Лука Модрыч суцяшае Хакіма Зіеша. Фота: Uefa.com
Неверагодна, але факт: настаўнік «Рэала» Карла Анчалоці стаў першым трэнерам, што чатыры дзесяцігоддзі запар патрапляў у паўфінал Лігі чэмпіёнаў.
Сёлета апынуцца там падавалася справай простай, бо тыдзень таму ягоныя падначаленыя перамаглі «Чэлсі» 3:1. Дома заставалася проста захаваць перавагу ды пераадолець запаветны бар'ер.
Аднак Маунт, Рудзігер ды Вернер на «Санцьяга Бернабеа» перакулілі сітуацыю з ног на галаву. Тры трапныя стрэлы зрабілі англічан гаспадарамі становішча ды справакавалі шэраг сардэчных прыступаў у іспанскіх фанаў.
Трапны стрэл Ціма Вернера. Фота: Uefa.com
«Рэал» выратаваў Радрыга, які за 10 хвілін да заканчэння асноўнага часу скарыстаўся пасам-цудам ад Модрыча ды перавёў матч у овертайм. Там жа пераможны для Мадрыда гол аформіў Карым Бензема.
Як вынік, «Рэал» дзявяты раз за гісторыю выбіў з розыгрышу паўнамоцнага валадара трафея.
«Чэлсі» ж можа крыўдаваць не толькі на лёс, але і на брыгаду арбітраў, якая па ходу гульні адмяніла трапны стрэл Маркаса Алонса.
Роберт Левандоўскі не здолеў уратаваць «Баварыю». Фота: Uefa.com
Спыніла барацьбу за трафей і мюнхенская «Баварыя». Каманда Юліяна Нагельсмана здолела адзначыцца хуткім мячом, дзякуючы высілкам Роберта Левандоўскага.
Аднак на 88-й хвіліне трапны стрэл Чуквуэзе аднавіў раўнавагу. Паколькі ж сустрэча ў Іспаніі скончылася перавагай «Вільярэала» 1:0, у паўфінал патрапіў клуб з горада ў 50 тысяч чалавек.
Адзначым, што за сумарныя 180 хвілін супрацьстаяння каманда Унаі Эмеры толькі двойчы прабіла ў створ супернікаў. І абодва гэтыя ўдары аказаліся галявымі. Тады як сам настаўнік упершыню ў кар'еры патрапіў у паўфінал Лігі чэмпіёнаў.
Дадамо, што ў 1/2 турніра «Вільярэал» згуляе супраць пераможцы пары «Ліверпуль» — «Бенфіка», а «Рэал» пазмагаецца супраць мацнейшага ў тандэме «Манчэстэр Сіці» — «Атлетыка».
«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста
«Рэал» упершыню ў гісторыі перамог «Чэлсі», «Вільярэал» сенсацыйна збіў «Баварыю». Вынікі матчаў серады ў Лізе чэмпіёнаў





