Фантастыка пра робатаў-двайнікоў — новы фільм Джонатана Мастоў.

posterСурагаты (Surrogates)
ЗША, 2009, каляровы, 104 хв.
Рэжысёр: Джонатан Мастоў
Ролі выконваюць: Брус Уіліс, Уінг Рэміс, Разамунд Пайк, Рада Мітчэл
Жанр: Фантастыка
Адзнака: 6,5 (з 10)

Каб пазбегнуць жыццёвых нягодаў, людзі знаходзяць сабе замяняльнікаў. Робаты-сурагаты ходзяць на працу, ваююць, мілуюцца — а бесклапотныя людзі кіруюць імі са сваіх ложкаў. Нязгодныя з сурагатным светам загнаныя ў рэзервацыі. Агент Грыр даследуе загадкавыя смерці аператараў, калі знішчаліся іхнія сурагаты. Але герою прыйдзецца пакінуць дом — і выйсці самому на вуліцу без усялякага замяняльніка.

Ад рэжысёра Джонатана Мастоў, які паспяхова сапсаваў трэцяга «Тэрмінатара», незвычайнага не чакалі. Так і ёсць: карэктны баевічок, што нагадвае «Геймера», з аўтамабільнымі гонкамі, гелікоптэрамі, манекенападобнымі робатамі і шчаслівым фіналам. Прафесійна зроблены фільм-сурагат.

Але ідэя робатаў-двайнікоў настолькі плённая, што спараджае каштоўныя кадры, насуперак рэжысёрскім здольнасцям.

Брус Уіліс — баявы манекен з адною рукой, які зухавата скача па дахам, і Брус Уіліс — жывы чалавек, састарэлы, зляканы, нязграбны. Гумавыя твары робатаў — і холад адчужэння, як у «451 па Фарэнгейце». Прарок-правакатар, які стаецца машынай — і забытая класіка «Метраполіса», калі ведзьму-робата палілі жыўцом. Беларускія гледачы прыгадаюць Электроніка і фантастыку Станіслава Лема.

Нечаканыя падмены, калі забойцы маскуюцца чужымі робатамі. Чалавечыя пачуцці, што заглушаюцца ў сурагатным свеце новага шчасця з гламурна-гумавымі прапорцыямі.

Пастралялі, павесяліліся, адсурагаціліся. Вяртаемся ў рэальнасць без сурагатаў.

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?