Уладзю Арлову, як найпрыязьней.
Фота Юліі Дарашкевіч.
Do you understand, my darling? Terviseks!*
У. Арлоў. Талінская галубка
- Сяджу за лэптопам на вуліцы М.,
Пішу папулярную кнігу паэм,
Як раптам стук‑стук! Гэта голуб за шклом
Ня вельмі прыстойна махае крылом.
- Крышу яму ў фортачку ўчорашні кекс,
А ён па‑эстонску крычыць: «тэрвісэкс!»,
Бы птушцы сваёй прапануе інтым
Ці вымавіць хоча: «Давай паляцім!
- На Вільню! На Готланд! На Капры! На Кіпр!
Туды, дзе напішацца новы вэрлібр,
Дзе фаўна галубак — для файнага сну,
Дзе Горкаму Ленін сушыў прасьціну,
- Дзе ты сваю пляшку сухога віна,
Як мэліяратар, асушыш да дна,
А хтось, не здаволены добрым віном,
Крывавую мэры б хлябтаў пад акном…
- Хай дыхаюць пылам чужыя тамы.
Арлоў, мы — ня вязьні, а вязьні — ня мы!
Мы — вольныя птушкі! Пара, брат, пара!
Усё, што раней, — толькі спроба пяра…
* * *
Сёння, 25 жніўня, пісьменніку Уладзіміру Арлову споўнілася 56 гадоў (нар. у 1953 у Полацку).
Рэдакцыя НН далучаецца да віншаванняў Уладзіміру Аляксеевічу.
* «Вітаю» (эст.)
0
0
0
0
0
0