Фота: Le parisien
Па выніках падліку 97% бюлетэняў за Макрона аддалі галасы 27,6% выбаршчыкаў, за Лё Пэн — 23,41%.
Трэцяе месца заняў лідар Левай партыі «Няскорная Францыя» Жан-Люк Меланшон, якога падтрымалі крыху менш за 22%. Правы кандыдат Эрык Земур, які нарабіў шмат шуму, а многія параўноўвалі яго з Дональдам Трампам, набірае ўсяго крыху больш за 7% галасоў; ён ужо заклікаў сваіх выбаршчыкаў галасаваць у другім туры за Лё Пэн.
Марын Лё Пэн у звароце да прыхільнікаў заклікала ўсіх, хто ў першым туры не прагаласаваў за Макрона, галасаваць за яе. Яна заявіла, што будзе «прэзідэнтам усіх французаў».
«Я маю намер, не адкладаючы, зашыць тыя прарэхі, ад якіх пакутуе разарваная Францыя, і з якімі дагэтуль не ўдавалася нічога зрабіць уладам», — заявіла Лё Пэн.
Меланшон заклікаў сваіх прыхільнікаў не галасаваць за правых. «Ніводнага голасу за Лё Пэн!» — сказаў ён, звяртаючыся да сваіх прыхільнікаў.
З падобнымі просьбамі звярнуліся да сваіх прыхільнікаў большасць іншых кандыдатаў. Кандыдат ад кансерватараў Валеры Пекрэс пры гэтым адзначыла, што Лё Пэн «гістарычна была блізкая» да Уладзіміра Пуціна, і такі чалавек не мае права стаць прэзідэнтам.
Галасаваць за Макрона ў другім туры заклікалі таксама мэр Парыжа Ан Ідальго, камуніст Фаб'ен Русэль і кандыдат ад «зялёных» Янік Жадо.
Другі раўнд пройдзе паміж тымі ж самымі кандыдатамі, што і ў 2017 годзе. Тады Макрон набраў каля 66% галасоў, а Лё Пэн — каля 33%.
Пяць гадоў таму Макрон лёгка перамог Лё Пэн, але, хоць ён і працягвае дамінаваць у французскай палітыцы, на гэтых выбарах барацьба будзе больш упартай.
Будучы прэзідэнтам, Макрон правёў шэраг рэформаў, у прыватнасці, спрасціў для кампаній працэс звальнення работнікаў, знізіў падаткі і ўвёў жорсткія законы аб бяспецы для барацьбы з тэрарызмам. Але яму давялося адмовіцца ад прапанаванага падатку на паліва ў 2018 годзе пасля некалькіх тыдняў беспарадкаў «жоўтых камізэлек», нагадвае «Бі-бі-сі».





