У Курскай вобласці «жоўты» ўзровень тэрарыстычнай небяспекі мясцовыя ўлады ўвялі яшчэ ўчора.
Жоўты ўзровень — другі па ўсталяванай шкале. Усяго іх 3: павышаны — сіні, высокі — жоўты і апошні, крытычны — чырвоны. Жоўты ўзровень уводзіцца «пры наяўнасці пацверджанай інфармацыі пра рэальную магчымасць здзяйснення тэрарыстычнага акта».
Сёння да курскіх калегаў далучыліся ўлады Бранскай і Белгарадскай абласцей, увёўшы такія ж самыя абмежаванні і ў сябе. Жыхарам гэтых рэгіёнаў рэкамендавалі звяртаць увагу на незнаёмых людзей і прыпаркаваныя каля дамоў аўтамабілі, устрымацца ад наведвання людных месцаў, а таксама заўсёды насіць з сабой пашпарт.
Акрамя таго, у Белгарадскай вобласці жыхарам забаранілі запускаць петарды, феерверкі і салюты. «Каб не палохаць людзей лішнімі гучнымі гукамі», — растлумачыў кіраўнік рэгіёна Вячаслаў Гладкоў.
Варонежская вобласць і Краснадарскі край не абвяшчалі «жоўтага ўзроўню» на ўсёй сваёй тэрыторыі, але ўвялі абмежаванні ў прымежных да Украіны раёнах. Тое ж самае зрабілі ў паўночных рэгіёнах акупаванага Расіяй Крыма.
Пакуль што не ўводзіла ніякіх абмежаванняў толькі Растоўская вобласць, прылеглая да акупаваных Расіяй з 2014 года раёнаў украінскага Данбаса.





