«Ведаю людзей, якія не выходзяць з дому з лютага, таму што ходзяць па хатах і спрабуюць мабілізаваць», — распавёў Казанскі ў інтэрв'ю «Настоящему времени». Паводле яго, гэтых людзей наогул ніяк не рыхтуюць да ваенных дзеянняў і амаль не выдаюць ім абарону: «Ні бронекамізэлек, ні касак не хапае, іх гоняць на ўмацаваныя ўкраінскія пазіцыі, і яны адразу гінуць». У выніку, па яго словах, «там велізарныя страты».

Усеагульная мабілізацыя ў «ДНР» і «ЛНР» была абвешчаная 19 лютага, за некалькі дзён да афіцыйнага ўварвання Расіі ва Украіну. Кіраўнік «ДНР» Дзяніс Пушылін у той дзень звярнуўся да ўсіх мужчын, «здольных трымаць у руках зброю», з заклікам абараніць «свае сем'і, Данбас і ўсіх рускіх людзей». Жыхары Луганска і Данецка паведамляюць, што камендатура ў той жа дзень пачала забіраць з вуліц гарадоў мужчын: у іх бралі пашпарты, саджалі ў аўтобусы і везлі на пункты збору.

— Паводле звестак украінскай выведкі, Расія мабілізуе ў Данецкай і Луганскай абласцях у тым ліку работнікаў стратэгічных прадпрыемстваў і нават людзей з інваліднасцю. Ці ёсць у вас пра гэта інфармацыя? Ці праўда, што людзей у Данецку хапаюць проста на вуліцах, адводзяць у ваенкаматы і прымушаюць ваяваць?

— Так, гэта менавіта так, сітуацыя там абсалютна трагічная. Сапраўды ідзе фактычна паляванне на мужчынскае насельніцтва.

Я ведаю людзей, якія хаваюцца, не выходзяць з дому з лютага, сядзяць дзесьці ў кватэрах у сваіх сваякоў. Адзін чалавек сядзіць у склепе практычна ўвесь гэты час. Таму што мала таго, што ходзяць па дамах і спрабуюць мабілізаваць, але нават калі ты не трапішся мабілізацыйнай камандзе, яшчэ і квітнеюць даносы: суседзі, асабліва тыя, у каго ўжо кагосьці забралі, пачынаюць даносіць на тых, хто нейкім чынам схаваўся ад гэтай мабілізацыі, каб тым непанадна было хавацца.

Сітуацыя з мабілізацыяй, вядома, абсалютна дзікая, таму што людзей нават не рыхтуюць да ваенных дзеянняў. Іх проста некалькі дзён дзесьці трымаюць. Бронекамізэлек і касак часцяком не хапае. І адпраўляюць капаць акопы ‒ у лепшым выпадку. У горшым выпадку ‒ адпраўляюць у лабавыя атакі на пазіцыі ўкраінскіх вайскоўцаў. Таму там велізарныя страты.

Я на днях размаўляў з мабілізаванымі палоннымі ‒ жыхарамі АРДЛА (тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей, якія апошнія восем гадоў былі пад кантролем прарасійскіх сепаратыстаў), якіх мабілізавалі. І некаторыя з іх паспелі здацца ў палон. Яны проста мараць паспець здацца ў палон да таго, як іх заб'юць! Але здацца ў палон ‒ гэта таксама не так проста. Бывае, калі ты трапляеш пад артабстрэл, то паспрабуй яшчэ дабяжы да пазіцыі ўкраінскай арміі.

— Вы размаўлялі асабіста з мабілізаванымі ў «ДНР» і «ЛНР»?

 — Я кантактаваў з такімі, якія паспелі ўкраінскім вайскоўцам здацца, з двума студэнтамі. Раней студэнтаў да канца навучання ў «ЛНР» і «ДНР» не мабілізавалі. Але гэтых мабілізавалі літаральна з другога-трэцяга курса і без падрыхтоўкі проста адправілі на вайну. Гэта вельмі маладыя хлопцы. Адзін з іх 2002 года нараджэння, іншы — 2000 года нараджэння. Калі вайна ў 2014 годзе пачыналася, гэта былі яшчэ дзеці, ім было гадоў па 14. І вось цяпер іх мабілізавалі і кінулі ў бой.

І яны распавядаюць, што гэта абсалютна бесчалавечнае абыходжанне. Іх проста як мяса кідаюць на забой. І абсалютна ніхто не лічыцца з гэтымі стратамі. Ніхто не спрабуе іх берагчы.

Расія за сваіх вайскоўцаў дае справаздачу хоць нейкім чынам, і асцерагаецца, што расійскае грамадства будзе незадаволенае, што шмат загінулых, і ім трэба плаціць кампенсацыі па сем мільёнаў рублёў. А вось за мабілізаваных у «ЛНР « і «ДНР», натуральна, ніхто нічога нікому не заплаціць. За іх даваць справаздачу не трэба, яны — гэта неіснуючая шэрая зона, неіснуючая краіна, квазідзяржава. Натуральна, у людзей там няма ніякіх правоў.

— Вам асабіста іх шкада?

— З аднаго боку, гэта праціўнік, і зразумела, што калі ён уступае ў сутыкненне з нашымі вайскоўцамі, то яго знішчаюць. З іншага боку, я шкадую збольшага гэтых людзей. Я разумею, што сітуацыя трагічная, і што вялікая іх частка не хацела ў гэтым удзельнічаць, не хацела ваяваць. Але людзі часцяком проста аказваюцца паміж двух агнёў.

Нават па тых фатаграфіях, па тых даных, якія ёсць у сеціве, мы бачым, што там вельмі шмат загінулых. Гэта ўжо прызнаюць нават прапагандысты, расійскія ваенныя карэспандэнты. Яны пішуць, што сярод мабілізаваных вельмі вялікі працэнт забітых, што яны не выжываюць. Іх гоняць на ўмацаваныя ўкраінскія пазіцыі, і яны адразу гінуць.

Клас
2
Панылы сорам
10
Ха-ха
2
Ого
3
Сумна
23
Абуральна
3