Сакратар Рады бяспекі Расіі Мікалай Патрушаў узарваў інфармацыйную бомбу. З яго слоў вынікае, што Масква будзе гатовая ўжыць ядзерную зброю першай, прычым нават у лакальнай вайне.

У інтэрв’ю «Известиям» Патрушаў адкаментаваў распрацоўку новай рэдакцыі вайсковай дактрыны сваёй краіны. Даслоўна выбуховы пасаж гучыць так: «Там скарэктаваны ўмовы выкарыстання ядзернай зброі пры адбіванні агрэсіі з ужываннем звычайных сродкаў паразы не толькі ў буйнамаштабнай, але і ў рэгіянальнай і нават у лакальнай вайне (...) У крытычных для нацыянальнай бяспекі сітуацыях не выключаецца нанясенне ў тым ліку апераджальнага (прэвентыўнага) ядзернага ўдару па агрэсары».

Памятаеце, летась Масква ўжо «адбівала грузінскую агрэсію»?

Натуральна, заява Патрушава натапырыла суседзяў Расіі, і найперш тых, з якімі ў яе напружаныя дачыненні. Ажыўлена адгукнуліся ўкраінскія медыі. А тбіліскі палітолаг Андро Барноў з каўказскай катэгарычнасцю заявіў: Масква, каторая, маўляў, ігнаруе такім чынам міжнародна-прававыя нормы, здольная ўжыць ядзерную зброю супраць любой суседняй краіны, у тым ліку і Грузіі.

Мінскі вайсковы аналітык Аляксандр Алесін трымаецца іншай думкі. «Гэта найперш сігнал Пекіну», — сказаў ён мне.

Са слоў Алесіна, еўрапейская частка пастсавецкага абсягу — занадта густанаселеная. Наўрад ці маскоўскія стратэгі рызыкнуць бабахнуць ядзернай зброяй у выпадку канфлікту з Грузіяй, Украінай ці, крый божа, Беларуссю. Перспектыва ж кітайскай экспансіі — гэта кашмарны ідэфікс Масквы.

Не далей як 14 кастрычніка Пуцін, прыляцеўшы ў Пекін на пасяджэнне кіраўнікоў урадаў краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (памятаеце, падчас глухой ізаляцыі ў тую ШАС спрабавала ўплішчыцца і Беларусь?), казаў пра стратэгічнае партнёрства і «беспрэцэдэнтны ўзровень» узаемаразумення з Кітаем. Аднак Масква, лісліва ўсміхаючыся, трымае ў галаве, што дынамічнае развіццё Паднябеснай у грымучай сумесі з яе вострымі праблемамі стварае для Расіі «пагрозу, якая сама па сабе не рассмокчацца».

Фармулёўка ўзята з колішняга артыкула масцітага маскоўскага аналітыка Аляксандра Храмчыхіна ў «Независимом военном обозрении». Пералічыўшы шматлікія праблемы Кітая — ад перанаселенасці да дэфіцыту рэсурсаў, Храмчыхін робіць выснову: «Экспансія з мэтай захопу тэрыторый і прыродных рэсурсаў з’яўляецца для Паднябеснай, магчыма, адзіным спосабам рассекчы гордыеў вузел згаданых праблем». Прычым напрамак экспансіі, на яго думку, можа быць адзін — усходнія раёны Расіі ды Цэнтральная Азія, у тым ліку расійскі саюзнік Казахстан.

Карацей, гледзячы на велізарны Кітай, расійцы пачуваюцца прыблізна так сама, як беларусы, гледзячы на Расію. З непаліткарэктнай думкай: зжарэ і не падавіцца!
Увогуле ж перагляд вайсковай канцэпцыі сведчыць, што Расія слабее.

Адсталая сыравінная эканоміка, дэмаграфічны заняпад, дэградацыя вайсковай моцы робяць яе ўсё болей ўразлівай перад вонкавымі пагрозамі. І таму даводзіцца ісці на адчайны крок: палохаць рэшткамі састарэлага ядзернага патэнцыялу. Так у побыце слабейшы пры небяспецы «бярэ на понт»: лепей, блін, не лезьце, а то зараз мора крыві будзе, я за сябе, блін, не адказваю!

Здаецца, не так даўно нехта збіраўся з гэтай краінай аб’ядноўвацца?

Аляксандр Класкоўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0