На развітанні прысутнічалі міністр абароны Леанід Мальцаў, камандуючыя вайскова-паветранымі сіламі Беларусі і Польшчы, прадстаўнікі мясцовай улады. Фотарэпартаж Юліі Дарашкевіч.

2 і 3 верасня ў Баранавічах - жалоба. Усе размешчаныя на флагштоках дзяржаўныя сцягі і сцягі ВПС прыспушчаны, многія сцягі на будынках маюць чорныя стужкі.

Сёлета беларуская вайсковая авіяцыя ўпершыню ўдзельнічала ў авіяшоу ў Радаме — найбуйнейшым у Польшчы. На стаянцы дэманстраваліся франтавы бамбавік Су-24М 116-й гвардзейскай Радамскай Чырванасцяжнай бамбардзіровачна-разведвальнай авіяцыйнай базы (Рось, Гродзенская вобласць) і транспартны самалёт Іл-76МД 50-й змяшанай авіяцыйнай ордэна Чырвонай Зоркі базы (Мачулішчы, Мінскі раён).

Шматфункцыянальны знішчальнік Су-27УБМ-1 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы (Баранавічы, Брэсцкая вобласць) пад кіраўніцтвам Марфіцкага і Жураўлевіча павінен быў ажыццявіць дэманстрацыйны палёт, ён практычна замыкаў паказальную праграму.

Праз некалькі гадзін пасля катастрофы начальнік прэс-службы Міністэрства абароны Беларусі Вячаслаў Раменчык абвясціў папярэднія версію падзей і прычыну аварыі, якія да гэтага часу з’яўляюцца адзінымі афіцыйнымі ў Беларусі.

Паводле слоў Раменчыка, падчас выканання фігур вышэйшага пілатажу знішчальнік пачаў губляць вышыню. Пілоты прынялі рашэнне не катапультавацца, а адвесці самалёт на максімальна магчымую адлегласць ад населенага пункта. Такім чынам, цаной свайго жыцця беларусы прадухілілі больш цяжкія наступствы катастрофы. Прычынай аварыі магло стаць траплянне птушкі ў паветразаборнік рухавіка знішчальніка.

Пазней СМІ назвалі яшчэ некалькі верагодных прычын катастрофы Су-27УБМ-1. Сярод іх — памылка пілотаў пры выкананні фігуры вышэйшага пілатажу на невялікай вышыні, страта прытомнасці адным з лётчыкаў, а таксама «пірацкая» мадэрнізацыя знішчальніка.

Што да версіі аб памылцы пілотаў, то трэба адзначыць: загінулыя мелі найвышэйшую прафесійную кваліфікацыю — лётчык-снайпер. Такіх спецыялістаў у беларускай вайсковай авіяцыі па стане на 30 жніўня налічвалася ўсяго 20 чалавек.

30 жніўня для расследавання прычын авіякатастрофы была створана беларуска-польская камісія. Беларуская вайсковая пракуратура (БВП) распачала справу на падставе ч. 2 арт. 465 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правілаў палётаў або падрыхтоўкі да іх, што пацягнула па неасцярожнасці смерць дзвюх ці больш асоб). Прадстаўнік БВП працуе ў складзе змяшанай камісіі.

У склад групы ўключаны таксама спецыяліст страхавой кампаніі «Прамтрансінвест», якая 24 жніўня заключыла з Баранавіцкай знішчальнай авіябазай тры дамовы. Першая — дамова добраахвотнага страхавання паветранага судна на страхавую суму 870 тыс. долараў ЗША. Згодна з дакументам, самалёт Су-27УБМ-1 1989 года выпуску належаў Міністэрству абароны, эксплуатаваўся вайсковай часцю 54804.

Другая — дамова добраахвотнага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў паветраных суднаў з лімітам адказнасці перад трэцімі асобамі ў 1 млн. долараў ЗША.

Трэцяя — дамова добраахвотнага страхавання ад няшчасных выпадкаў (лётна-пад'ёмны склад) на страхавую суму 60 тыс. долараў ЗША (па 30 тыс. долараў ЗША на кожную застрахаваную асобу).

Аляксандр Марфіцкі нарадзіўся 16 мая 1956 года ў пасёлку Багушэўск Сенненскага раёна Віцебскай вобласці. У 1978 годзе скончыў Харкаўскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў, у 1987 годзе — Ваенна-паветраную акадэмію імя Гагарына, у 2002 годзе — Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Беларусі. Апошняя пасада — намеснік камандуючага Заходнім аператыўна-тактычным камандаваннем ВПС і войскаў СПА. Раней камандаваў 61-й знішчальнай авіяцыйнай базай у Баранавічах. Налёт — прыблізна 2,5 тыс. гадзін.

Аляксандр Жураўлевіч нарадзіўся 28 мая 1963 года ў вёсцы Крэмава Міхайлаўскага раёна Прыморскага края Расіі. Адукацыя — Чарнігаўскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў (1984 год). Апошняя пасада — намеснік камандзіра 61-й знішчальнай авіябазы. Налёт — больш за 1,6 тыс. гадзін.

Абодва пілоты жылі ў Баранавічах. У Аляксандра Жураўлевіча засталіся дачка і жонка, у Аляксандра Марфіцкага — жонка і дзве дачкі.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0