Злучаныя Штаты адмовіліся ад задумы паставіць свае супрацьракеты ў Польшчы ды радар у Чэхіі. Такім чынам Абама хоча палепшыць дачыненні з Расіяй. Гэта ж будзе, бадай, на карысць і Беларусі.

Пакуль артыкуляваўся Бушаў план разгортвання элементаў супрацьракетнай абароны ва Усходняй Еўропе, Масква рабіла баявыя стойкі ды сыпала пагрозамі асіметрычнага адказу. Плацдармам такога адказу магла стаць і Беларусь.

Зараз напружанасць спадзе, адпаведна змяншаецца пагроза, што наша краіна будзе ўцягнута ў канфрантацыю. Гэта пашырае, у прыватнасці, магчымасці палепшыць стасункі з Польшчай. Пра такі намер, дарэчы, Лукашэнка згадваў у Вільні. Так што наступны выезд у дэмакратычны свет цалкам можа прыпасці на Варшаву.

Ды і ўвогуле нібыта развязваюцца рукі для вальнейшага дыялогу з ЕС. Але не ўсё так проста, мяркуе мінскі палітолаг Андрэй Фёдараў, з якім я толькі што меў гаворку. На думку эксперта,

жэст Абамы «Масква можа ўспрыняць як праяву слабасці». І, адпаведна, зробіць выснову, што гэта ў яе цяпер развязваюцца рукі ў постсавецкай «зоне інтарэсаў».

І хоць амерыканскі прэзідэнт падчас летняга візіту ў Маскву даў зразумець, што постсавецкі абсяг (і найперш Грузію, Украіну) Штаты здаваць Маскве не збіраюцца, акурат у беларускім выпадку Крэмль можа быць асабліва настойлівы.

Тым болей што наіўна меркаваць, нібыта ў заходніх сталіцах толькі і думаюць пра Беларусь. Абаму патрэбна падтрымка Расіі дзеля змагання з талібамі ў Афганістане і ўтаймавання ядзерных амбіцый Ахмадзінежада. Беларусь застаецца на перыферыі ўвагі.

Аляксандр Класкоўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0