З 25 жніўня па 10 верасня ўпраўленне Дзяржаўтаінспекцыі МУС Беларусі праводзіць па ўсёй краіне спецыяльныя комплексныя мерапрыемствы «Увага — дзеці!».

Іх мэта — прафілактыка дарожна‑транспартных здарэнняў з удзелам маленькіх пасажыраў, пешаходаў і веласіпедыстаў, прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблемы гібелі і траўмавання дзяцей на дарогах.

Як паведамілі БелаПАН ва УДАІ МУС, у 2009 годзе ў Беларусі па стане на 23 жніўня ў выніку ДТЗ загінулі 27 і траўмаваныя 395 дзяцей. Гэта менш, чым на аналагічную дату ў 2008 годзе.

Падчас спецыяльных мерапрыемстваў арганізуюцца выступленні інспектараў ДАІ ва ўстановах адукацыі, а таксама дзяжурствы бацькоў вучняў з супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі ў месцах інтэнсіўнага руху школьнікаў праз праезную частку. Каля дзіцячых садкоў, школ, гімназій і ліцэяў будзе працаваць патрульны транспарт ДАІ, абсталяваны ўстаноўкамі‑гучнагаварыцелямі. Праз іх супрацоўнікі міліцыі будуць даваць рэкамендацыі па бяспечных паводзінах дзяцей на вуліцах. Апрача таго, па ўсёй краіне патруляванне аўтадарог будзе ажыццяўляцца ва ўзмоцненым рэжыме.

Падчас прафілактычных мерапрыемстваў ДАІ рэкамендуе вадзіцелям рухацца з уключаным святлом фар.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?