У гомельскім абласным Доме дзіцяці загінуў трохгадовы хлопчык. Трагедыя адбылася 12 кастрычніка прыкладна ў 18 гадзін.
Хлопчык 2006 года нараджэння знаходзіўся з групай дзяцей на прагулцы.
На яго нібыта ўпала шафа, якая па невядомай прычыне знаходзілася на тэрыторыі двара Дома дзіцяці каля гаспадарчых пабудоў.
Пацярпелага даставілі ў абласную бальніцу, дзе ён памёр.
Пракуратура высвятляе акалічнасці трагедыі. Паводле папярэдніх звестак, дзіця памерла ад траўмаў унутраных органаў, у тым ліку ад разрыву печані.
Ва ўпраўленні аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама БелаПАН паведамілі, што для высвятлення акалічнасцей здарэння створана спецыяльная камісія, якая цяпер працуе ў Доме дзіцяці.
Прадстаўнікі адміністрацыі Дома дзіцяці сітуацыю не каментуюць.
Варта зазначыць, што гэта не першая сёлета трагедыя ў гомельскім Доме дзіцяці. У сакавіку тут па віне медсястры загінула паўтарагадовая дзяўчынка, яе сястра‑блізня атрымала траўму.
Экспертыза ўстанавіла, што дзяўчынка памерла ад разрыву печані і крывацёку. У яе сястры была зафіксавана тупая траўма жывата, якая стала прычынай разрыву печані і ўнутранага крывацёку. Апрача таго, на целах абедзвюх дзяўчынак былі выяўлены шматлікія кровападцёкі рознага тэрміну даўнасці.
Вінаватай ва ўсім гэтым была прызнана медсястра Дома дзіцяці. За неналежнае выкананне службовых абавязкаў, у выніку чаго адбылася смерць дзіцяці (ч. 2 арт. 165 КК), і нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў заведама малалетняму (ч. 2 арт. 147 КК) суд прыгаварыў яе да шасці гадоў пазбаўлення волі.





