары пражан у створ аказаліся галявымі.

Падзялілі ачкі і «Лестэр» з ПСВ. Вось толькі тут, наадварот, заўзятары назіралі самы сумны футбол вечара. Ніводзін з бакоў так і не прыдумаў, як засмуціць кіпера апанентаў.

Усё ішло да мірнага зыходу і ў змаганні нарвежскага «Будэ-Глімта» ды італьянскай «Ромы» — на годную галявую акцыю Крыстантэ адказаў Салтнэс. Аднак напрыканцы матча эфектныя дзеянні Ветлесэна схілілі шалі ў бок скандынаваў.

«Рома» не здолела прыстасавацца да штучнага нарвежскага газону. Фота: Uefa.com

Тым не менш, цяжкасці італьянцаў былі прадказальныя: штучны газон на стадыёне «Будэ-Глімта» яшчэ з восені ператварыўся ў сапраўднае выпрабаванне для любой каманды, якая завітвае пад палярнае кола.

Яшчэ адным пераможцам у чацвер у Лізе Канферэнцый стаў «Марсэль». Гол-прыгажун Дзімітры Пайета дазволіў французам давесці сваю перавагу над грэчаскім ПАОКам, 2:1.

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

«Рэал» упершыню ў гісторыі перамог «Чэлсі», «Вільярэал» сенсацыйна збіў «Баварыю». Вынікі матчаў серады ў Лізе чэмпіёнаў

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?