«Энергетык» страціў першыя ачкі ў бягучым першынстве Беларусі па футболе. Фота: Андрэй Нагорны

Напачатку першынства мазыранам выпала змагацца амаль з усімі топамі мінулага сезона. БАТЭ яны ў дэбютным туры саступілі, а вось «Гомель» пасля перамаглі. Таму сустрэча з бронзавым прызёрам-2021 падначаленых Міхаіла Марціновіча не так ужо і палохала.

Гол Патарочы на 26-й хвіліне ўвогуле дазволіў палешукам паверыць у цуд. Аднак пасля перапынку клас «Дынама» ўсё ж адбіўся: Бакіч, які выйшаў на замену, і Быкаў здабылі перамогу для мінчукоў.

А вось «Энергетык» пасля дзвюх перамог запар з лікам 3:1 нечакана спатыкнуўся ў сустрэчы са «Слуцкам». Пасля гола з пенальці, прапушчанага ў сярэдзіне першага тайма, мінчукі ніяк не маглі знайсці шляхі да брамы суперніка. І толькі дзякуючы высілкам Папарыгі на 66-й хвіліне ўратавалі нічыю. Адзначым, што ўпершыню ў чэмпіянаце не адзначыўся яго лепшы снайпер Абдзіхалікаў.

Суботнюю праграму тура завяршыла сустрэча «Мінска» ды «Тарпеда»-БелАЗа. Жодзінцы перад пачаткам сезона называліся аднымі з яго фаварытаў. Аднак следам за паразамі ад «Энергетыка» ды «Віцебска» зазналі няўдачу і ў змаганні са сталічнымі юнакамі. Адзіны гол забіў Ягор Багамольскі і стаў аўтарам 500-га гола мінчукоў у элітным дывізіёне.

Галоўнаму трэнеру «Тарпеда» Дзмітрыю Молашу, безумоўна, патрэбен час, каб пабудаваць каманду, якую ён толькі ўзімку узначаліў. Аднак ці хопіць цярпення ў амбіцыйнага кіраўніцтва трываць няўдачы — ды яшчэ такія крыўдныя?

Нагадаем, што тур працягнецца ў нядзелю сустрэчамі «Нёман» — «Дынама» (Брэст), «Дняпро» — БАТЭ, «Іслач» — «Шахцёр», а ў панядзелак згуляюць пары «Арсенал» — «Віцебск» ды «Белшына» — «Гомель».

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Банкруцтва клубаў, уцёкі гульцоў. Як дэградаваў беларускі футбол

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?