З чым звязаная такая жорсткая помста журналістцы, на падставе чаго ўвогуле можа грунтавацца дадзенае абсурднае абвінавачванне і як усё гэта трывае Каця — пра гэта і многае іншае гутарым з мужам палітзняволенай, аналітыкам і журналістам Ігарам Ільяшом.

«Для нас гэта ўжо не было шокам»

«Наша Ніва»: Калі вы даведаліся, які канкрэтна артыкул «шыюць» Кацярыне, як адрэагавалі?

Ігар Ільяш: Даведаліся ў сераду: следчы даў афіцыйны дазвол перадаць нам гэтую інфармацыю. Гэта ўжо не было шокам для нас, бо ў шоку мы ўсе былі ў лютым, калі толькі даведаліся, што Кацю з калоніі пераводзяць у СІЗА, што ў яе нейкая новая справа. Вось тады быў шок, такога мы не чакалі. Гэта прымушала думаць, што можа быць якраз нейкі артыкул, звязаны з нацыянальнай бяспекай — злачынствам супраць дзяржавы.

Толькі на 55-ы дзень яе знаходжання ў СІЗА нам упершыню паведамілі пра яе статус і артыкул. Мы спадзяваліся на лепшае, але ў тым ліку рыхтаваліся да горшага сцэнара, і ён, на жаль, рэалізаваўся. 

Кацярына Андрэева і Ігар Ільяш. Фота: асабісты архіў

«НН»: Ва ўмовах, калі адвакаты пад падпіскай, як вы самі лічыце, што тэарэтычна магло стаць падставай для выбудоўвання такога абвінавачвання?

ІІ: Калі мы толькі даведаліся пра гэтую новую справу і перавод Каці ў СІЗА, першая мая думка была: гэта звязана з Украінай. Гэта яшчэ акурат адбылося за два тыдні да пачатку вайны — так супала па часе. Думалася, што пачалася нейкая антыўкраінская акцыя, зачыстка. Але цяпер я лічу, што гэтая версія памылковая, бо тэму Украіны мы распрацоўвалі разам, разам пісалі кнігу «Беларускі Данбас». І у такім разе я не мог бы не фігураваць у справе, але следства скончылася, а мяне нават як сведку не выклікалі.

Што гэта можа быць? Шчыра кажучы, я не ведаю. Відавочна, што гэта непасрэдна звязана з журналісцкімі абавязкамі Каці. Па аналогіі з першай справай: калі фактычна чыстую прафесійную дзейнасць прызналі злачынствам. Па такой жа схеме могуць дзейнічаць і цяпер. Іншых нейкіх зачэпак, адкуль можна было б выдумляць абвінавачванне такога кштлату, проста няма і быць не можа.

Я ведаю, чым жыла Каця да арышту. Яна цалкам была ў журналістыцы. Само кола кантактаў у яе было абмежаванае журналістамі — усё яе жыццё круцілася вакол прафесіі. Значыць, і выдумляць абвінавачванне можна толькі на падставе гэтага, іншых варыянтаў, на маю думку, няма.

«Адзіны крытэр эфектыўнасці сілавога апарату — тое, колькі «ворагаў народу» яны зловяць»

«НН»: У вас ёсць адказ, чаму Кацю караюць зноў, калі яна і так была жорстка пакараная за адзін стрым? 

ІІ: Відаць, прага помсты не была цалкам задаволеная ў тых, хто распачаў яе пераслед. Яны вырашылі, што трэба працягваць ёй помсціць за прафесійную дзейнасць. Але я шчыра не разумею, чым яна зачапіла так людзей, што яны ідуць на такую жудасную і цынічную расправу. Калі чалавеку, які праз пяць месяцаў выходзіць на свабоду, навешваюць артыкул з перспектывай атрымаць 15 год.

Кацярына на судзе

«НН»: У Беларусі апошнім часам куды ні глянь — экстрэмісты, тэрарысты, цяпер расце і спіс здраднікаў дзяржаве. Куды мы будзем рушыць далей?

 ІІ: Ва ўсім гэтым прагледжваецца логіка тэрору. Улетку 2020 года ўлада дала сілавым ведамствам поўны карт-бланш на гвалт і рэпрэсіі. З таго часу адзіны крытэр эфектыўнасці сілавога апарату — тое, колькі «ворагаў народу» яны зловяць і наколькі жорстка іх пакараюць. У гэтай сістэме каардынат чым больш жорсткае пакаранне знойдзецца для іншадумцаў, тым лепш.

Тэндэнцыя была відавочная ад самага пачатку: калі ў жніўні і восенню 2020 года большасць людзей праходзіла па 342-м і 293-м артыкулам, якія звязаныя з парушэннем грамадскага парадку і масавымі беспарадкамі, то потым пачалі знаходзіць усё больш жорсткія — масава сталі ствараць тэрарыстычныя справы, экстрэмісцкія фарміраванні.

Гэта тэндэнцыя да ўзмацнення рэпрэсій — той жа механізм працаваў у сталінскія часы, калі паступова вырасталі тэрміны пакарання для палітычных, пагаршаліся ўмовы для іх, абвінавачванні рабіліся больш вар’яцкімі.

Сам па сабе рэпрэсіўны апарат не спыніцца, бо цяпер ён працуе на сустрэчных курсах: не толькі зверху ідзе ініцыятыва, але і знізу. Супрацоўнікі міліцыі, разумеючы, што гэта іх шанец прасунуцца па службе, паказаць сваю эфектыўнасць, яшчэ больш інтэнсіўна будуць шукаць іншадумцаў і ворагаў дзяржавы.

Рэжым Лукашэнкі летам 2020 года ўзяў курс на пераўтварэнне з аўтарытарнай мадэлі ў таталітарную. А з таталітарызму выхаду няма, нельга адкаціцца на папярэднія правілы гульні. Таму тэрор будзе да самага канца рэжыму. 

«Над СІЗА пастаянна лётаюць самалёты»

«НН»: Наколькі добрая цяпер сувязь з Кацяй, што яна пра сябе расказвае?

ІІ: Кацю наведваюць адвакаты, рэгулярна прыходзілі лісты. Трэба сказаць, што ліставанне са сваякамі, з сям’ёй ішло без праблем. Але ад усіх астатніх, як я разумею, нічога амаль не даходзіць.

Натуральна, Каця не магла распавесці ў лістах пра новую справу, але, калі казаць пра яе настрой у ліставанні, то спачатку, калі яе толькі перавялі ў СІЗА, было адчуванне, што яна знаходзіцца ў псіхалагічнай яме. Для яе гэта быў моцны ўдар, але Каця і сама моцная, таму досыць хутка выбралася з гэтай ямы, вярнула сабе нейкі эмацыйны баланс. Цяпер я б ахарактарызаваў яе лісты так: яны прасякнутыя роўным спакоем. Бачна, што яна не баіцца нічога, проста спакойна глядзіць у будучыню і гатовая да ўсяго.

Мне цяжка ўявіць, як яна перажыла той момант, калі даведалася пра новы артыкул, бо мы ўсёй сям’ёй лічылі тыдні да яе вызвалення — было менш за пяць месяцаў. Усе думкі былі накіраваныя на гэта. Дзе яны чэрпае сілы, каб змагацца далей і падтрымліваць спакой, я нават не ўяўляю. Гэта тое, што ў поўнай ступені можа разумець толькі яна.

«НН»: А што вядома пра ўмовы ў гомельскім СІЗА, здароўе?

ІІ: На ўмовы ў СІЗА яна не скардзілася. Я так разумею, што для ўсіх, хто праходзіў праз гомельскую папраўчую калонію №4, СІЗА падаецца лепшым варыянтам. Я размаўляў пра гэта з адной былой палітзняволенай, і яна пацвярджала: усе дзяўчаты з калоніі мараць дасядзець тэрмін у СІЗА, бо там неяк прасцей. 

У камеры Каця, наколькі я разумею, не адна. Праўда, колькі чалавек з ёй, незразумела.

Ведаю, што Каця была вельмі ўзрушаная тым, што пачалася вайна. Яна даведалася пра гэта на другі дзень праз адваката. Вельмі хвалявалася за сваякоў, за тое, што вайна можа перакінуцца на Беларусь. У прынцыпе, як яна пісала, там такая атмасфера, што над СІЗА пастаянна лётаюць самалёты.

І вось яна ведае, што ідзе вайна, а больш нічога невядома — на гэты недахоп інфармацыі яна скардзілася. Дайшло да таго, што яна папрасіла мяне падпісаць яе на «СБ. Беларусь сегодня», бо іншых варыянтаў няма.

Што тычыцца здароўя, у яе часам бываюць мігрэні і зараз вясновае абвастрэнне алергіі. Але гэта ўсё ідзе ў звычайным парадку, асаблівага акцэнту на стане здароўя яна не робіць. Выглядае на тое, што яна адчувае сябе нядрэнна, з агаворкай, канечне, што яна працяглы час знаходзіцца ў турме.

«Калі мяне і арыштуюць, мы ўсё роўна выйдзем з турмы разам, калі гэта рэжым скончыцца»

«НН»: Якім чынам беларусы могуць падтрымліваць Кацю?

ІІ: Я скажу, што я буду рабіць сам: працягваць рабіць тое, што рабіў увесь гэты час — максімальна распавядаць пра яе, пашыраць інфармацыю, працягваць сваю журналісцкую, аналітычную працу. Проста казаць праўду — гэта ўжо шмат ва ўмовах таталітарызму. Як казаў Джордж Оруэл: «Свабода — гэта магчымасць сказаць, што два на два — чатыры». Тое, што я магу сёння рабіць, — паўсюль казаць, што два на два дае чатыры. Гэта мой адказ на выклікі часу.

Фота: асабісты архіў

«НН»: Вы самі застаецеся падазраваным па 342-м артыкуле, з вамі праводзілі нейкія працэсуальныя дзеянні пасля таго, як вы выйшлі з Акрэсціна ў ліпені? І ці такім жа непахісным застаецца ваша рашэнне не з’язджаць з Беларусі?

ІІ: Так, я падазраваны і з абмежаваннем на выезд з краіны. Але ніякіх працэсуальных дзеянняў са мной не праводзілася, нават сігналаў ці званкоў не было. Наяўнасць гэтай справы ніяк не павышае агульнай рызыкі, бо кожны чалавек, які знаходзіцца ў Беларусі і адкрыта выказваецца — пад пагрозай, што за ім прыйдуць і арыштуюць. У любы момант могуць прыдумаць што заўгодна, і значна горшае, чым «мой» 342 артыкул. Але ён у параўнанні з тым, з чым сутыкаецца цяпер Каця, проста дробязь.

Што тычыцца майго рашэння заставацца ў краіне, то я, безумоўна, непахісны. Нават не стаўлю такое пытанне, хаця пастаянна ад сваякоў, сяброў і калег чую просьбы і парады з’язджаць. Каця таксама прасіла мяне з’ехаць, асабліва пасля таго, як з’явілася гэтая новая справа: яна паўтарала гэта, перадавала праз адваката. Але я ёй адказваў: няўжо ты думаеш, што мая пазіцыя была ўстойлівай толькі да пэўнай ступені пагрозы? Не мае ніякага значэння, наколькі высокай будзе пагроза, я ад свайго не адступлюся.

На маю думку, з’ехаць, калі твая жонка знаходзіцца ў лагеры — гэта здрада. Маўчаць, калі ў тваёй краіне адбываюцца самыя масавыя з часоў сталінізму рэпрэсіі — гэта баязлівасць. І тым больш нельга маўчаць, калі побач ідзе вайна. Таму я буду заставацца і працягваць рабіць тое, што рабіў раней.

Наконт пагрозы для сябе ў святле таго, што тэрмін Каці сканчваецца, я, дарэчы, думаў, што можа здарыцца такі абмен: Каця выйдзе, а я якраз сяду. Але ўлічваючы новую справу супраць Каці, калі мяне і арыштуюць, які б тэрмін там не далі, мы ўсё роўна выйдзем з турмы разам, калі гэты рэжым скончыцца.

Чытайце таксама:

Што вядома пра хлопцаў, затрыманых са стралянінай за дыверсіі на чыгунцы?

Клас
4
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
1
Сумна
22
Абуральна
6

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру