20 гадоў таму камуністы аддалі ўладу амаль ва ўсіх былых краінах гэтак званага сацлагеру. І першай стала Польшча. Піша Ян Максімюк у сваім блогу на радыё «Свабода».
24 жніўня 1989 году польскі парлямэнт зацьвердзіў першага апазыцыйнага прэм’ер‑міністра ў гісторыі ня толькі Польскай Народнай Рэспублікі, але і ўсяго сацлягеру. Ім стаў Тадэвуш Мазавецкі.
Перад пагрозай «братняй дапамогі»…
У жніўні 1989 году згаданаму сацлягеру заставалася ўсяго некалькі месяцаў жыцьця. Але ніхто тады яшчэ пра гэта ня ведаў. Ня ведалі і ў Польшчы.
Мне прыгадваецца ўласная аслупянеласьць, калі Мазавецкі выступаў з праграмнай прамовай ў Сойме. Гэта было падобнае хутчэй на нейкі галівудзкі баявік з гатунку political fiction, чым на сапраўднасьць. Тым ня менш, гэта была сапраўднасьць. Людзі гэтага хацелі, але адначасова і баяліся.
Чаго баяліся?
Факты гісторыі застаюцца запісанымі на паперы або кінастужцы. І яны не забываюцца. А вось даволі хутка забываюцца кантэкст і атмасфэра, у якіх гістарычныя факты адбываюцца.
У жніўні 1989 году у Польшчы ўсё яшчэ знаходзілася магутная групоўка савецкіх войскаў. На пытаньне, ці СССР быў тады здольны на акцыю, якая павярнула б бег падзеяў у Польшчы і ў іншых сацыялістычных краінах назад, наўрад ці сёньня нехта ў змозе аўтарытэтна адказаць. Але тады ў Польшчы ўсе моцна баяліся савецкага ўмяшаньня.
Прывяду адно красамоўнае сьведчаньне. У жніўні 1989 году палітбюро Румынскай кампартыі паслала польскім камуністам і ўсім іншым «братнім партыям» вострую крытыку «згодніцкай» пазыцыі польскіх таварышаў у адносінах да «Салідарнасьці». Паводле традыцыі сацлягеру, падобная «братняя» заклапочанасьць на паперы папярэднічала «братняй дапамозе», якая прыяжджала на танках — у Вугоршчыну 1956 году і Чэхаславаччыну 1968 году. Ацэньваючы падзеі 1989 году, вядомы польскі палітык і гісторык Браніслаў Герэмэк сказаў у адным інтэрвію, што тая крытыка «румынскіх таварышаў» была ўспрынятая «Салідарнасьцю» з сапраўдным жахам.
Таму што за ёю маячылі «братнія танкі».
Інакш кажучы,
трэба аддаць належнае лідэру «Салідарнасьці» Леху Валэнсу, які прыняў гістарычнае рашэньне стварыць першы некамуністычны ўрад у краіне, якая была камуністычнай як па сацыяльна‑эканамічным, так і палітычным укладзе жыцьця, і мела пад бокам Савецкі Саюз.
…але зь ветрам гісторыі ў плечы
Урад Мазавецкага стварыўся пасьля пераломных выбараў 4 чэрвеня 1989 году, у якіх «Салідарнасьць» здабыла ўсе, якія магла, месцы ў Сойме і 99 мандатаў у 100‑мандатным Сэнаце. Камуністы з Польскай аб’яднанай рабочай партыі, разам з дзьвюма партыямі‑сатэлітамі, — адной «інтэлігенцкай» і другой «сялянскай» — мелі ў Сойме большасьць, але генэралу міліцыі Чэславу Кішчаку, які перамаўляўся з «салідарнікамі» за гэтак званым «круглым сталом» у першай палове 1989, не ўдалося стварыць пракамуністычнага ўраду. Проста грамадзкі кантэкст і атмасфэра ў Польшчы пасьля перамогі «Салідарнасьці» ў чэрвені былі ўжо ня тыя.
Людзі чакалі палітычных пераменаў. І Валэнса на хвалі гэтага чаканьня перацягнуў камуністычных сатэлітаў на свой бок і разам зь імі стварыў кааліцыйны ўрад Мазавецкага.
Цікава, што сам Мазавецкі ажно да апошняга моманту супрацівіўся ідэі, каб «Салідарнасьць» брала ўладу ў 1989 годзе.
Але 17 жніўня Валэнса сказаў Мазавецкаму: «Пане Тадэвушу, вы будзеце прэм’ер‑міністрам». Як сьцьвярджаюць відавочцы, Мазавецкаму заняло мову. Але дыскутаваць з Валэнсам ён ня стаў.
Апошнія палітычныя пагадненьні адносна ўраду Мазавецкага былі прынятыя 23 жніўня 1989 году, у 50‑я ўгодкі пакту Рыбэнтропа‑Молатава, які на пяць з паловай гадоў выкрасьліў Польшчу з мапы сьвету. Гэта таксама, з пэрспэктывы мінулага часу, займела для палякаў сваё сымбалічнае значэньне.
Экспэрты наогул згодна сьцьвярджаюць, што
Мазавецкі, які не хацеў браць улады, быў найлепшым прэм’ер‑міністрам у 20‑гадовай гісторыі пасьлякамуністычнай Польшчы.Ён усталяваў дэмакратычныя працэдуры ў палітычным жыцьці краіны, правёў радыкальную эканамічную рэформу ў бок вольнага рынку (гэтак званы «плян Бальцэровіча») і вёў сувэрэнную замежную палітыку. Асабіста як палітык Мазавецкі ўстанавіў высокі і ўсімі прызнаны маральны стандарт.
Варта згадваць гэты польскі шлях кожны раз, калі ў розных краінах будуць адзначаць угодкі ці то «аксамітнай рэвалюцыі», ці то падзеньня «бэрлінскага муру».
Палякі, усё ж, былі першыя. І правялі сваю гістарычную трансфармацыю спакойна, без адзінага стрэлу.Чаго і ўсім іншым, якія такой трансфармацыі чакаюць і «ня хочуць вайны», жадаем.