Нацыянальная зборная Беларусі правядзе 14 кастрычніка апошні матч адборачнага турніру да чэмпіянату свету — 2010.

Гульня пройдзе ў Лондане, на знакамітым стадыёне «Уэмблі». Пачатак а 22‑й паводле мінскага часу. Прамая трансляцыя будзе весціся на БТ.

Год таму ў Мінску англічане перамаглі - 3:1.

З турнірнага гледзішча сённяшні матч нічога не вырашае. Беларусы — ці выйграюць ці прайграюць — застануцца на 4‑м месцы ў групе. Англія яшчэ месяц таму датэрмінова заваявала пуцёўку на чэмпіянат свету.

Але калі беларусы выйграюць, яны набяруць 16 балаў (цяпер у нашых 13 балаў, чатыры перамогі, адна нічыя, чатыры паразы), гэта будзе наш найлепшы вынік у адборачных цыклах.

У турніры да чэмпіянату свету — 2002 беларусы набралі 15 балаў, але занялі 3‑е месца, следам за Польшчай і Украінай. У адборачным турніры да чэмпіянату Еўропы — 2008 наша зборная таксама заняла 4‑е месца, але 13 балаў набрала ў 12 гульнях.

У сераду ў нашай адборачнай групе зборная Украіны ў гасцях гуляе з Андорай (пачатак у 18:30).
Украінцам, каб трапіць у стыкавыя матчы, дастаткова перамогі. Таксама 14 кастрычніка згуляюць Казахстан і Харватыя (18:30).

Турнірнае становішча: Англія — 24, Украіна — 18, Харватыя — 17, Беларусь — 13, Казахстан — 6, Андора — 0.

***

Інтрыга ў Еўропе захоўваецца ў 3‑й адборачнай групе, дзе на 1‑е месца прэтэндуюць зборныя Славакіі і Славеніі.

Турнірнае становішча: Славакія — 19, Славенія — 17, Чэхія — 15, Паўночная Ірландыя — 14, Польшча — 11, Сан‑Марына — 0.

Славакі ў гасцях згуляюць з Польшчай, а славенцы — з Сан‑Марына.

***

У 2‑й адборачнай групе швейцарцам дастаткова дома не прайграць Ізраілю, каб заняць першае месца.

Швейцарыя — 20, Грэцыя — 17, Ізраіль — 15, Латвія — 14, Люксембург — 5, Малдова — 3.

14 кастрычніка: Швейцарыя — Ізраіль, Грэцыя — Люксембург, Латвія — Малдова.

***

Галоўная інтрыга 14 кастрычніка — гэта Паўднёваамерыканская група.

Перад апошнім турам тут такое становішча:

Бразілія, Парагвай — па 33, Чылі — 30, Аргентына — 25, Уругвай — 24, Эквадор — 23, Венесуэла — 21, Калумбія — 20, Балівія — 15, Перу — 10.

Бразілія, Пагагвай, Чылі ўжо забяспечылі сабе пуцёўкі на сусветнае першынство.

Каманда, што зойме 4‑е месца, таксама браніруе пуцёўку напрамую, а вось каманда, што зойме 5‑е месца будзе гуляць з камандай, якая фінішуе 4‑й у турніры КОНКАКАФ (гэта будзе або Коста‑Рыка, або Гандурас).

Інтрыга ў тым, што Аргентына і Уругвай сыйдуцца ў вочным паядынку (матч у Монтэвідэа). Прычым той, хто прайграе, можа наогул застацца без стыкавага матчу, яго апярэдзіць Эквадор, калі выйграе ў гасцях у нематываванай зборнай Чылі.

***

На чэмпіянату свету па футболе, што пройдзе летам 2010 года, трапілі ўжо 19 зборных:

ПАР (як арганізатар),

Еўропа: Галандыя, Англія, Іспанія, Нямеччына, Данія, Італія, Сербія. Дзве каманды вызначацца ў сераду, чатыры - праз стыкавыя матчы ў лістападзе

Азія: Японія, КНДР, Рэспубліка Карэя, Аўстралія.

Афрыка: Гана, Кот Д’Івуар (яшчэ тры зборныя вызначацца ў апошнім туры 14 лістапада),

Паўднёвая Амерыка: Бразілія, Парагвай, Чылі.

Паўночная і Цэнтральная Амерыка: ЗША, Мексіка.

Найлепшая каманда Акіяніі — зборная Новай Зеландыі — аспрэчвае права за пуцёўку з 5‑й камандай Азіі — камандай Бахрэйна.

Першы матч у Бахрэйне скончыўся з лікам 0:0. Матч у адказ — праз месяц.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?