Прэзэнтацыя сумеснага праекту інтэрнэт‑парталу «Тузін Гітоў» і грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі» адбудзецца на радыё і ў інтэрнэце ў апошнія жнівеньскія дні. Усе 12 песень пабачаць сьвет і на CD‑складанцы.

Арганізатары праекту заяўляюць, што яго вынікі пераўзыйшлі ўсе чаканьні, а шэраг выканаўцаў маюць намер і надалей працягнуць моўны экспэрымэнт.

Чатыры месяцы дванаццаць самых цікавых айчынных небеларускамоўных выканаўцаў працавалі разам зь беларускімі літаратарамі над новым гучаньнем сваіх вядомых песень. У выніку выйшла 12 абсалютна новых гітоў, перазапісаных на беларускай мове. Для большасьці ўдзельнікаў праекту — гэта быў першы падобны досьвед працы, які натхніў іх на далейшую беларускамоўную творчасьць. Так, гурт Da Vinci адразу пасьля запісу сваёй песьні «Каханьне ня ўзьнікла» працягнуў супрацоўніцтва з паэтам Алесем Камоцкім і працуе ўжо над другім беларускамоўным трэкам. Праект Tanin Jazz шукае цяпер аўтара, які здолеў бы для іх пісаць беларускіх тэксты, а сьпявачка Дакота вырашыла надалей абыходзіцца безь перакладчыка і стварыла некалькі песень па‑беларуску, якія ўвойдуць у яе будучы альбом. «Лічу беларускую роднай мовай і мне сьмешна, калі чую, што я расейская сьпявачка», — сказала яна пасьля запісу песьні «Запалкі».

Праўда, ня ўсе выканаўцы «перазагрузіліся» з такой лёгкасьцю. Гурт «Сердце дурака» не прыняў пераклад сваёй песьні «Пропасть», але затое напісаў першую ўласную кампазыцыю па‑беларуску якраз на тэму дзьвюхмоўя ў Беларусі. А Юры Дземідовіч пры запісе сваёй песьні не наважыўся засьпяваць пра «чароўнага трусіка», пакінуўшы ў прыпеве слова «кролік». «Зусім не ляжыць у мяне душа да гэтага «трусіка», не звыкся я да гэтага слова», — патлумачыў 13‑гадовы сьпявак.

Арганізатары праекту засталіся цалкам задаволенымі яго вынікамі. «Праект нават пераўзыйшоў нашы чаканьні, — кажа рэдактар парталу «Тузін Гітоў» Сяргей Будкін. — Выканаўцы настолькі па‑творчаму падыйшлі да справы, што стварылі ня проста беларускія вэрсіі сваіх старых песень, а абсалютна новыя непаўторныя ды арыгінальныя творы». «Адбылося галоўнае — расейскамоўныя творцы пагрузіліся ў беларускі сьвет, а гэта сьведчыць пра безумоўную пэрспектыўнасьць нашай культуры», — зазначыла каардынатар кампаніі «Будзьма» Алена Макоўская.

Прэзэнтацыя праекту «Тузін. Перазагрузка» адбудзецца на радыё Рацыя (98,1 FM у Беластоку і Заходняй Беларусі, он‑лайн www.racyja.com) у цыкле праграмаў ад 24 жніўня ў 10.45 і 18.45.

Песьні з праекту прагучаць і на радыё Unistar (99,5 FM у Менску, 102,3 FM у Берасьце) у межах праграмы «Новая зямля» (шточацьвер а 23‑ай гадзіне).

Прэм’ера песень у сеціве — ад 31 жніўня штодня на старонках парталаў Тузін Гітоў і budzma.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0