Паводле звестак Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі (БелаМАПА), у краіне павялічваецца колькасць выпадкаў інцэсту,

паведаміла загадчыца кафедры дзіцячай псіхіятрыі і псіхатэрапіі БелМАПА Вольга Радцэвіч 30 верасня ў Мінску на рэспубліканскім семінары па пытаннях рэпрадуктыўнага і сексуальнага здароўя падлеткаў.

Паводле яе слоў, гэтая з’ява ў практыцы беларускай псіхалогіі практычна не вывучана, хоць у структуры псіхічных расстройстваў інцэст займае не апошнія пазіцыі. «Ні псіхолагі, ні гінеколагі не ўмеюць працаваць з гэтым расстройствам сексуальных паводзін», — заявіла Радцэвіч.

Акрамя таго, існуюць праблемы ў працы з ахвярай інцэсту, з сям’ёй, дзе ён адбыўся, бо «не выпрацаваны механізм, і мы далёкія ад многіх важных аспектаў дапамогі з‑за няведання пытання, а магчыма, некаторай непадрыхтаванасці спецыялістаў».

Паводле інфармацыі Радцэвіч, у 11,8% падлеткаў пачатак сексуальнага жыцця адбыўся выпадкова, а паводле даных некаторых спецыялістаў, 25% дзяўчат і 11% юнакоў пачалі сваё сексуальнае жыццё па прымушэнні, «гэта значыць былі фактычна згвалтаваныя». Сексуальнае жыццё па прымушэнні з’яўляецца складальнікам падлеткавай субкультуры, заявіла спецыяліст.

Яна таксама адзначыла недастатковую дасведчанасць падлеткаў у пытаннях рэпрадуктыўнага і сексуальнага здароўя. У гэтай сувязі Радцэвіч падкрэсліла актуальнасць палавой асветы і адзначыла, што асноўнай крыніцай інфармацыі па пытаннях сексуальных паводзін для падлеткаў з’яўляюцца перанятыя аб сяброў звесткі, на другім месцы — маладзёжная прэса, на трэцім — інфармацыя бацькоў і медыцынскіх работнікаў.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0