25 жніўня суд Чыгуначнага раёна Гомеля прызнаў вінаватай медсястру гомельскага абласнога Дома дзіцяці ў траўмаванні адной з паўтарагадовых сясцёр‑блізніцаў і смерці другой і прыгаварыў яе да сямі гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. У сувязі з законам аб амністыі тэрмін пакарання ёй зменшаны на адзін год.

Медработнік прызнана вінаватай у неналежным выкананні службовых абавязкаў, у выніку чаго мела месца смерць дзіцяці (ч.2 арт.165 КК), і ў нанясенні цяжкіх цялесных пашкоджанняў заведама малалетняму (ч.2 арт.147 КК).

Абвінавачаную ўзялі пад варту ў зале суда.

Суд пастанавіў таксама яе дзіця, 5‑гадовага хлопчыка, перадаць органам апекі аддзела адукацыі.

Перад абвяшчэннем прыгавору медсястра ў апошнім слове заявіла, што «вельмі раскайваецца ў тым, што здарылася». «Мне вельмі‑вельмі шкада, у мяне ёсць сваё дзіця, якога я люблю. Гэтых дзяцей я таксама любіла», — сказала яна.

Як паведамлялася раней, паўтарагадовая выхаванка Дома дзіцяці памерла 16 сакавіка па дарозе ў бальніцу. Яе сястра‑блізніца была дастаўлена ў рэанімацыю і прааперыравана. У гэты ж дзень па падазрэнні ва ўчыненні злачынства была затрымана медработнік установы, якая прызнала, што ўдарыла адно дзіця, а другое «недагледзела». Да суда абвінавачаная знаходзілася пад дамашнім арыштам. Экспертыза паказала,

што адной з дзяўчынак, якая выжыла, была нанесена тупая траўма жывата, што стала прычынай разрыву печані і ўнутранага кровацёку. Таксама ў дзіцяці былі выяўлены крывападцёкі на твары, грудной клетцы, руцэ і назе рознай даўнасці. Было таксама ўстаноўлена, што яе сястра памерла ад разрыву печані і кровацёку. На целе загінулага дзіцяці былі таксама выяўлены крывападцёкі.

Падчас суда абвінавачаная заявіла, што траўмаваная дзяўчынка сама ўдарылася аб вугал ложыка, аднак дадатковая экспертыза не пацвердзіла гэта. Эксперты лічаць, што такая траўма дзіцяці магла быць нанесена ўдарам кулака ў жывот. У выніку дзяржабвінаваўца заявіў, што віна медсястры, якая абвінавачваецца ў смерці і траўмаванні паўтарагадовых сясцёр‑блізніцаў, выхаванак Гомельскага абласнога Дома дзіцяці, поўнасцю даказана.

Як зазначыў адвакат абвінавачанай, ён згодны з абвінавачаннем яго падабароннай у тым, што яна «неналежным чынам выконвала свае абавязкі, і гэта мела вынікам смерць малалетняга». Разам з тым адвакат прасіў суд перакваліфікаваць артыкул 147 (наўмыснае нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў) на артыкул 155 (нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў па неасцярожнасці). Сваё меркаванне ён матываваў тым, што дакладна не даказана, што дзяўчынка была траўмаваная медсястрой, а не ўдарылася аб вугал ложка сама. У сувязі з тым, што яго падабаронная раней не судзімая, выхоўвае малалетняе дзіця, адвакат папрасіў для яе пакаранне ў выглядзе абмежавання волі. Аднак высновы адваката не былі ўзятыя пад увагу.

Алена Германовіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0