Ісці ваяваць супраць украінцаў ніхто не збіраўся

Марына і яе муж Аляксей (імёны змененыя па просьбе суразмоўцаў) з Мінска, на радзіме абое працавалі ў IT.

«У жніўні 2021 года мы апынуліся на Акрэсціна. Калі выйшлі, то ўпершыню задумаліся аб пераездзе. Пасля вызвалення хадзілі азіраючыся, знаходзіліся ў пастаянным напружанні. Ішоў час, усё было нармальна, мы зразумелі, што, відаць, нікому не патрэбныя. Жыццё наладзілася», — прызнаецца Марына.

Дзяўчына кажа, што ў лютым гэтага года яны ўжо нават не думалі пра ад'езд.

«У нас былі сябры, якія па палітычных прычынах з'ехалі з Беларусі, яны якраз жылі ў Ірпені. 24 лютага для нас быў вельмі страшны дзень. Мы пастаянна размаўлялі з сябрамі, пакуль яны не з'ехалі з Украіны. За некалькі дзён мы пагаварылі больш, чым за папярэднія паўгода», — успамінае Марына.

Ініцыятарам пераезду быў яе муж.

«Ён сказаў, што паколькі тэхніка ідзе з беларускай тэрыторыі, то, магчыма, увядуць ваеннае становішча, пачнуць прызываць у войска. Ісці ваяваць супраць украінцаў ніхто не збіраўся. Мы адразу вырашылі, што калі такое здарыцца, то сыдзем з дому і будзем партызаніць».

Маладыя людзі адзначаюць, што калі б Беларусь не стала суагрэсарам, то цалкам верагодна, што яны не сталі б нікуды з'язджаць. Фінансавых цяжкасцяў на радзіме сям'я не адчувала.

З'язджаць ці не, муж і жонка абдумвалі на працягу пяці дзён. Пасля чаго адправіліся ў Грузію. Ехалі на аўтобусе нерэгулярнага перавозчыка, які наўпрост вёз людзей з Мінска ў Тбілісі.

«Выехалі ў пятніцу ўвечары, а ў Тбілісі прыехалі толькі ў сераду. У гарах на мяжы сышла лавіна, таму дарога заняла так шмат часу».

Грузія для маладых людзей з'яўляецца краінай для часовага пражывання. Неўзабаве яны паляцяць у Польшчу.

«З-за пераезду муж страціў працу. Я працягваю працаваць там жа. Цяпер наша кампанія ўжо займаецца рэлакейтам сваіх супрацоўнікаў у Польшчу. Такіх, як я, больш за 500 чалавек», — дзеліцца Марына.

Па прыбыцці ў Грузію яны сутыкнуліся з праблемай пры пошуку жылля.

«Нам часта адмаўлялі. Ніхто не хацеў здаваць кватэру на два месяцы. Адзін раз нас нават паслалі следам за расійскім вайсковым караблём. Кватэру на кароткі тэрмін у Тбілісі мы так і не знайшлі, давялося пасяліцца ў ваколіцах Батумі».

Сваёй нерухомасці ў маладых людзей няма. У Беларусі ў іх застаўся аўтамабіль, на які выпісалі генеральную даверанасць і пакінулі бацькам.

Раней наяўнасць дваіх дзяцей і ўласнага жылля адводзіла ўсе думкі аб пераездзе

Аляксей і Людміла (імёны змененыя) да пераезду ў Польшчу жылі ў Гродне. Нягледзячы на палітычную сітуацыю ў краіне, яны не планавалі нікуды пераязджаць.

«У нас двое дзяцей, была стабільная праца. Жонка атрымлівала сярэдні беларускі заробак, а я крыху больш. Агулам на жыццё хапала. Літаральна за месяц да пачатку вайны мы нарэшце скончылі рамонт у кватэры, летам планавалі абнавіць аўтамабіль.

Не магу сказаць, што ўсё, што адбываецца ў краіне, нас задавальняла, але наяўнасць дваіх дзяцей, уласнага жылля і задавальняючых заробкаў адводзіла ўсе думкі аб пераездзе», — прызнаецца суразмоўца.

З пачаткам вайны ва Украіне стаўленне да пераезду ў гэтай сям'і кардынальна змяніліся.

«Убачанае прывяло нас у шок. Спярша мы проста не маглі паверыць, што гэта сапраўды адбываецца. Але самым страшным аказаўся той факт, што напад на Украіну ідзе ў тым ліку з нашай тэрыторыі», — прызнаецца Аляксей.

Рашэнне з'ехаць было прынятае за два дні.

«Калі мы зразумелі, што Беларусь фактычна стала ўдзельнікам вайны на баку Расіі, то ўзніклі асцярогі з нагоды таго, што могуць прызваць на вайну ці па нашай тэрыторыі будуць наносіцца нейкія ўдары. Акрамя таго, адразу стала ясна, што нас чакаюць сур'ёзныя эканамічныя наступствы. Таму, узважыўшы ўсе за і супраць, мы сталі рыхтавацца да пераезду ў Польшчу».

У Аляксея і Людмілы на момант пачатку вайны былі дзейныя візы. Для перасячэння мяжы ім неабходна было толькі знайсці афіцыйную падставу, каб выпусцілі з Беларусі (сям'я выязджала да 3 красавіка).

«Нейкай працы ў Польшчы, натуральна, у нас не было, у гэтым плане, можна сказаць, ехалі ў нікуды. Знайсці жыллё і разабрацца з усімі момантамі дапамаглі сябры, якія ўжо каля трох гадоў жывуць у Варшаве. Грошы, якія адкладвалі на куплю больш дарагой машыны, давялося выдаткаваць на пераезд і аплату арэнды за кватэру разам з дэпазітам. Але нягледзячы на ўсе складанасці, нам тут пакуль падабаецца», распавёў Аляксей.

Цяпер сям'я займаецца пошукам садка і школы для дзяцей і афармленнем дакументаў для падачы на від на жыхарства.

На сям'ю мелі 1500-1600$ у месяц

Трэцяя сям'я перасяленцаў — таксама з Гродна.

«Калісьці мы хацелі з'ехаць у Штаты, спрабавалі выйграць грын-карту, але калі ў нас нарадзілася дзіця, то думкі аб эміграцыі зніклі. Фінансавых праблем апошнія гады тры ў нас не назіралася. Месячны даход на сям'ю складаў каля 1500-1600 даляраў. Гэта нашы з жонкай зарплаты плюс грошы за здачу кватэры, якая мне дасталася ў спадчыну. Гэтай сумы нам цалкам хапала на жыццё і адпачынак за мяжой, — распавядае Максім.

Пачатак вайны ва Украіне для Максіма і яго жонкі стаў шокам.

«У Беларусі ўся ідэалогія будавалася на «абы не было вайны», а тут пачалася сапраўдная вайна. І самае страшнае, што наша краіна аказалася ўцягнутая ў гэты працэс на баку агрэсара. Калі мы ўпершыню ўбачылі, як танкі праязджаюць праз КПП, то спачатку думалі, што гэта нейкая памылка або фэйк. Мы не маглі сабе ўявіць, што з нашай тэрыторыі будуць ісці войскі», — успамінае суразмоўца.

Наступствы, з якімі можа сутыкнуцца краіна, якая паводле міжнароднага права з'яўляецца суагрэсарам, паставілі сям'ю перад выбарам — заставацца і спадзявацца, што ўсё будзе добра, або збіраць рэчы і з'язджаць за мяжу.

«У Польшчы ў мяне ёсць сябры, якія жывуць там не першы год. Хлопцы займаюцца грузаперавозкамі па Еўропе. Яны даўно прапаноўвалі мне пераехаць да іх, каб у іх быў свой лагіст. Але я ўсё аднекваўся, казаў: ну куды я з сям'ёй паеду. Цяпер сябры з радасцю прынялі маю прапанову. Абмеркавалі з жонкай і прынялі рашэнне, што калі і праца адразу ёсць, то можна пераязджаць», — згадвае Максім.

Малады чалавек адзначае, што дзякуючы працы, якая яго чакала на новым месцы, пераезд прайшоў з мінімальным стрэсам.

«Крыху складана было знайсці жыллё — праз вайну попыт значна вырас. Сябры кажуць, што яшчэ месяц таму цэны былі ніжэйшыя, а прапаноў больш. Таго, што мы атрымліваем за здачу кватэры ў Гродна, ледзь хапае на палову арэнды ва Уроцлаве», — прызнаецца Максім.

Малады чалавек адзначае, што калі ўсё будзе ісці па плане, то як мінімум адну з беларускіх кватэр яны выставяць на продаж.

«Калі мы ўжо аформім усе дакументы і жонка знойдзе працу, то можна будзе задумвацца пра тое, каб узяць крэдыт на жыллё. Грошы, атрыманыя за кватэру, якраз спатрэбяцца для першапачатковага ўзносу. Застаецца спадзявацца, што да гэтага часу розніца ў цэнах на жыллё паміж краінамі не стане яшчэ большай».

Чытайце таксама:

«Людзі з'язджаюць з разуменнем, што хутка яны не вернуцца». Псіхолаг пра новую хвалю міграцыі з Беларусі

 Эксперты пра скарачэнне насельніцтва Беларусі на 154 тысячы за два гады: «Гэта далёка не поўныя лічбы»

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру