Рынак у Херсоне

Рынак у Херсоне

Раніцай 24 лютага расійскія танкі і бронетэхніка прабілі ўкраінскую абарону на адміністрацыйнай мяжы з анэксаваным Крымам і рушылі на Херсон. Ужо праз тыдзень абласны цэнтр паў пасля штурму і няроўнага бою паміж нешматлікай мясцовай тэрабаронай і расійскімі вайскоўцамі.

З тых часоў горад кантралююць расійскія войскі.

Праўда, такі статус не задавальняе многіх мясцовых жыхароў, якія некалькі разоў збіралі шматлюдныя мітынгі за Украіну. Апошнія акцыі ў сакавіку расійскія вайскоўцы разагналі сілай: у пратэстоўцаў паляцелі светлашумавыя гранаты, пачалася стральба.

З тых часоў Херсон жыве ў невядомасці. Да гэтага часу на будынку гарадской адміністрацыі лунае ўкраінскі сцяг, у горадзе працуе ўкраінскі мэр Ігар Калыхаеў, але расіяне свабодна гаспадараць тут і запалохваюць мясцовых актывістаў. Частка з іх хаваецца, баючыся рэпрэсій, частка спрабуе прыстасавацца да новых рэалій.

ВВС распытала і тых, і іншых. Імёны герояў зменены дзеля іх бяспекі.

«Страшна цікава»

Уладзімір — жыхар Херсона, яму каля 30 гадоў. Да вайны працаваў у аўтарамонтнай сферы, а цяпер «шукае сябе». З горада не выехаў і пакуль не плануе. Выжываць пры існуючых умовах яму дапамагае «чорны гумар», флегматычны характар і фаталізм — маўляў, будзь, што будзе.

Праўда, і абачлівасці Уладзіміру не займаць. Жыццё ў Херсоне ён апісвае карэспандэнту ў тэлеграм-паведамленнях, якія адразу ж выдаляе.

«Жыццё ў Херсоне пасля прыходу «вызваліцеляў» перайшло ў рэжым «страшна цікава / нічога не зразумела». Першыя дні ўсе сядзелі па дамах, некаторыя, у тым ліку і я, хадзілі і скуплялі прадукты і цыгарэты. Для чаго? Ніхто не ведае, асабліва тыя, хто ў чарзе стаялі. У чэргах часта нават не ведалі, за чым стаяць», — іранізуе ён.

Пасля перыяду чэргаў, па яго словах, у горадзе наступіў перыяд марадзёрства, а затым — перыяд «узаемаразліку»: аддавалі нешта непатрэбнае замест чагосьці патрэбнага. Пасля таго настаў этап стыхійнага гандлю.

Цяпер на рынках можна без праблем купіць свежую гародніну, якую вязуць з паўднёвых раёнаў Херсоншчыны і прадаюць досыць танна.

«Піва, гарэлка таксама ёсць, але ажыятажу на іх няма. Цыгарэты — гэта ўсё! Даходзіла да боек у пунктах з кантрафактным таварам», — дадае ён.

Некаторы час праблемы ў Херсоне былі і з бензінам. У горадзе ён скончыўся ўжо ў пачатку сакавіка, успамінае Уладзімір. Пазней сітуацыю ўдалося выправіць, але шляхам пастаўкі паліва з тэрыторыі анэксаванага Крыма. А вось дызель застаўся ўкраінскі і яго хапае.

Таксама ў горадзе паўстаў дэфіцыт лекаў. Гэта Уладзімір зноў тлумачыць ажыятажам: «У першыя дні нашы людзі скуплялі ўсё, нават клізмы!». Іншая прычына — расіяне блакуюць валанцёрам шляхі паставак лекаў у Херсон.

Увесці ў абарот рублі не спрабуюць

Што тычыцца паводзінаў расійскіх вайскоўцаў, то Уладзімір імкнецца падбіраць словы:

«У асноўным паводзяць сябе адэкватна, з мірнымі жыхарамі размаўляюць спакойна, па горадзе ездзяць, выконваючы правілы дарожнага руху. Але на дэманстрацыях іх цярпенне лопаецца. Былі і затрыманні і раненні, і гранаты».

Расіяне таксама сочаць за выкананнем каменданцкай гадзіны ў горадзе і канфіскуюць машыны ў парушальнікаў. Акрамя таго, яны правяраюць на сваіх блокпастах пашпарты ў мясцовых і звяраюць іх з нейкімі спісамі. Таксама яны не спрабуюць увесці ў абарот рублі, а мяняюць на рынку даляры і закупляюцца за грыўны, кажа мясцовы жыхар.

Зусім іншыя паводзіны ў байцоў з «ДНР», якіх таксама перакінулі ў Херсон, распавядае Уладзімір. Яны часта паводзяць сябе агрэсіўна, дзёрзка і хамяць мясцовым.

Праўда, кажа Уладзімір, і херсонцы сябе пакрыўдзіць не даюць.

«Быў выпадак на рынку. Наш мужчына падарыў ім пахавальны вянок, таму што яны хацелі, каб іх з кветкамі сустракалі. Яны пакрыўдзіліся. Ледзь адбілі ў іх мужчыну нашы бабулі», — распавядае ён.

Уладзімір кажа, што многія херсонцы ўжо выехалі або плануюць гэта зрабіць у бліжэйшы час. Сам ён пакуль у горадзе застаецца, але сітуацыя, па яго словах, «складаная».

У рэжыме небяспекі

Кацярына — маладая дзяўчына, херсонка. Цяпер ёй страшна і трывожна за свой горад. Але ёй зусім не было страшна разам з аднадумцамі выходзіць на мітынгі супраць акупацыі.

Такія акцыі дзяліліся на два тыпы: штодзённыя, на якіх прысутнічалі блізу 100-200 грамадзян, пераважна жыхароў цэнтра горада, і «святочныя», якія адбываліся радзей, але на якіх было некалькі тысяч мітынгоўцаў.

Адзін з мітынгаў у Херсоне

Адзін з мітынгаў у Херсоне

«Першы раз я выйшла на мітынг 13 сакавіка — у Дзень вызвалення Херсона ад фашысцкіх захопнікаў. Было дзесьці 10 тысяч чалавек, яблыку няма дзе было ўпасці. Я ніколі не бачыла столькі людзей на акцыях у нашым горадзе», — успамінае Каця.

Наступная яе акцыя была праз некалькі дзён. Гэта быў штодзённы мітынг, на якім было менш людзей, але менавіта тады расіяне ўжылі супраць іх гранаты і дымавыя шашкі. Кацярына ўспамінае, што разам з мамай яны гулялі ў цэнтры горада і вырашылі далучыцца да мітынгоўцаў.

Калі пачаўся разгон акцыі, яны схаваліся ў завулку побач, за кінатэатрам «Украіна». Праз пару хвілін менавіта туды паляцелі слезацечныя гранаты.

«Гэта было не так страшна, як здаецца. Нібы пярцовым балончыкам у вочы папырскалі», — успамінае яна.

Паводле яе слоў, адзінага арганізатара патрыятычных акцый у Херсоне няма, грамадзяне самі каардынуюцца праз сацсеткі. З'явілася шмат валанцёраў, якія раздаюць украінскую сімволіку або робяць патрыятычны мэйкап ахвотным.

«У гэтыя дні нацыянальная сімволіка стала вельмі матывуючай для мяне. Гімн наш стаў малітвай, а сцяг — шчытом», — кажа Кацярына.

У дачыненні да расійскіх вайскоўцаў, якія прысутнічаюць у горадзе херсонка кажа, што яны ў асноўным размяшчаюцца ля захопленай абладміністрацыі, мясцовай тэлекампаніі і тэлевежы. Менавіта там яна сутыкнулася з імі тварам да твару першы раз.

«Яны былі пад тэлевежай, вельмі шмат іх там стаяла. Мы з мамай, калі там хадзілі, іх пасылалі. Літаральна», — не без гонару дадае дзяўчына.

Рэпрэсіі ў дачыненні да херсонцаў расіяне праводзяць «кропкава», лічыць Каця. Напрыклад, амаль не затрымліваюць звычайных удзельнікаў мітынгаў, але актыўна шукаюць журналістаў, валанцёраў, былых вайскоўцаў і супрацоўнікаў СБУ.

Сведкамі двух такіх затрыманняў ва ўласным доме была і Кацярына. У яе доме калісьці раздавалі кватэры работнікам СБУ, таму ён стаў аб'ектам пільнай увагі расіян.

Аднойчы яна пачула, як у кватэру побач хтосьці спрабуе патрапіць. Там пражывае сям'я былога ўдзельніка АТО: муж, жонка і іх 20-гадовая дачка. Да іх уварваліся расейскія сілавікі.

Мужчыну затрымалі, а ў кватэры правялі ператрус. Маму і дачку расіяне дапыталі, параіўшы перад тым «не баяцца іх».

Наступным затрыманым аказаўся мужчына з суседняга пад'езда. Да палону ён быў вясёлым і жыццярадасным чалавекам, успамінае Каця, а пасля стаў маўклівым, бледным і шэрым.

Па словах Кацярыны, аднойчы расіяне спрабавалі затрымаць яе знаёмую пажылую жанчыну, якая выйшла на свой балкон у чорнай шапцы, каб набраць бульбы. Вайскоўцы РФ падумалі, што гэта мужчына, які за імі шпіёніць, і пачалі штурмаваць кватэру.

«Спачатку яна не адчыняла дзверы, але праз некалькі хвілін перадумала і адкрыла. Вельмі своечасова — на тым баку дзверы яны ўжо прычапілі выбухоўку, каб падарваць яе і пачаць штурм кватэры», — распавядае Каця.

Паводле яе назіранняў, расійскія вайскоўцы, якія знаходзяцца ў Херсоне, сапраўды вераць у тое, што «вызваляюць горад» і нібыта помсцяць Украіне за 8 гадоў Данбаса.

Акрамя таго, яны ўвесь час кажуць, што «Херсон — гэта бедны горад, дзе ўсе наркаманы». І нібыта менавіта яны ходзяць на мітынгі, хоць насамрэч хочуць быць з Расіяй.

«Але гэта зусім не так!» — не стрымлівае эмоцый Кацярына. Яна баіцца, што Крэмль не адмовіўся ад планаў па стварэнні «ХНР».

Па стане на 9 красавіка вядома аб выкраданні ўжо каля 100 мясцовых жыхароў Херсона, іх лёс невядомы.

Прывідная ўлада

У Херсоне няма адназначнай трактоўкі, хто з'яўляецца ўладай у горадзе. З аднаго боку, тут знаходзіцца законна абраны мэр Ігар Калыхаеў са сваёй камандай, працуюць камунальныя службы, муніцыпальная варта і іншыя органы мясцовай улады.

З іншага боку, расійскія вайскоўцы стварылі тут сваю камендатуру, захапілі адміністрацыйныя будынкі і публічна заяўляюць, што «падтрымліваюць правапарадак і бяспеку» ў горадзе.

«Я з імі не камунікую», — кажа Калыхаеў на пытанне аб супрацоўніцтве з расіянамі.

Мэр Ігар Калыхаеў

Мэр Ігар Калыхаеў

Мэр запэўнівае, што свядома застаўся ў горадзе, каб падтрымліваць яго жыццядзейнасць і забяспечваць працу камунальнай інфраструктуры. Паводле яго слоў, цяпер гэтая сфера функцыянуе амаль у поўным аб'ёме.

Таксама ўдалося запусціць анлайн-навучанне ў школах. Мэр запэўнівае, што тут няма такой сітуацыі, як у Мелітопалі, дзе расіяне прымушаюць вучыць украінскіх школьнікаў па праграме РФ. Атрымалася таксама забяспечыць Херсон прадуктамі і патроху вырашаецца пытанне з дастаўкай лекаў.

Публічную заяву дарадцы кіраўніка Офіса прэзідэнта Аляксея Арастовіча, што «расейцы ўжо рыхтуюць Херсон да здачы», мэр успрымае са скепсісам.

«Я пакуль такога не бачу. Бліжэйшыя баявыя дзеянні ідуць у 30-60 км ад горада, гэта значыць не ў яго прыгарадзе. Людзі пачалі больш актыўна выязджаць з Херсона, таму што баяцца пачатку баявых дзеянняў у горадзе. А я са свайго боку распарадзіўся праверыць і падрыхтаваць бамбасховішчы», — кажа ён.

Клас
0
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
15
Абуральна
11