Швэдзкі Саюз пісьменьнікаў запрасіў полацкую паэтку Леру Сом у творчую паездку на выспу Готлянд.

Спадарыня Сом працуе настаўніцай, выкладае беларускую мову і літаратуру. Адміністрацыя школы згодная адпусьціць настаўніцу ў адпачынак за свой кошт, яе ўрокі ёсьць каму замяніць.

Але кіраўніцтва гарадзкога ўпраўленьня адукацыі выступіла супраць.

У Швэдзкага саюзу пісьменьнікаў і Саюзу беларускіх пісьменьнікаў — шчыльныя творчыя стасункі. Толькі за апошні год у Швэцыі выдадзены зборнік беларускай паэзіі — Алесь Разанаў, Валянціна Аксак, Алена Казанцава, Дзьмітрый Строцаў, кніга Барыса Пятровіча «Фрэскі», у Беларусі выйшла «Піпі Доўгаяпанчоха» Астрыд Ліндгрэн. Швэдкі бок гасьцінна прымае беларускіх літаратараў на сваёй зямлі. Сёлета запрасілі полацкую паэтку Леру Сом.

«Я папярэдзіла сваю адміністрацыю за паўгода. Адміністрацыя школы цалкам была згодная мяне адпусьціць. Мы разам з адміністрацыяй выбіралі месяц, калі гэта можна зрабіць з найменшымі наступствамі для школы. Я магла паехаць у траўні, але адмовілася, таму што канец навучальнага году і экзамэны, я сказала, што не паеду, бо сваіх дзяцей выпускаю. Я магла паехаць у верасьні, але пачатак навучальнага году, таксама складаны час. Мы разам выбралі кастрычнік.

Школьная адміністрацыя напісала, што яна ня супраць. У нас маленькая школа, і ёсьць два настаўнікі, якія цалкам могуць мяне замяніць на гэтыя 14 гадзін. Але загадчык гарадзкога ўпраўленьня адукацыі піша «адмовіць».

Загадчык упраўленьня адукацыі Полацкага гарвыканкаму Віктар Матус сваё рашэньне патлумачыў так:

«Я ёй адмовіў з адной прычыны: толькі што быў адпачынак 2 месяцы, пачынаецца новы навучальны год, у яе выпускныя клясы. Вучымся мы парадку 7 месяцаў чыстых. І цэлы месяц ня весьці настаўніку беларускай мовы і літаратуры гэтыя прадметы я лічу немэтазгодным».

У сувязі са школьнай рэформай колькасьць урокаў беларускай мовы і літаратуры скарацілася, і настаўнікі ня маюць зараз нават мінімальнай загрузкі — 18 гадзін у тыдзень. І замяніць урокі Леры Сом у школе пагаджаюцца яе калегі, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, тым больш што з трох тыдняў творчай камандзіроўкі адзін тыдзень прыпадае на восеньскія канікулы. Але гэтыя аргумэнты не пераканалі чыноўніка Віктара Матуса:

«Гэта ж творчая камандзіроўка, а ня ўрадавая, каб вырашаць нейкія сур’ёзныя пытаньні. На Готлянд можна патрапіць у зручны для настаўніка і для школы час».

Карэспандэнтка: «Але ж гэта ад боку, які запрашае, таксама залежыць…»

«Я разумею. Але ж у яе ёсьць асноўная праца.

Я прыняў рашэньне і ня думаю, што яго трэба мяняць.

Калі толькі маё кіраўніцтва разгледзіць гэтае пытаньне інакш і дасьць мне каманду адпусьціць… Але я сваю пазыцыю выказаў».

Пасьля адмовы загадчыка упраўленьня адукацыі Полацкага гарвыканкаму Віктара Матуса настаўніца Лера Сом зьвярнулася і ў вышэйшыя інстанцыі — да намесьніка старшыні Полацкага гарвыканкаму Мікалая Ільюшонка і першага намесьніка Віцебскага абласнога ўпраўленьня адукацыі Леаніда Сьцяпанава. Яны таксама адмовілі і знайшлі фармулёўку: Лера Сом павінна была атрымаць згоду на адпачынак за свой кошт не ў дырэктара школы, а ў наймальніка, спаслаўшыся на фармальнасьці.

Леанід Сьцяпанаў: «Там дакладна прапісана: па згодзе з наймальнікам. Ёй трэба было прыйсьці да загадчыка гарана Матуса і паведаміць: «я праз 3 — 4 месяцы зьбіраюся ў Швэцыю. Вы гарантуеце мне адпачынак за свой кошт?» А так атрымліваецца сьціпла‑ціха: маўляў, «ніхто не супраць, дырэктар не супраць, падпішы». Яна таксама не ўсё зрабіла правільна да канца, а цяпер кажа: «Дырэктар ня супраць». Дык дырэктара мала хто пытаецца ў гэтай сытуацыі».

***

Лера Сом. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, паэтка, бард. Скончыла мастацка‑графічны факультэт Віцебскага пэдагагічнага інстытуту і філялягічны факультэт БДУ. Аўтарка цыклю літаратурна‑крытычных і публіцыстычных артыкулаў, навуковых публікацый на тэмы словаўтварэньня, фантастычных апавяданьняў «Некалькі гісторый з жыцьця Руніты Магі» (1993), аповесьці «Суполка Вогнішча» (2001). Кнігі паэзіі: «Блюз каралеўскае кухні», «Адзінокая зорка», «Там, на небе», «Свабода Слова Зіма», «Каралева прыйдзе ноччу».

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0