Галоўны ідэолаг Гродзеншчыны Ігар Булаўка спакойна пераказвае хлусню расійскай прапаганды:

«Пры актыўным умяшанні ЗША ў 2014 годзе, у выніку «Еўрамайдана», фактычна дзяржаўнага перавароту, ва Украіне да ўлады прыходзіць новае кіраўніцтва, якое абапіраецца на нацыяналістычныя і неанацысцкія групоўкі.

Ідэалогія дзяржавы набывае вельмі нацыяналістычныя формы, у тым ліку датычныя перагляду вынікаў Вялікай Айчыннай вайны, гераізацыі калабарантаў і памагатых фашыстаў».

Ігар Булаўка, начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама

Ігар Булаўка, начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама

«Супраць жыхароў Данбаса ўкраінскія ўлады арганізавалі ваенную аперацыю. На працягу 8 гадоў неанацысты забівалі там цывільнае насельніцтва: жанчын, дзяцей, старых. Узброеныя сілы Украіны, Нацгвардыі і нацыяналістычных добраахвотніцкіх фарміраванняў наўмысна наносілі ўдары па грамадзянскіх аб'ектах», — расказвае чыноўнік.

Пасля ён пераказвае словы Пуціна пра дэнацыфікацыю і дэмілітарызацыю і дадае:

«У планы не ўваходзіць акупацыя ўкраінскіх тэрыторый. Сённяшнія падзеі звязаныя не з жаданнем ушчаміць інтарэсы Украіны і ўкраінскага народа. Яны звязаныя з абаронай самой Расіі ад тых, хто ўзяў Украіну ў закладнікі і спрабуе выкарыстаць яе супраць Расіі і яе народа».

Абласная газета «Вітебскіе весті» друкуе размову з абласным ваенкамам Русланам Шкодзіным. Гэта той самы ваенкам, які стаў зоркай Тыктоку.

«Я не ведаю краіны, дзе няма законаў, і ў кожнай яны свае. Напрыклад, карэннае насельніцтва Злучаных Штатаў Амерыкі, кіраўніцтва якіх больш за ўсіх кажа аб свабодзе асобы, да гэтага часу жыве ў рэзервацыях. У маім разуменні гэта вялікі канцлагер. Але такі ў іх лад. Калі не будзе дакладных установак, наступіць хаос. Пра гэта сведчаць падзеі ва Украіне, дзе законы перасталі працаваць.

Я ўпэўнены, што ў гэтай краіне не было правіла, якое дазваляе хапаць чалавека, прывязваць да слупа, каб кожны, хто праходзіць, біў яго палкай. Самае страшнае, што ў самасудзе ўдзельнічалі органы ўнутраных спраў і мясцовай улады», — кажа ваенкам Віцебскай вобласці.

Што такое здарылася ва Украіне, што там раптам пачалі прывязваць людзей да слупоў, Шкодзін чамусьці не ўдакладняе. А дарма — бо украінцы прывязваюць да слупоў марадзёраў, якія падчас вайны рабуюць пакінутыя хаты і крамы сваіх жа суайчыннікаў.

Газета «Ашмянскі веснік» публікуе развагі пракурора Ашмянскага раёна Сяргея Кавальчука, які пераказвае самыя чарнасоценскія тэзісы расійскай прапаганды пра Украіну:

«Імклівая ўкраінізацыя краіны радыкальнымі элементамі з выкарыстаннем інструментаў прапаганды нацысцкіх ідэй на фоне знішчэння рускай культуры, мовы, гістарычнай памяці, у тым ліку на тэрыторыі пражывання этнічных рускіх».

«Супрацьстаянне «заходніх» інтарэсаў і рускамоўнага насельніцтва Украіны пачалося нават не ў 2014 годзе, проста «Майданам» скарысталіся для таго, каб «на законных падставах» аслабіць эканоміку краіны, напампаваць краіну зброяй, заахвоціць экстрэмісцкія арганізацыі нацысцкага толку. Краіна павінна была стаць пляцоўкай для разгортвання сіл НАТА і ЗША, каб быць «бліжэй» да Расіі і ўжо ў адкрытую праводзіць палітыку генацыду рускага народа».

«Паколькі Захад пастаянна адхіляе прапановы Расіі па пытаннях бяспекі, Уладзімір Зяленскі заявіў аб магчымым пераглядзе плана па адмове ад ядзернай зброі, то ў Расіі не засталося выбару».

Вось вам і правінцыйны беларускі пракурор.

Усе гэтыя заявы ахвотна друкуе рэгіянальная прэса. Пры гэтым слова «вайна» абласныя і раённыя СМІ выкарыстоўваюць у дачыненні да чаго заўгодна, акрамя сапраўднай вайны. Супраць Беларусі ідзе і «санкцыйная вайна», і «інфармацыйная вайна». А вось ва Украіне ніякай вайны няма: там альбо «канфлікт», альбо «спецаперацыя».

Гэты «канфлікт» у рэгіянальнай прэсе асвятляецца ў асноўным перадрукамі. Раёнкі шмат цытуюць Лукашэнку, публікуюць матэрыялы з БелТА, перастаўляюць сюжэты дзяржтэлебачання пра «украфэйкі». Але самі яны тэму вайны ва Украіне амаль не кранаюць ці робяць гэта вельмі асцярожна. Часам пішуць пра ўкраінскіх бежанцаў, але так і не згадваюць, ад чаго тыя раптам бягуць. Выключэнне хіба цытаты чыноўнікаў.

Але і тут знаходзяцца тыя, хто не можа стрымацца. 

«Гомельская праўда» публікуе падборку гісторый бежанцаў з Украіны. Фота і прозвішча суразмоўцы толькі ў адной з гісторый, ўсе астатнія ананімныя. І, само сабою, прысвечаныя «зверствам украінцаў». У гэтых гісторыях «Азоў» страляе ў спіны, украінскія вайскоўцы прыкрываюцца мірнымі жыхарамі альбо проста страляюць у іх. Часам выглядае проста трагікамічна:

«Я граю на гуслях, і ў якасці музыканта мяне часта запрашалі на прыватныя выступы. Яшчэ да лютаўскіх падзей рэгулярна ездзіў на базу адпачынку ў вёсцы Алешня, дзе жылі беларусы, якія ўцяклі на Украіну па палітычных матывах, — бачыў там бчб-сцяг. Туды ж яшчэ прыязджалі «азоўцы» з Кіева. Апошнім часам зразумеў, што гэта нейкія радыкалы і стараўся пазбягаць запрашэнняў».

Ці вось яшчэ цытата:

«Украінскія вайскоўцы і памежнікі нікога не выпускаюць у бок Беларусі, адкрываюць агонь на паразу».

«Бандытам даваліся бонусы: ільготы з боку дзяржавы. Іх не каралі за супрацьпраўныя дзеянні, асабліва калі яны здзяйсняліся па нацматывах. Вось так вырошчвалі нацыяналістаў», — такія аповеды публікуе дзяржаўная газета.

Раёнка «Бабруйскае жыццё» ўвогуле цытуе «эксперта» з перадачы расійскага прапагандыста Салаўёва:

«Пачалася сусветная вайна супраць рускамоўных людзей і ўсяго рускага. Гэта не генацыд, а этнацыд. Гітлер не забараняў Уласаву, Краснову і іншай сволачы, якая за ім пайшла, гаварыць на рускай мове. Хлопцы, якія цяпер намі заняліся, гэты нацызм горай будзе». 

А «Жодзінскія навіны» транслююць расійскую хлусню пра распрацоўку біялагічнай зброі ва Украіне, паўтараюць за расийскай прапагандай, што разбомбленая радзільня ў Марыупалі — гэта нібыта фэйк.

Выглядае, што ў рэгіянальнай прэсе цяпер дазволеныя дзве пазіцыі: лукашэнкаўская і расійская. Можна цытаваць «СБ», а можна і Салаўёва. Можна пераказваць словы Лукашэнкі пра «генацыд беларускага народа», а можна і Пуціна пра «генацыд рускіх на Данбасе». 

Сорам.

Чытайце таксама:

У Мінабароны Расіі адмаўляюць дачыненне да абстрэлу Краматорска. І «Точки-У» ў іх нібыта няма. Але прапагандысты зноў «спаліліся»

Клас
0
Панылы сорам
31
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
14