У новым фільме «НН» расійскі палітык, сузаснавальнік Форуму свабоднай Расіі Іван Цютрын выказвае спадзеў аб падзенні пуцінскага рэжыму пасля паразы ў вайне.

«Я спадзяюся, што адбудзецца поўнае перараджэнне расiйскай дзяржавы на іншых прынцыпах. Найперш гэта вяртанне ўсіх акупаваных украінскіх тэрыторый і выплата рэпарацый, аднаўленне за кошт падушкі расiйскіх грошай усёй разбуранай украінскай інфраструктуры».

Пуцін ні за што і ніколі не адмовіцца ад улады, мяркуе расійскі праваабаронца, сябра рады ліквідаванага праваабарончага цэнтра «Мемарыял» Сяргей Давідзіс.

«Ён ніколі не прызнае сваю памылку і сваю паразу.

Ну, вось няма магчымасці заваяваць Украіну — хоць некаторыя эксперты кажуць, што ён здольны прымяніць зброю масавага паражэння для таго, каб пераламаць ход вайны на сваю карысць, і гэтага выключаць таксама нельга. Як гэта кажуць пра пацука, загнанага ў кут? Ён сябе, мне здаецца, успрымае такім пацуком у тым сэнсе, што ён не можа сабе дазволіць пацярпець паразу.

Можа быць, ён абмяжуецца ўключэннем «ДНР», «ЛНР» у склад Расiі, забаронамі ўсяго замежнага, ну бог яго ведае. Ёсць, напэўна, варыянт нейкага абазначэння сімвалічнай перамогі, і трубы прапаганды будуць казаць: мы выйгралі. Яны і цяпер кажуць, што вось, мы завяршылі аперацыю пад Кіевам і Чарнігавам, таму што дасягнулі сваіх мэтаў. І цяпер нарэшце зоймемся Данбасам.

Ці задаволіць гэта яго? Зразумела, што гэта наўрад ці будзе ўспрынята ў поўным сэнсе як перамога, прынамсі часткай грамадства. Сказаць, што яго прагоняць за паразу нейкія там эліты — гэта малаверагодна. Выбудаваная такая канструкцыя, дзе яго немагчыма прагнаць. У выбудаванай сістэме татальнага кантролю, сістэме, у якой вельмі шмат рэсурсаў для таго, каб забяспечыць гэты кантроль, у якой выстаўленыя ўнутраныя процівагі, не ў сэнсе дэмакратыі, а ў сэнсе балансу паміж кланамі і групамі ва ўладзе для таго, каб яны адно аднаго кантралявалі і гарантавалі бяспеку існуючага рэжыму, гэта [адхіленне ад улады] ўяўляецца даволі малаверагодным. Таму ён адпаўзе назад і будзе трэціраваць і прыгнятаць расійскі народ».

«З аднаго боку, мы ўбачылі, на што сапраўды здольная Расія ў сілавым сэнсе, — кажа Максім Трудалюбаў, аглядальнік газет «Ведомости» і The New York Times. — А з іншага, Пуцін дамогся ўстанаўлення яшчэ больш шчыльнага кантролю над грамадствам у самой Расіі і ўжо канчатковай, поўнай сваёй непадкантрольнасці нікому. Гэта значыць, ён толькі перад Богам адказвае ўжо, больш ні перад кім».

Наколькі Беларусь з Расіяй у адной лодцы? Што чакае нашу краіну і Расію пасля заканчэння вайны?

«Баюся, што мы ў адной лодцы, — мяркуе Сяргей Давідзіс. — Баюся, што пакуль існуе пуцінскі рэжым, ён не дасць упасці рэжыму Лукашэнкі і нават у найгоршай сітуацыі рэсурсаў у яго хопіць для таго, каб Лукашэнка мог плаціць сваім сілавікам.

А пакуль гэты рэжым з яго ядзернай зброяй, яго вайсковай магутнасцю, нават аслаблены вайной з Украінай, дазволіць пазбегнуць якога б там ні было вонкавага ўмяшання ў Беларусь, якое, калі б гэтага ядзернага парасона не было, вядома, здарылася б. Урэшце, такія масавыя парушэнні правоў чалавека ў Еўропе непрымальныя. Калі б не пуцінскі рэжым, то суседнія краіны б умяшаліся і спынілі б гэтыя злачынствы супраць чалавечнасці, супраць нормаў гуманітарнага права, якія рабіліся ў Беларусі. Але паколькі гэты ядзерны парасон ёсць, гэтага не здарыцца.

У той меры, у якой будзе стаяць пуцінскі рэжым, у той меры будзе стаяць і рэжым Лукашэнкі».

Калі Лукашэнку ўдасца не паслаць рэгулярныя войскі ва Украіну, то ў выніку гіпатэтычнай мірнай дамовы Беларусі будзе лягчэй, лічыць аглядальнік NYT.

«Расіі будзе горш за ўсіх, гэта відавочна, — кажа Максім Трудалюбаў. — Я лічу, што з боку Захаду яна будзе ізаляваная максімальна, як толькі гэта магчыма, назаўжды. З боку Азіі яна ізаляваная не будзе. Украіна застанецца часткай Захаду, і я амаль упэўнены, што будзе вялікая праграма аднаўлення Украіны, параўнальная з планам Маршала або нават большая.

З тымі тэрыторыямі, якія, магчыма, застануцца пад расійскім кантролем, таксама ўсё будзе кепска, таму што Расія не будзе выдаткоўваць грошы і не будзе нічога аднаўляць, гэта мы проста ведаем з досведу».

Дзмітрый Навоша, беларускі медыяменеджар, сузаснавальнік холдынга Tribuna Digital мяркуе, што ў выніку паразы Расіі ў Беларусі можа з'явіцца шанец на перамены.

«Згортванне атакі Украіны з поўначы азначае, хутчэй за ўсё, няўдзел беларускіх войскаў. Мы ў гэтым месцы можам крыху выдыхнуць. Гэта стварае дадатковыя перадумовы да таго, што калі авантура Пуціна праваліцца (я абсалютна ўпэўнены, што яна праваліцца), у Беларусі будзе іншая роля. Расію будуць усім светам караць. У Беларусі з’явіцца магчымасць, пры большасці насельніцтва, якое патрабуе пераменаў, гэтыя перамены пачаць», — разважае Навоша.

Глядзіце больш — у фільме:

Клас
49
Панылы сорам
8
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
4
Абуральна
4