У расійскім Мінабароны адрапартавалі, што «Точка-У», абломкі якой выяўленыя ў раёне вакзала, нібыта «прымяняецца толькі украінскімі ўзброенымі сіламі».

Але гэта дакладна не так.

Па-першае, падчас вучэнняў «Саюзная рашучасць — 2022» тактычны ракетны комплекс «Точка-У» ажыццяўляў баявыя пускі на ўчастку мясцовасці «Палескі».

Ракетчыкі тады «нанеслі групавы ракетны ўдар па цэлі, якая знаходзіцца на аддаленні звыш за 70 кіламетраў. За дзеяннямі вайскоўцаў назіраў міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін», паведамілі ў прэс-службе Мінабароны.

Відэа апублікавала «Ваен-ТВ».

Па-другое, 5 сакавіка расійскія комлексы бачылі пры транспарціроўцы ў Беларусі. Відэа апублікаваў канал «Беларускі Гаюн».

На наступны дзень расследавальнікі з Conflict Intelligence Team пацвердзілі выкарыстанне «Точки-У» замест «Іскандэраў».

Нарэшце, сёння зноў «спаліліся» расійскія прапагандысты. Да з’яўлення відэа ахвяраў з Краматорска яны пісалі пра знішчэнне ВСУ ў гэтым горадзе. Пазней допісы сталі выдаляць.

Сёння ракетамі быў атакаваны чыгуначны вакзал Краматорска. На вакзале знаходзіліся тысячы людзей, яны чакалі эвакуацыйных цягнікоў. Як мінімум 30 чалавек загінулі, больш за 100 былі параненыя. На адной з ракет захаваўся надпіс па-руску «За дзяцей». Офіс Зяленскага паведаміў, што ўдар быў нанесены «Точкой-У». Гэта ракетны комплекс савецкай распрацоўкі.

Клас
1
Панылы сорам
11
Ха-ха
6
Ого
0
Сумна
8
Абуральна
83