Генадзь Коршунаў

«Само па сабе паняцце «вайна» ў гістарычнай памяці беларусаў мае рэзка негатыўнае адценне, — кажа Коршунаў. — Для беларусаў усё, што мае ў сваім корані «вайна», — велізарная антыкаштоўнасць».

З аднаго боку, па дадзеных шэрагу даследаванняў, даволі вялікая колькасць беларусаў падтрымліваюць дзеянні Расіі, з другога — вельмі невялікая выступае за беларускі ўдзел у гэтых дзеяннях. На шчасце, пакуль беларусы і не ўдзельнічаюць.

На думку Генадзя Коршунава, праяўленню беларусамі сімпатый да расійскіх дзеянняў шмат у чым спрыяла «змена беларускай інфармацыйнай прасторы пасля 2020 і 2021 гадоў».

«Знікненне некаторых буйных рэсурсаў пацягнула за сабой сыход у свае інфармацыйныя бурбалкі, што прывяло да страты часткі інфармацыйнага суверэнітэту, калі істотная частка беларускай аўдыторыі стала сыходзіць у расійскае інфармацыйнае поле, — адзначае сацыёлаг. —

Па маіх разліках, адсоткаў з 40 беларускага насельніцтва вельмі шчыльна сядзіць на расійскім полі — тэлевізійным, сеткавым, навінным.

Не дзіўна, што людзі ўспрымаюць тое, што адбываецца ва Украіне, праз прызму стэрэатыпаў і перш за ўсё стэрэатыпаў, навязаных жорсткай расійскай прапагандай. Гэта велізарная праблема, яна адбіваецца і на грамадстве як такім, і на прыватным, сямейным узроўні. Адзін член сям'і кажа пра «нацыкаў» і «бандэраўцаў», іншы называе расійскіх удзельнікаў ваенных дзеянняў ва Украіне захопнікамі і акупантамі.

Трэба прызнаць, гэта велізарная праблема — знаходжанне істотнай часткі беларускага грамадства пад расійскім прапагандысцкім уплывам, прычым адносна не толькі таго, што адбываецца ва Украіне, але і ўнутрыбеларускіх падзей».

Што тычыцца таго, як усё гэта паўплывае на беларускае грамадства, то «адназначна не скажа ніхто: сітуацыя вельмі дынамічная, працуе шмат фактараў, можна казаць хутчэй пра сцэнарыі, варыянты».

Адзін з такіх сцэнарыяў — «самакаланізацыя Беларусі, гэта значыць падпарадкаванне Расіі».

«Гэты варыянт я разглядаю як вельмі малаверагодны, таму што нават у ранейшыя часы — мірныя і да ўнутранага крызісу — за жорсткі інтэграцыйны варыянт аж да ўваходжання ў расійскую дзяржаву выступалі 6—7 %, — сказаў Генадзь Коршунаў. — Мяккія варыянты эканамічнай і палітычнай садружнасці з Расіяй набіралі больш. Але ў будучыні і гэты варыянт умацавання сувязяў з Расеяй, думаю, не будзе моцна распаўсюджвацца, бо ўсё больш і больш будзе губляцца ў гэтым сэнс».

На думку сацыёлага, раней прывабныя эканамічныя выгады ад збліжэння з Расіяй будуць дэвальвавацца.

«Разрыў Расіяй сувязяў з Захадам немінуча ўдарыць па эканоміцы. Ужо б'е… Атрымліваецца, застаюцца культурныя сувязі, сямейныя… Але такія сувязі ў беларусаў ёсць і з многімі іншымі краінамі. А цяпер, пасля некалькіх хваляў эміграцыі, 2020, 2021, 2022 гадоў, такіх сувязяў будзе яшчэ больш. Таму на сцэнар самакаланізацыі я б ставак не рабіў менавіта з пункту гледжання масавай свядомасці», — адзначыў Генадзь Коршунаў.

Другі варыянт, па словах сацыёлага, быў найбольш распаўсюджаны і пераважны для беларусаў на працягу апошніх дзесяці—пятнаццаці гадоў. Гэта прыярытэт нейтралітэту: захаванне суверэнітэту, роўнае сяброўскае стаўленне і з Усходам, і з Захадам.

«Але, хутчэй за ўсё, гэтая тэндэнцыя будзе мяняцца, таму што цяпер свет вельмі імкліва, жорстка палярызуецца, і вытрымаць нейкі нейтралітэт паміж Еўропай і Расіяй будзе практычна немагчыма.

І ў сілу гэтага будзе нарастаць значнасць трэцяга сцэнара, праеўрапейскага. Ён будзе звязаны з тым, што адбываецца ва Украіне, а таксама з тым, наколькі беларусы, у тым ліку беларусы замежжа, змогуць прабіваць праломы ў гэтым расійскім прапагандысцкім наратыве, наколькі прыхільнікі рэфармавання Беларусі змогуць фармаваць устойлівыя інстытуты, наколькі прапанаваны парадак будзе даносіцца да масаў, наколькі мадэлі развіцця будуць рабочымі».

Але ці будзе дасягнуты кансэнсус у беларускім грамадстве, або прыхільнікі ўсходняга і еўрапейскага вектараў так і застануцца кожны пры сваім?

«Я б тут звярнуў увагу на два моманты. Цвёрдых прыхільнікаў праеўрапейскай Беларусі даволі шмат. Думаю, больш траціны.

Гэтыя людзі, як і ўсе ў Беларусі, цяпер будуць бамбавацца эканамічным крызісам. Але яны будуць атрымліваць і маральную, і арганізацыйную, і эканамічную падтрымку беларусаў замежжа. Яны зразумеюць, што за імі (не ў першую чаргу, вядома, таму што на першым месцы ў парадку дня Украіна) Еўропа, увесь цывілізаваны свет, — лічыць Генадзь Коршунаў. —

Другая частка — я б сказаў, прыхільнікаў «амаль БССР», жорсткіх яе прыхільнікаў, матываваных, іх у разы менш, адсоткаў з дзесяць.

Яшчэ адсоткаў з дзесяць — гэта тыя, хто падтрымлівае ўсё, што ёсць, яны не разумеюць, як можна інакш: усё працуе, нейкія бонусы ад гэтага атрымліваюць — чаго яшчэ трэба? Ёсць шанец, што менавіта гэтыя людзі могуць змяніцца.

Яшчэ адсоткаў з трыццаць за змены, але не выказваюць сваю пазіцыю. Яшчэ дваццаць адсоткаў — тыя, хто пасярэдзіне. Звычайна кажуць, што тых, каму цяжка адказаць, адсоткаў з сорак. Гэта не зусім так, іх адсоткаў з дваццаць».

«Думаю, у перспектыве нас чакае пераход да таго ці іншага полюса. Хутчэй, да прадэмакратычнага. Але гэта будзе даволі працяглы перыяд. Самыя вялікія праблемы будуць з тымі, каму цяжка адказаць, і прыхільнікамі «амаль БССР». Адсоткаў з дзесяць застануцца непрымірымымі, бо іх пераканаць у адваротным немагчыма.

Але крытычнага падзелу грамадства я не бачу. Ды і перадумоў для сапраўднага супрацьстаяння ў грамадстве не відаць».

Клас
52
Панылы сорам
4
Ха-ха
5
Ого
1
Сумна
5
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру