Аслеплы пасля аўтакатастрофы рэжысёр (Луіс Амар) узгадвае мінулае — і фільм, у якім здымалася ягоная каханка Лена (Пенелопа Круз). Прадусар карціны — багаты палюбоўнік Лены сачыў за героямі, пераследаваў іх і планаваў помсту. Тайны мінулага раскрываюцца, новыя сваякі знаходзяцца, пачуцці ўзгадваюцца й аднаўляюцца, кіно — з’яўляецца.
Раннні Педра Альмадовар шакаваў публіку постмадэрнісцкімі фарбамі, шальнымі транссэксуаламі і дзікімі любоўнымі шматвугольнікамі. Позні Альмадовар, якога многія лічаць стомленым, мудры й удумлівы. Ён пераводзіць самыя мыльнадрамныя сюжэты ў высокую трагедыю, прасякнутую спачуваннем і цеплынёй жыцця.
Ад ранняга Альмадовара — чырвоныя памідоры, барвовыя сукенкі, пунсовыя пантофлікі. Фільм у фільме — з недаробленаю камедыяй, што з тонкай іроніяй паўтарае альмадовараўскі шэдэўр «Жанчыны на мяжы нярвовага зрыву». Навязлівы гей-кінааператар (і паклон класічнай карціне «Падглядальнік Том», якая даўно сталася метафараю кіно).
Але Альмадовар даўно адышоў ад старых жартаў. Амаль дэтэктыўная гісторыя з нечаканымі паваротамі — толькі нагода, каб адчуць пах салёнага мора і святло вячэры з любым чалавекам. Гэта гісторыя дараванняў — і позірку, які адкрываецца, калі вочы ўжо не бачаць. Відушчае сэрца падказвае што сказаць — і як змантажаваць стужку. Карціна — вандроўка душы ва ўспамінах і часе, мантаж, што адбываецца на нашых вачох, ціхмяны сінэфільскі цуд.
Кепскі дубль адрозніваецца ад дрэннага — душою і сэрцам. Сэрца здольнае бачыць, калі й фарбы блякнуць, і крыкі сцішаюцца.
Карціна дэманструецца ў «Доме кино».





