На мінулым тыдні памежнікі чыгуначнага паста ў Кяне (насупраць Гудагая з літоўскага боку) затрымалі два грузы нелегальных цыгарэт. Больш за 100 000 пачкаў нелегальных цыгарэт было знойдзена ў вагонах з драўнянымі грануламі і вугалем, піша Delfi.lt.

Першы цягнік з драўнянымі грануламі ў Кяну прыехаў у мінулы чацвер. Мытнікі праверылі вагоны і ў першым проста на гранулах знайшлі скрыні з беларускімі цыгарэтамі. Усяго 150 скрынь (75 000 пачкаў) цыгарэт Minsk City, Fest 7 і Fest.

Другі кантрабандны груз быў затрыманы ў ноч з чацвярга на пятніцу. Падчас праверкі цягніка з Беларусі з вугалем пад ім знайшлі закапаныя каробкі з цыгарэтамі — 73 скрынь (36 500 пачкаў) цыгарэт Fest. Вядзецца расследаванне. Кошт абодвух нелегальных грузаў з усімі падаткамі — больш за 400 000 еўра.

Адначасова польскія мытнікі канфіскавалі амаль 700 000 пачкаў беларускіх цыгарэт, схаваных у фуры, якая ехала з Літвы ў Польшчу.

Пры праверцы фуры на польскіх нумарах высветлілася, што за некалькімі драўлянымі палетамі знаходзяцца каробкі з цыгарэтамі. Калі ўважліва паглядзець на фота і відэа, то можна заўважыць, што ў фуры знаходзіліся скрынкі з цыгарэтамі вытворчасці дзяржаўнай фабрыкі «Нёман», сярод іншага можна заўважыць пачкі цыгарэт Minsk.

Кошт кантрабанды з падаткамі ацэньваецца ў больш чым 10 млн злотых (2,3 млн даляраў).

Беларусь — краіна татальнага кантролю над грамадствам, у тым ліку шляхам відэаназірання, таму загрузка цэлых вагонаў цыгарэтамі не можа адбывацца без апекі высокіх структур.

Клас
26
Панылы сорам
0
Ха-ха
9
Ого
4
Сумна
1
Абуральна
0