Сьвяточныя мерапрыемствы адбываліся на працягу трох дзён у прыватным доме ў прыгарадзе Менску. Ліцэісты хадзілі ў хатніх тапачках. Іхныя бацькі і выкладчыкі наадварот былі падкрэсьлена строгія — чакаліся высокія госьці.

Першы дзень уключаў у сябе ўрачыстую цырымонію, прэс-кафэрэнцыю, навукова-практычныя канфэрэнцыі вучняў і выкладчыкаў ды сустрэчу зь віцэ-сьпікерам Эўрапарлямэнту Янушам Анышкевічам.

Павітаць ліцэістаў і іх выкладчыкаў прыехалі прадстаўнікі Віленскага гуманітарнага ліцэю, які гасьцінна прымаў нашых ліцэістаў. Госьці зь Вільні адзначалі важнасьць Коласаўскага ліцэю ня толькі для Беларусі, але і для Эўропы. Яго прыклад выразна падкрэсьлівае значнасьць агульначалавечых вартасьцяў — права на якасную адукацыю на роднай мове, у прыватнасьці.

На прэс-канфэрэнцыі гаварылася пра гісторыю Ліцэю ад самага пачатку, калі ён быў патрэбны маладой дзяржаве, і пра змаганьне за Ліцэй у апошнія гады. Сьцяна аднаго з пакояў дому была завешана граматамі, якія выдатнікі ўстановы атрымалі за посьпехі на рэспубліканскіх алімпіядах, у тым ліку за подпісамі міністра адукацыі і яго намесьнікаў. Ні гэта, ні пазытыўныя для Ліцэю вынікі шматлікіх праверак не зашкодзілі Міністэрству адукацыі у 2003 г. закрыць Ліцэй у «мэтах аптымізацыі навучальнага працэсу». У законным памяшканьні Ліцэю ў хуткім часе разьмесьціцца суд Цэнтральнага раёну. Музэй гораду Менску ды Сахараўскі інстытут адмовіліся заняць будынак.

Дырэкцыя ліцэю адзначыла праблемы з памяшканьнямі для заняткаў па хіміі і фізыцы.

Затое ў навучэнцаў ёсьць выдатна абсталяваны кампутарны кабінэт, дзе яны выдаюць сваю газэту «Трыпутнік». «Мы не здамося і не складзём рукі, пакуль у нас будуць вучні» — такім быў адказ пра будучыя наборы вучняў. Выпускнік Ліцэю Максім Русьць і прэзыдэнтка вучнёўскага самакіраваньня Алена Сіўцова паабяцалі і надалей прыходзіць да свайго будынку. «Няхай адбудоўваюць, тым прыямней нам будзе туды вярнуцца!»

Канфэрэнцыя навучэнцаў выявіла сур’ёзнасьць закранутых тэмаў. Вось пералік некаторых назваў: «Сучасны стан і пэрспэктывы беларускага экспарту ў краіны Эўразьвязу», «Калійныя солі Беларусі і сьвету», «Невядомая вайна 1654—1667 г.» ды інш.

Завяршэньнем першага сьвяточнага дня стаў візыт віцэ-сьпікера Януша Анышкевіча. У Менск ён наведаўся на VIII Форум «Эўрапейскае суседзтва Нямеччыны і Беларусі: замежная палітыка, эканоміка і грамадзтва», але знайшоў час, каб павітаць ліцэістаў і іх выкладчыкаў са сьвятам. «Я дзякую вучням, іх настаўнікам і бацькам за іх мужнасьць. Мы рады былі прымаць вас у Польшчы і, калі будзе патрэбна, заўсёды чакаем. Але лепей бы такой патрэбы не было».

У наступным годзе адбудзецца першы выпуск ліцэістаў, якія прыйшлі ўжо ў неафіцыйны Ліцэй. Два гады дзеці вучыліся па кватэрах, хавалі ад знаёмых сапраўднае месца вучобы, каб не зашкодзіць бацькам. Але гэта для іх не перашкода. А таму — «Мы былі, ёсьць і будзем!..».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?