Фота: commons.wikimedia.org
У чалавека можа быць нудная праца ці яшчэ больш нуднае хобі, але ён можа быць душой кампаніі, вядомым праз сваю дасціпнасць. З іншага боку, можна быць апатычнай асобай, няздольнай камунікаваць з людзьмі, але пры гэтым мець, напрыклад, выключны талент музыкі. Ці будуць такіх людзей лічыць нуднымі?
Вось што навука кажа пра нуднасць
Даследчыкі часта вывучаюць, як гэта — працаваць на нуднай працы, рабіць нудныя заданні і мець нудныя адносіны, але вельмі мала прац прысвечаныя тэме людзей, якіх бачаць як нудных. Згодна з некаторымі з такіх прац, для «нудных» людзей характэрнае вельмі вузкае кола цікаўнасцей, схільнасць паўтараць адны і тыя ж жарты і гісторыі, пастаянна скардзіцца і мала цікавіцца жыццём іншых.
Псіхолаг Війнанд ван Тылбург вырашыў сістэматызіраваць гэтыя веды і паглядзець, як нашы стэрэатыпы і чаканні іншых людзей уплываюць на тое, ці лічым мы іх нуднымі. Даследчык апытаў 115 чалавек і папрасіў іх скласці спіс рысаў, якія ў іх асацыіруюцца з нуднымі людзьмі. Потым ён звярнуўся да 116 іншых людзей і папрасіў іх ацаніць, наколькі спіс, складзены першай групай рэспандэнтаў, характарызуе стэрэатыпна нуднага чалавека.
Сярод тых характарыстык, якія атрымаў ван Тылбург, асабліва часта сустракаліся наступныя:
- поўная адсутнасць зацікаўленасцей, вельмі вузкае кола зацікаўленасцей ці наяўнасць толькі адной зацікаўленасці,
- няздольнасць быць вясёлым і адсутнасць пачуцця гумару,
- адсутнасць свайго меркавання,
- схільнасць да ныцця і негатыўнага мыслення,
- схільнасць занадта шмат гаварыць і няўменне слухаць суразмоўцу,
- адсутнасць творчых здольнасцей і імкненняў у жыцці.
Самымі нуднымі рэспандэнты ван Тылбурга назвалі прадстаўнікоў амаль усіх прафесій, звязаных з данымі, фінансамі, страхаваннем ці падаткамі. Яшчэ ў зоне рызыкі любыя прафесіі, звязаныя з прыбіраннем ці мыццём, супрацоўнікі гандлю і тыя, хто працуе ў офісе.
Нудныя людзі, як лічаць рэспандэнты ван Тылбурга, любяць сон, шмат вучыцца, глядзець тэлебачанне, хадзіць у царкву ці ўдзельнічаць у іншай дзейнасці, звязанай з рэлігіяй, назіраць за птушкамі і збіраць рэчы накшталт марак, лялек ці манет. А таксама яны атрымліваюць задавальненне ад усяго, звязанага з матэматыкай.
Як іншыя людзі ставяцца да нудных?
Ван Тылбург і яго калегі склалі апісанні людзей, якія мелі тыповыя для «нуднага» чалавека рысы, і прасачылі рэакцыі іншых людзей на гэтыя апісанні. Вынікі паказалі, што такіх людзей іншыя лічаць менш сардэчнымі і кампетэнтнымі, чым больш цікавых асобаў. Што яшчэ горш, іншыя людзі вельмі стараюцца пазбягаць нудных таварышаў. Згодна з адным з эксперыментаў ван Тылбурга, яны нават папрасілі б больш грошай за час, праведзены з кімсьці нудным, чым за час з цікавым чалавекам.
Нават калі вы пазналі сябе ва ўсіх гэтых апісаннях, ёсць падставы для аптымізму. Перш за ўсё, вынікі працы ван Тылбурга — не аксіёма, і пытанне нудоты яшчэ трэба даследаваць (хаця гэта і можа быць нудна).
Акрамя гэтага, ёсць якасці, якія нават самы нудны чалавек можа ў сабе палепшыць. Навучыцеся больш слухаць суразмоўцу, пазітыўна ставіцца да жыцця і не ныць, будзьце больш сціплымі — нават гэтыя рэчы значна палепшаць стаўленне да вас іншых людзей.
«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста
Чытайце таксама:
Названы лёгкі і эфектыўны спосаб падоўжыць жыццё
Як размаўляць з дзецьмі пра ваенныя падзеі? Парады псіхолага
Выбралі самы нудны дзень ХХ стагоддзя





