Беларускі транспартны бізнэс церпіць па ўсіх кірунках. На фота — канфіскаваныя ва Украіне фуры

Паток грузаў з Еўропы значна скараціўся

Са слоў суразмоўцы, пэўныя праблемы ў беларускіх перавозчыкаў пачаліся яшчэ да пачатку вайны.

«Першым сур'ёзным ударам па грузаперавозках стаў міграцыйны крызіс. З-за мігрантаў час на перасячэнне мяжы прыкметна павялічыўся. Закрыццё «Брузгоў» прывяло да таго, што фуры пачалі тыднямі стаяць у чарзе ў абодва бакі», — адзначае спецыяліст.

З часам рынак адрэагаваў на сітуацыю з чэргамі, і стаўкі на перавозку грузу па маршруце Еўропа — Беларусь (Еўропа — Расія) значна павялічыліся.

«Цяпер жа праз вайну і санкцыі сітуацыя зноў стала горшаць. Паток грузаў з Еўропы ў Расію і Беларусь скараціўся. Хтосьці не можа аплаціць тавар, частка кампаній прыпыніла адгрузку тавараў на нашы краіны. Цяпер мы прыйшлі да таго, што стаўкі на дастаўку грузаў з Беларусі ў ЕС сталі вышэйшымі, чым з ЕС у Беларусь, хоць заўжды было наадварот».

У фірме нашага суразмоўцы ёсць машыны не толькі на беларускай рэгістрацыі, але і на польскай. Пасля таго як Беларусь надала сваю тэрыторыю для агрэсіі Расіі супраць Украіны, з машынамі на беларускай рэгістрацыі пачаліся праблемы. 

«Нашы польскія машыны пастаянна працуюць, а беларускія перыядычна прастойваюць. Дайшло да таго, што адзін з нашых буйных беларускіх кліентаў, які займаецца імпартам тавару з Германіі, паведаміў, што працягне працаваць з намі, але будзе заказваць перавозку праз нашу польскую фірму. За гэта ён нават гатовы пераплочваць.

Паводле яго слоў, гэта патрабаванне нямецкіх партнёраў, якія больш не хочуць адгружаць тавар беларускім перавозчыкам. Вынікае, што пакуль частка беларускіх машын прастойвае, на паслугі перавозкі польскімі грузавікамі вырас попыт і стаўкі», — адзначыў спецыяліст.

Цярпіць і еўрапескі бізнэс

Тым не менш, як адзначае суразмоўца, у самой Еўропе таксама не ўсё так гладка.

«Некаторыя буйныя літоўскія і польскія фірмы мелі філіялы, зарэгістраваныя ў Расіі, атрымліваецца, яны таксама пацерпяць. Магчыма, паспрабуюць перавесці транспарт пад юрысдыкцыю сваіх фірмаў на тэрыторыі ЕС. Бо прадаць іх будзе амаль нерэальна.

Праз скарачэнне грузапатокаў таксама церпяць польскія і літоўскія фірмы, бо пэўная частка іх працы была накіравана на перавозкі ва ўсходнім кірунку. Акрамя таго, нядаўна ў ЕС ўвялі «пакет мабільнасці», які ўскладніў працу кіроўцам. Цяпер яны мусяць кожны раз пры перасячэнні межаў унутры ЕС адзначаць у тахографе, дзе знаходзіцца машына. Праз гэта вырасла і падатковая нагрузка. У дадатак за апошні час моцна выраслі цэны на паліва».

Са слоў суразмоўцы, некаторыя еўрапейскія перавозчыкі страйкуюць або рыхтуюцца да страйкаў.

«Санкцыі і нестабільнасць у рэгіёне, безумоўна, адбіваецца і на еўрапейскім рынку, але гэтыя наступствы не параўнальныя з нашымі. У выпадку ўвядзення забароны на працу нашых транспартных кампаній на тэрыторыі ЕС наш аўтапарк проста стане. Трэба разумець, што ў Беларусі зарэгістравана каля 6000 міжнародных перавозчыкаў. Большасць з іх працавалі з Еўропай».

Пераарыентацыю такой колькасці перавозчыкаў на ўнутраны рынак ЕАЭС спецыяліст лічыць немагчымай.

«На ўнутраным рынку няма такога аб'ёму, каб усім хапіла працы. Акрамя таго трэба разумець, што частка больш-менш новых машын абслугоўваліся ў той жа Польшчы. У Беларусі і Расіі проста няма дастатковай колькасці сэрвісаў і запчастак, каб іх абслужыць. Да таго ж, язда па расійскіх дарогах прывядзе да таго, што вы проста вельмі хутка даб'еце машыну. Таму большасць проста вымушана прыпыніць працу.

Унутраны рынак не мае такой патрэбы ў перавозках фурамі. Калі колькасць прапаноў ад перавозчыкаў павялічыцца, то моцна паменшаюць стаўкі. Але застануцца тыя, хто вымушаны плаціць за лізінг або крэдыт. Яны будуць гатовыя працаваць за любыя грошы, каб яшчэ больш не сыходзіць у мінус», — упэўнены спецыяліст.

На думку суразмоўцы, у найбольш спрыяльных умовах апынуцца толькі беларускія перавозчыкі, якія маюць фірмы і грузавікі, зарэгістраваныя ў краінах ЕС. У іх прынамсі застаецца магчымасць працаваць унутры ЕС. 

Спецыяліст адзначае, што сітуацыя можа значна пагоршыцца, калі Беларусь увядзе контрсанкцыі. Іх наступствы могуць закрануць не толькі перавозчыкаў і бізнэс, але і шэраговых спажыўцоў.

«Зараз нішто не перашкаджае нашым уладам увесці люстэркавыя санкцыі і забараніць працу еўрапейскіх кампаній на нашай тэрыторыі. Гэта можа прывесці да сур'ёзных праблем. У такім выпадку можа атрымацца, што дастаўляць грузы будзе проста няма каму.

Чытайце таксама:

Еўрасаюз зацвердзіў новыя санкцыі: забарона на дзейнасць транспартных кампаній з Расіі і Беларусі

Заахвочванне экспарту, зніжэнне пошлін — урад зацвердзіў план падтрымкі эканомікі 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру