Харкаў

У горадзе, які руйнуюць расійскія вайскоўцы, пацярпела некалькі дзясяткаў гістарычных пабудоў і храмаў.

Снарад пашкодзіў «Слова» — гістарычны будынак 1920-х гадоў, у якім жылі ўкраінскія пісьменнікі. З 2020 года тут працавалі літаратурныя рэзідэнцыі, праводзіліся мерапрыемствы і кватэрнікі.

Дом «Слова». Фота:@dionisium

Таксама 12 сакавіка расійскія вайскоўцы пашкодзілі Харкаўскі нацыянальны тэатр оперы і балета імя Міколы Лысенкі. А 13 сакавіка ў выніку бамбардзіроўкі пацярпела Харкаўская дзяржаўная навуковая бібліятэка імя Караленкі — адна з найбуйнейшых бібліятэк Украіны і Еўропы, аб'ём фондаў якой складае сем мільёнаў экзэмпляраў выданняў на розных мовах.

Харкаўскі нацыянальны тэатр оперы і балета. Фота: objectiv.tv

Якія архітэктурныя помнікі ёсць у Харкаве?

Губернатарскі палац

Архітэктурная спадчына XVIII стагоддзя. Пабудаваны ён быў па загадзе Кацярыны II. Планавалася, што тут імператрыца будзе спыняцца падчас вандровак. Палац прыняў гаспадыню толькі адзін раз, у 1787 годзе, калі яна ехала з Пецярбурга ў Крым. Губернатарскі палац збудаваны ў стылі, пераходным ад барока да класіцызму.

Цяпер там знаходзіцца галоўны корпус Украінскай інжынерна-педагагічнай акадэміі.

Фота: otkudarodom.ua

Дом з хімерамі

Архітэктурны помнік у стылі мадэрн з элементамі англійскай готыкі. Будынак з больш чым стогадовай гісторыяй можна пазнаць па шэрым фасадзе з белымі містычнымі элементамі. Ён быў пабудаваны ў 1914 годзе для прыватнай гімназіі, якая праіснавала да 1920-га.

У савецкі час там размяшчалася васьмігадовая школа. У 1965 годзе яе закрылі з прычыны непасрэднага суседства з туберкулёзным дыспансерам. Потым да 1973 года ў Доме з хімерамі была размешчаная вячэрняя школа рабочай моладзі, якая з-за аварыйнага стану будынка доўга не пратрымалася. Каля пятнаццаці гадоў будынак пуставаў.

Цяпер у ім знаходзіцца тэатральны факультэт Інстытута мастацтваў імя Івана Катлярэўскага. Дом з хімерамі быў адрэстаўраваны.

Фота: moniacs.kh.ua

Пакроўскі сабор

Каштоўны помнік архітэктуры другой паловы XVII стагоддзя, які быў пабудаваны казакамі. У 1726 годзе яго зрабілі Свята-Пакроўскім мужчынскім манастыром і аб’ядналі з харкаўскім калегіумам, які лічыцца адной з першых вышэйшых навучальных устаноў на Левабярэжжы.

У перыяд з 1799 па 1846 гады Пакроўскі сабор стаў кафедральным. З прыходам да ўлады «саветаў» у 1920-х гадах яго закрылі, і з часам ён амаль цалкам разбурыўся.

Пакроўскі сабор уяўляе сабой украінскую трохкупальную царкву. Вонкавае аздабленне сабора мае элементы рускай архітэктуры, што сведчыць аб сувязі ўкраінскай і рускай культур.

У 1992 годзе сабор вярнулі ў маёмасць Украінскай праваслаўнай царквы.

Фота: wikiway.com

Чарнігаў

З-за пастаянных расійскіх абстрэлаў разбураюцца помнікі старажытнага Чарнігава. Цалкам згарэў храм свяціцеля Феадосія, у падвале якога хаваліся людзі. Быў часткова разбураны маладзёжны цэнтр-тэатр — гістарычны будынак былога кінатэатра, які быў пабудаваны ў 1939 годзе.

Разбурэнні ў Чарнігаве зазналі і музеі. Уначы 11 сакавіка расійскія вайскоўцы разбамбілі будынак Музея ўкраінскіх старажытнасцяў Васіля Тарноўскага, пабудаваны ў канцы XIX стагоддзя. Апошнім часам там знаходзілася Чарнігаўская абласная бібліятэка для юнацтва. Таксама 12 сакавіка расіяне пашкодзілі фасады, вокны і часткова экспазіцыю Ваенна-гістарычнага музея.

Якімі архітэктурнымі збудаваннямі яшчэ знакаміты гэты горад?

Сядзіба Рыгора Глебава

Паводле адной з легенд, дом у выглядзе замка дваранін пабудаваў, каб прыцягнуць да сябе ўвагу францужанкі, з якой ён пазнаёміўся ў Парыжы і якая адмовілася ехаць з ім у Чарнігаў — бо ў Глебава не было замка, як у сапраўднага рыцара.

Сядзіба мае дастаткова складаную асіметрычную планіроўку. Перад будынкам знаходзіцца падковападобная плошча. Побач з сядзібай захаваліся дом садоўніка, лядоўня і карэтнік.

Цяпер у сядзібе Рыгора Глебава размяшчаецца галоўны корпус Навукова-даследчага інстытута сельскагаспадарчай мікрабіялогіі Украінскай акадэміі аграрных навук. А сам будынак з'яўляецца помнікам гісторыі і архітэктуры.

Фота: rest.guru.ua

Траецкі сабор

Быў узведзены ў 1679 годзе па ініцыятыве Лазара Барановіча, вядомага палітычнага і царкоўнага дзеяча. У архітэктурны ансамбль збудавання ўваходзіць маляўнічая званіца, Увядзенская царква і трапезная, якія былі пабудаваныя пры падтрымцы знакамітага ўкраінскага гетмана Івана Мазепы.

У XVII стагоддзі Траецкі сабор па-майстэрску распісалі, але амаль усе шэдэўры гэтага роспісу былі знішчаныя падчас пажару. У XVIII стагоддзі майстры зноў упрыгожылі сабор барочнымі роспісамі.

Да рэвалюцыйных часоў у храме была размешчаная ікона Ільінскай Божай маці, вядомая сваімі цудадзейнымі ўласцівасцямі. Аднак пазней яна была страчаная. 

Фота: chernihiv-sob.church.ua

Чарнігаўскі калегіум

З 1700 па 1776 гады — першая сярэдняя навучальная ўстанова на Левабярэжжы Украіны. Да 1917 года — духоўная семінарыя. Узорам для стварэння была Кіева-Магілянская акадэмія.

Развіццё калегіума фінансаваў гетман Іван Мазепа. Дзякуючы яго дапамозе, у комплексе ўстановы з'явілася арыгінальная барочная званіца. Яе ўпрыгожвае незвычайны арнамент, які здалёку нагадвае дыван. 

Фота: «Вікіпедыя»

Марыупаль

Расіяне абстралялі 12 сакавіка мячэць Сулеймана Пышнага і яго жонкі Раксаланы ў Марыупалі. А 16 сакавіка скінулі бомбу на Марыупальскі драматычны тэатр. У ім хаваліся сотні людзей.

Якія унікальныя помнікі ёсць у Марыупалі?

Гасцініца «Кантыненталь»

Адзін з самых каштоўных архітэктурна-гістарычных помнікаў дарэвалюцыйнага Марыупаля. На пачатку мінулага стагоддзя ён належаў купецкай сям'і італьянскага паходжання па прозвішчы Тамаза. Ні імя архітэктара, ні дакладная дата пабудовы будынка не вядомыя, што, зрэшты, характэрна для большасці марыупальскіх помнікаў.

Гасцініца на працягу ўсяго свайго існавання была самым раскошным месцам дарэвалюцыйнага Марыупаля, дзе гарадская эліта магла праводзіць вольны час. У студзені 1918 года ў ёй засядаў часовы выканаўчы камітэт, і бальшавікі бралі гатэль штурмам.

У постсавецкі перыяд будынак перайшоў з ведамаснай у камунальную ўласнасць і атрымаў назву «Маладзёжны».

Фота: mariupolrada.gov.ua

Воданапорная вежа

Пабудаваная яна была ў 1909 годзе. У 1930-х гадах воданапорная вежа страціла свае першапачатковыя функцыі: у эпоху індустрыялізацыі быў збудаваны новы водаправод і помпавая станцыя. 

Падчас Другой сусветнай вайны вежа была пашкоджаная, капітальнага рамонту дачакалася толькі ў сярэдзіне 1980-х, калі ўзнікла ідэя размясціць у ёй аддзяленне краязнаўчага музея. Ідэя гэтая так і не ажыццявілася, але паступова воданапорная вежа ператварылася ў сімвал Марыупаля.

Фота: Вікіпедыя

Дамы Трагубава

Абраму Трагубаву належала некалькі прадпрыемстваў, а таксама цэлы шэраг прынадных кавалачкаў гарадской нерухомасці.

Пасля рэвалюцыі ўсю яго маёмасць рэквізавалі. У асабняку каля дарогі стаў засядаць павятовы ЧК, а сам купец стаў адным з аб'ектаў яго ўвагі.

У пасляваенны перыяд абодва будынкі дасталіся Міністэрству аховы здароўя і доўга служылі гараджанам у якасці гарадской паліклінікі і станцыі пералівання крыві.

Фота: Іван Станіслаўскі

Сумы

Ракетны ўдар, які адбыўся 2 сакавіка, пашкодзіў у Сумах будынкі пачатку ХХ стагоддзя на тэрыторыі былога артылерыйскага вучылішча.

Якія славутасці ёсць у Сумах?

Аляксандраўская гімназія

Самая старая навучальная ўстанова горада Сумы. Сваю назву гімназія носіць у гонар імператара Аляксандра III, падчас праўлення якога і была адкрытая. Галоўны корпус Аляксандраўскай гімназіі быў узведзены ў стылі класіцызм у 1873 годзе.

Дзякуючы востраканцовым вежкам і зубцам, гэты будынак нагадвае сярэднявечны замак. У гэтым жа стылі пабудаваная лесвіца, якая вядзе на другі паверх галоўнага корпуса, і актавая зала.

Цяпер Аляксандраўская гімназія спецыялізуецца на паглыбленым вывучэнні англійскай мовы.

Фота: Вікіпедыя

Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі

Ён будаваўся на працягу 1900-1911 гадоў па ініцыятыве мясцовай рэлігійнай абшчыны, якая складалася з эмігрантаў-палякаў.

Рымска-каталіцкая абшчына горада аб'ядноўвала выхадцаў з краін Заходняй і Усходняй Еўропы і складалася пераважна з польскіх рамеснікаў, прадпрымальнікаў, інжынераў і тэхнікаў.

У савецкі час памяшканне касцёла выкарыстоўвалася спачатку пад склады, а з 1945 па 1953 гады ў ім размяшчаўся Сумскі абласны краязнаўчы музей. Пазней — спартыўная зала мясцовага педагагічнага інстытута, а пасля — спартзала сярэдняй школы №8. І толькі ў маі 1994 года касцёл быў вернуты вернікам.

Фота: Вікіпедыя

Сядзіба Суханавых-Сумоўскіх

Гэты двухпавярховы будынак палацавага тыпу быў пабудаваны ў 1895 годзе мясцовым мецэнатам і прадпрымальнікам Мікалаем Суханавым. Сям'я Суханавых была найбагацейшай сярод сумскіх купцоў-прамыслоўцаў. 

Галоўны будынак, які праз падземны ход злучаецца з канторай, выкананы ў стылі неарэнесансу. Да 1895 года дом быў абсталяваны апошняй на той час тэхнікай, было нават электрычнае асвятленне.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі сядзібу Суханавых-Сумоўскіх заўважылі бальшавікі. У выніку ў ёй размясціўся Сумскі штаб Чырвонай Арміі. У савецкія гады ў жылым доме размяшчаўся гарадскі камітэт партыі.

Фота: «Вікіпедыя»

Чытайце таксама:

Кантынент Украіна. Падарожжа ў краіну, дзе людзі захоўваюць аптымізм у любой сітуацыі

Японцы, фіны, эстонцы… Хто яшчэ перамагаў «непераможную расійскую армію» за апошнія стагоддзі?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
7
Абуральна
5

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру