Эн Эплбаўм

У лютым 1994 года, у вялікай банкетнай зале Гамбургскай ратушы ў Германіі, прэзідэнт Эстоніі выступіў з характэрнай прамовай. Стоячы перад слухачамі ў вячэрнім касцюме, Ленарт Мэры праслаўляў каштоўнасці дэмакратычнага свету, часткай якога Эстонія ў той час імкнулася стаць.

«Свабода кожнага асобнага чалавека, свабода эканомікі і гандлю, а таксама свабода думкі, культуры і навукі непарыўна ўзаемазвязаныя, — сказаў ён гамбургцам. — Яны з'яўляюцца перадумовай жыццяздольнай дэмакратыі».

Ягоная краіна, якая за тры гады да таго вярнула сабе незалежнасць ад Савецкага Саюза, надавала вялікае значэнне гэтым каштоўнасцям: «На працягу дзесяцігоддзяў таталітарнага прыгнёту эстонскі народ ні на імгненне не пераставаў верыць у гэтую свабоду».

Але Мэры таксама з'явіўся, каб перасцерагчы: свабода ў Эстоніі і ва ўсёй Еўропе неўзабаве можа быць пад пагрозай. Расійскі прэзідэнт Барыс Ельцын і яго атачэнне вяртаюцца да мовы імперыялізму, кажучы пра Расію як пра primus inter pares — першую сярод роўных — у былой савецкай імперыі.

У 1994 годзе Масква ўжо была ахопленая рэсентыментам, варожасцю і імперскай настальгіяй. Расійская дзяржава фармавала неліберальнае ўяўленне пра свет і ўжо тады рыхтавалася яго навязваць.

Мэры заклікаў дэмакратычныя краіны перашкодзіць гэтаму: Захад павінен «гранічна выразна даць зразумець расійскаму кіраўніцтву, што яшчэ адна імперыялістычная экспансія не будзе мець ніводнага шанцу».

На гэтых словах віцэ-мэр Санкт-Пецярбурга Уладзімір Пуцін падняўся і выйшаў з залы.

У той момант засцярогі Мэры падзялялі ўсе некалі паняволеныя народы Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, і гэтыя засцярогі былі досыць моцныя, каб пераканаць урады Эстоніі, Польшчы і іншых краін узяць курс на ўступленне ў НАТА.

Іх прынялі, таму што ніхто ў Вашынгтоне, Лондане ці Берліне не верыў, што гэтыя новыя члены маюць вялікае значэнне. Савецкі Саюз спыніў сваё існаванне, віцэ-мэр Санкт-Пецярбурга не лічыўся важнай асобай, і верагоднасць таго, што Эстоніі будзе патрэбна абарона, была выключаная.

Вось чаму ні Біл Клінтан, ні Джордж Буш-малодшы не рабілі асаблівых спробаў узброіць або ўзмацніць новых чальцоў Паўночнаатлантычнага альянсу. Толькі ў 2014 годзе адміністрацыя Абамы нарэшце размясціла нешматлікі вайсковы кантынгент у гэтым рэгіёне — галоўным чынам для таго, каб супакоіць саюзнікаў пасля першага расійскага ўварвання ва Украіну.

Больш ніхто ва ўсім заходнім свеце наогул не адчуваў ніякай пагрозы. Цягам 30 гадоў заходнія нафтавыя і газавыя кампаніі інвеставалі ў Расію, супрацоўнічаючы з расійскімі алігархамі, якія адкрыта раскралі падкантрольныя ім актывы. Заходнія фінансавыя ўстановы таксама мелі прыбытковы бізнэс у РФ: яны стваралі сістэмы, якія дазваляюць тым жа расійскім клептакратам вывозіць скрадзеныя грошы і ананімна размяшчаць іх у заходніх банках або ўкладаць у замежную нерухомасць.

Мы пераканалі сябе, што няма нічога дрэннага ў тым, каб спрыяць узбагачэнню дыктатараў і іх набліжаных. Мы вырашылі, што гандлёвыя адносіны зменяць нашых гандлёвых партнёраў. Багацце прывядзе да лібералізму. Капіталізм прывядзе да дэмакратыі, а дэмакратыя прывядзе да міру.

У рэшце рэшт, такое ўжо здаралася. Пасля катастрофы 1939—1945 гадоў усе еўрапейцы на самай справе дружна адмовіліся ад імперыялістычных войнаў і спробаў захопу тэрыторыі. Яны перасталі марыць аб знішчэнні адзін аднаго. Разам з тым частка свету, у якім пачаліся дзве самыя страшныя вайны з тых, што калі-небудзь бачыў свет, стварыла Еўрапейскі Саюз — арганізацыю, закліканую вырашаць канфлікты шляхам перамоваў і садзейнічаць супрацоўніцтву і гандлю.

Гэтая трансфармацыя Еўропы — і асабліва неверагоднае ператварэнне Германіі з нацысцкай дыктатуры ў рухаючую сілу інтэграцыі і росквіту кантынента — і прымусіла еўрапейцаў і амерыканцаў паверыць у тое, што яны стварылі набор правілаў, якія дазволяць захаваць мір не толькі на ўласных кантынентах, але, урэшце, і на ўсёй планеце.

Доўга, занадта доўга захавальнікі ліберальнага сусветнага парадку не жадалі ўсведамляць перамены. Апорай гэтаму ліберальнаму сусветнаму парадку служыла мантра «Ніколі зноў». Ніколі не будзе генацыду. Ніколі больш буйныя дзяржавы не змогуць сцерці з аблічча зямлі больш дробныя краіны. Ніколі больш мы не трапім на вуду дыктатараў, якія будуць размаўляць на мове масавых забойстваў. Мы будзем ведаць, чым адказаць, пачуўшы падобнае прынамсі ў Еўропе.

Але пакуль мы шчасліва жылі, знаходзячыся ў ілюзіі, што «ніколі зноў» сапраўды нешта значыць, расійскія лідары, уладальнікі самага вялікага ў свеце ядзернага арсенала, аднаўлялі войска і прапагандысцкую машыну, прызначаную для садзейнічання масавым забойствам, а таксама мафіёзную дзяржаву, кантраляваную маленечкай групкай людзей, якая не мае ніякага падабенства да заходняга капіталізму.

Доўга, занадта доўга захавальнікі ліберальнага сусветнага парадку не жадалі ўсведамляць гэтыя змены. Яны глядзелі ў іншы бок, калі Расія «усмиряла» Чачню коштам дзясяткаў тысяч жыццяў. Калі Расія бамбіла школы і бальніцы ў Сірыі, заходнія лідары вырашылі, што гэта не іх праблема. Калі Расія ўпершыню ўварвалася ва Украіну, яны пераканалі сябе ў тым, што можна не хвалявацца: Пуцін, напэўна, задаволіцца анексіяй Крыма. А калі Расія напала на Украіну другі раз, часткова акупаваўшы Данбас, яны не сумняваліся, што яму хопіць здаровага сэнсу спыніцца.

Нават калі расіяне, разбагацеўшы за кошт клептакратыі, якой мы спрыялі, куплялі заходніх палітыкаў, фінансавалі ультраправых экстрэмістаў і праводзілі кампаніі дэзынфармацыі падчас амерыканскіх і еўрапейскіх дэмакратычных выбараў, Амерыка і Еўропа ўсё адно адмаўляліся ўспрымаць іх сур'ёзна. Проста некалькі пастоў у Фэйсбуку, што з таго.

Мы не думалі, што знаходзімся ў стане вайны з Расіяй. Затое мы былі ўпэўненыя, што нам і нашай свабодзе нішто не пагражае, што мы абароненыя пагадненнямі, гарантыямі недатыкальнасці межаў і нормамі ды прынцыпамі ліберальнага сусветнага парадку.

Тое, што гэтая вера з'яўляецца беспадстаўнай, паказала трэцяе, больш жорсткае ўварванне ва Украіну. Расійскі прэзідэнт адкрыта адмовіўся прызнаваць існаванне легітымнай ўкраінскай дзяржавы: «Рускія і ўкраінцы, — заявіў ён, — адзін народ, адно цэлае». Ягоныя войскі наносілі ўдары па мірных жыхарах, бальніцах і школах. Ягоная стратэгія была накіраваная на тое, каб спарадзіць плыні бежанцаў і такім чынам дэстабілізаваць Заходнюю Еўропу.

Тое, што «ніколі зноў» — гэта толькі пусты гук, станавілася відавочным па меры таго, як генацыдальны план увасабляўся на нашых вачах проста ля ўсходняй мяжы Еўрасаюза.

Іншыя аўтакратыі ўважліва назіраюць за тым, што мы зробім у сувязі з гэтым, паколькі Расія — не адзіная дзяржава, якая прэтэндуе на тэрыторыі суседзяў, імкнецца знішчыць цэлыя народы і без сарамлівасці прымяняе масавы гвалт. Паўночная Карэя ў любы момант можа атакаваць Паўднёвую і мае ядзерную зброю, здольную ўразіць Японію. Кітай спрабуе знішчыць уйгураў як асобную этнічную групу і выношвае імперскія планы ў дачыненні да Тайваня.

Мы не можам вярнуцца ў 1994 год і высветліць, як усё склалася б, калі б мы прыслухаліся да перасцярогі Ленарта Мэры. Але мы можам сумленна паглядзець у твар будучыні. Мы можам пералічыць галоўныя праблемы і задачы, якія стаяць перад намі, і падрыхтавацца да іх вырашэння.

Ліберальны сусветны парадак не ўсталёўваецца сам сабой, і правілы існуюць толькі пры ўмове, што хтосьці сочыць за іх выкананнем.

Калі дэмакратыі не абароняць сябе сумеснымі намаганнямі, то сілы аўтакратыі іх знішчаць.

Я спецыяльна выкарыстоўваю слова «сілы» ў множным ліку. Па зразумелых прычынах, многія амерыканскія палітыкі аддалі б перавагу засяродзіцца на шматгадовым сутыкненні з Кітаем.

Але калі Расіяй кіруе Пуцін, Расія таксама вядзе з намі вайну. Гэтак жа як і Беларусь, Паўночная Карэя, Венесуэла, Іран, Нікарагуа, Венгрыя і, не выключана, што яшчэ шмат іншых.

Магчыма, мы не хочам уступаць з імі ў супрацьстаянне, магчыма, нам нават няма да іх справы асаблівай. Але ім ёсць справа да нас. Яны разумеюць, што для іх аўтакратычнай формы кіравання небяспечная мова дэмакратыі, барацьбы з карупцыяй і правасуддзя — і ведаюць, што гэтая мова бярэ пачатак у дэмакратычным свеце, нашым свеце.

Гэтая бітва — не абстрактная. Для яе неабходныя арміі, тактычныя напрацоўкі, зброя і доўгатэрміновыя планы. Яна патрабуе значна больш цеснага саюзніцкага ўзаемадзеяння не толькі ў Еўропе, але і ў краінах Ціхаакіянскага рэгіёна, у Афрыцы і Лацінскай Амерыцы. НАТА трэба пачаць дзейнічаць гэтак жа, як у гады Халоднай вайны, з улікам таго, што прыступ можа адбыцца ў любую хвіліну, а не калісьці ў будучыні.

Рашэнне Германіі павялічыць выдаткі на абарону на 100 мільярдаў еўра — гэта добры пачатак, як і заява Даніі аб планах павялічыць абаронныя выдаткі. Але паглыбленне супрацоўніцтва ў ваеннай і разведвальнай сферах можа запатрабаваць стварэння новых структур — напрыклад, Еўрапейскага легіёна на базе Еўрапейскага саюза, Балтыйскага альянсу, што ўключае Швецыю і Фінляндыю, а таксама пераасэнсаванне таго, якімі павінны быць нашыя інвестыцыі ў еўрапейскую і ціхаакіянскую абарону.

Клас
35
Панылы сорам
1
Ха-ха
Ого
Сумна
2
Абуральна
3

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру