Два дні ваш пакорлівы слуга ахвяраваў на семінар «Самарэгуляванне СМІ», што прайшоў у Мінску 8—9 верасня пад эгідай АБСЕ. Людзі з офіса ў Вене выбралі адносна нейтральную тэму, каб не надта нерваваць тутэйшае начальства. Але дыскусія выбілася з акадэмічнага рэчышча.

Прадстаўнікі недзяржаўнай прэсы, карыстаючыся рэдкай магчымасцю сказаць нешта наўпрост вялікім чыноўнікам, рваліся выгукнуць набалелае.

Адным з такіх выступоўцаў стаў выдавец і галоўны рэдактар «Борисовских новостей» Анатоль Букас. Ён даўно як стрэмка ў адным месцы для тамтэйшых чыноўнікаў. З катэгорыі рэдактараў, каторых, як у старым анекдоце, хіба што дустам не труцілі…

Расповед Букаса пра падножкі мясцовых ідэолагаў, перашкоды ў распаўсюдзе газеты Наталля Пяткевіч, першая намесніца кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі, пракаментавала у тым духу, што

газета — такі ж тавар, як памперсы. Не хочуць яго прадаваць — значыць, кепскі тавар. Пры чым тут дзяржава?

Увогуле гэта ўлюбёная тэза нашых чыноўнікаў. Сюжэт пра выкінутыя з каталогаў і саюздрукаў газеты яны каментуюць як калізію між гаспадарчымі суб’ектамі. Маўляў, распаўсюднікі ў нас страшэнна незалежныя, мы ім дыктаваць не можам.

Трэба ж, так супала, што менавіта перад выбарамі-2006 распаўсюднікам стала рэзка нявыгадна займацца недзяржаўнымі грамадска-палітычнымі выданнямі, і дзесяткі тры з іх у момант вока вылецелі як корак. Чыстая выпадковасць!

І, наадварот, калі летась спатрэбілася паказаць Еўропе дэмакратычны прагрэс, тыя ж страшэнна незалежныя распаўсюднікі раптам рэзка палюбілі «Народную волю» з «Нашай Нівай» (ігнаруючы астатнія рэпрэсаваныя газеты). Але чамусьці — заўважце! — не саюздрукі, а менавіта высокія ўлады дакладалі Бруселю, што рэабілітацыя двух апальных газетных брэндаў — гэта іхні крок.

Казкі пра «дачыненні гаспадарчых суб’ектаў» можна распавядаць камусьці, але не Букасу і ягоным калегам, што сядзелі ў зале семінару, — прадстаўнікам бітай-перабітай недзяржаўнай прэсы.

Аўтар гэтых радкоў мусіў уступіць у канцэптуальную дыскусію з высокай чыноўніцай, выказаўшы меркаванне, што між памперсамі і прэсай усё ж ёсць розніца.

А менавіта: у канстытуцыі запісана права грамадзян на ўсебаковую інфармацыю. У развітых дэмакратыях урад бачыць сваю місію ў тым, каб забяспечваць гэтае права суайчыннікам (якія і ўтрымліваюць апарат на свае падаткі). Так, у Францыі законам яшчэ 1947 года ўсім выданням (яшчэ і падкрэслена: незалежна ад палітычнага кірунку!) гарантаваны доступ ў нацыянальную сістэму распаўсюду. Урад таксама дае датацыі пошце, каб дастаўка газет па падпісцы каштавала рэдакцыям танней.

Падобны парадак і ў іншых дэмакратыях. Прычым дзяржаўнай прэсы там практычна няма. Такім чынам,

тэзіс нашых высокіх начальнікаў: а чаго гэта дзяржава будзе займацца пытаннямі «апазіцыйных лісткоў»? — не вытрымлівае ніякай крытыкі. У цывілізаванай краіне ўрад бачыць сваю місію ў тым, каб заканадаўча і нават матэрыяльна спрыяць рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на інфармацыю.

Вось вам, сказаў я, і розніца між прэсай ды памперсамі.

Застаецца, аднак, уражанне, што па выніках дыскусіі бакі засталіся пры сваіх поглядах. Ва ўсякім разе, спн. Пяткевіч, даючы ў кулуарах інтэрв’ю БелаПАН, заявіла, што не бачыць асаблівых праблем у дачыненнях дзяржавы з недзяржаўнымі СМІ.

Што ж да тэмы семінару, то сутнасць адной фразай выказаў шэф-рэдактар «Новага часу» Аляксей Кароль: «Самарэгуляванне пачынаецца там, дзе канчаецца дзяржаўнае рэгуляванне». У нас жа сітуацыя ў медыясферы — пад каўпаком апарату.

Тая ж высокая чыноўніца даводзіць, што ці не найгалоўнейшая для айчыннай журналістыкі праблема — адсутнасць адзінага кодэксу прафесійнай этыкі. Але хіба кодэкс скасуе дзяржаўную манаполію на самыя магутныя СМІ? Канечне ж, не. Не скасуе ён датацыі «сваёй» прэсе і дыскрымінацыю недзяржаўнай. Не скасуе падзел журналістаў на «чэсных» і «нячэсных», усталяваны самі ведаеце кім.

Апарат хоча падмяніць вырашэнне прынцыповых праблем беларускай медыясферы паліятывамі. Гэта як рак лячыць валідолам.

Пакуль журналісты застаюцца закладнікамі палітыкі, пакуль прэсе накідаюць ролю прапагандысцкай абслугі, а непакорлівыя перыёдыкі выціскаюць на маргінэс — тыя маральныя кодэксы будуць як мерцвяку прыпарка. Кшталту хрушчоўскага кодэксу будаўніка камунізму.

Дэманапалізацыя СМІ, стварэнне нармальнага, не прыдушанага вертыкаллю медыярынку, вольная канкурэнцыя між выданнямі — вось што прывяло б нашу прэсу ў цывілізаваны стан.

Балгарскі медыяэксперт Огнян Злацеў распавёў на семінары: у іх краіне, дзе дваццаць гадоў таму ўсе газеты таксама трымаў у руках апарат, зараз засталіся толькі два дзяржаўныя друкаваныя органы — выданне міністэрства абароны ды парламенцкі веснік, дзе друкуюцца законы. І неба на зямлю не звалілася! У развітых дэмакратыях чынавенства ўвогуле жыве без «органаў», і нічога!

Але ж нашым дзеячам патрэбна, каб прэса была, як тыя памперсы. Камфорт! Абрабілася ўлада — і нічога вонкі не праточваецца…

Насамрэч, канечне ж, кіроўная вярхоўка выдатна разумее розніцу між прэсай і падгузнікамі. Таму і гучыць раз-пораз: ідэалогія не прыватызуецца. Хаця дэ-факта найбуйнейшыя СМІ акурат і прыватызаваныя ў ідэалагічным сэнсе вузкім колам людзей.

Зразумела, што апарат будзе трымацца за медыйную манаполію да апошняга. Хаця трохі адкручваць гайкі даводзіцца хаця б дзеля блізіру, каб не сапсаваць дачыненні з Еўропай. Па настроі памочніка прэзідэнта сп. Янчэўскага, з якім я размаўляў у кулуарах,

можна прагназаваць, што, у прыватнасці, яшчэ некалькі выданняў будуць рэабілітаваныя ў сэнсе распаўсюду. Вертыкальнікам ніжэйшых звёнаў, магчыма, дадуць загад не так імпэтна адсякаць незалежную прэсу ад інфармацыі.

Ёсць і іншыя сімптомы зрухаў, але не буду забягаць наперад, каб не сурочыць (тым болей што мая гутарка з памочнікам прэзідэнта была канфідэнцыйная). Пакуль што медыйная свабода адваёўваецца па міліметры. Карэнныя зрухі ў гэтым пытанні будуць магчымыя, калі не толькі купка незалежных СМІ, але і шырокая грамада на поўны голас запатрабуе ад вярхоў, каб тыя не зводзілі канстытуцыйнае права на інфармацыю да ўзроўню памперсаў.

Аляксандр Класкоўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0