У Асіповічах з падазрэннем на грып A/H1N1 шпіталізаваныя яшчэ пяцёра дзяцей, паведаміла БелаПАН намеснік галоўнага ўрача Асіповіцкай цэнтральнай раённай бальніцы Ірына Іўчык.
Пры гэтым яна падкрэсліла, што дыягназ «грып A/H1N1» у іх лабараторна яшчэ не пацверджаны.
У гэтай бальніцы працягваюць знаходзіцца трое дзяцей, у якіх дыягназ «грып A/H1N1» быў пацверджаны на мінулым тыдні. Стан іх здароўя намеснік галоўнага ўрача ацаніла як «здавальняючы». Двух дзяцей, паводле яе слоў, сёння выпішуць дадому.
Іўчык падкрэсліла, што грып A/H1N1 «лечыцца як звычайны, сезонны», і для гэтага ў бальніцы ёсць усе неабходныя медыкаменты.
Хворыя дзеці на мінулым тыдні вярнуліся з Вялікабрытаніі, дзе знаходзіліся на аздараўленні ў складзе арганізаванай групы.
У адпаведнасці з загадам Міністэрства аховы здароўя Беларусі, дзеці, якія вяртаюцца пасля арганізаванага аздараўлення ў краінах неспрыяльных па грыпе A(H1N1), будуць праходзіць тыднёвы каранцін. Цяпер да такіх краін аднесеныя Італія, Вялікабрытанія, Германія, Іспанія, Ірландыя, Бельгія і Аўстрыя. На каранціне будуць знаходзіцца больш як 13 тыс. дзяцей, якія цяпер адпачываюць за мяжой і вяртаюцца ў Беларусь у перыяд з 23 жніўня па 1 верасня.
Прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя заклікаюць грамадзян звяртацца да ўрачоў пры выяўленні першых прыкметаў грыпу: галаўныя і мышачныя болі, ваніты, расстройства страўнікава‑кішэчнага тракту, ламота ў суставах.
На гэты момант у Беларусі лабараторна пацверджаны чатыры выпадкі грыпу А(Н1N1). Першы факт заражэння вірусам грыпу А(Н1N1) быў зафіксаваны ў аспіранта БДУ, грамадзяніна Кітая, які вярнуўся ў Беларусь з КНР 10 жніўня пасля вакацый. 21 жніўня ён выпісаўся з Мінскай гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы.





