Наш народ па‑ранейшаму прызвычаены абсалютна верыць друкаванаму слову, часам папросту празьмерна. Нас так вучыла родная камуністычная партыя, прычым верыць літаральна, ды яшчэ дадумваць. Спатыкае мяне ў Старым горадзе адзін знаёмы і з прэтэнзіяй: ты што там напісаў наконт касьцюшкоўцаў? А калі яны возьмуць, ды сапраўды наступныя вучэньні правядуць, паставіўшы задачу зьнішчыць паўстанцаў Касьцюшкі, як ты прапануеш? Я? Хіба я прапаную? Так, менавіта, я сам чытаў на тваім блогу!

Дык я ж пажартаваў, дакладней я падышоў да пытаньня як да літаратурнай тэмы, вось! Бо што зробіш, калі жыцьцё я ўспрымаю прафэсыйна — як літаратуру бадай. А быў бы я вайскоўцам, успрымаў бы інакш, дзяліў бы ўсё на цэлі і мішэні, людзей на патэнцыйных ворагаў і магчымых хаўрусьнікаў. Ды я ўвогуле ў душы напалову вайсковы, люблю хакі, часта гляджу хранікальныя фільмы пра баявыя дзеяньні, перажываю за журналістаў на вайне, зайздрошчу ціхенька нашым жаўнерам за шэўроны з мальтыйскімі крыжамі, з аленямі сьвятога Губэрта, з рысямі і радзівілаўскімі арламі. Адно рыцарскай Пагоні мне не стае.

Але я крыху адхіліўся. Гэны знаёмы (хаця не нагэтулькі, каб на мяне «наяжджаць»), дай бог яму здароўя, вылівае мне цэбар ёдкай вады на голаў: а калі яны здуру паслухаюць, ды стрэляць сваімі ракетамі па Новым замку нашым?!! Па Новым? А па якім жа яшчэ? Але ж навошта ім замак? Як навошта, бо там жа менавіта паўстанцкі ўрад мясцовы касьцюшкоўскі сядзеў!.. Матка Боская Вострабрамская! Я заўжды казаў: празьмерная пільнасьць ці, скажам, патрыятызм — гэта хутчэй ліха, сябры мае. Спакайней трэба, хлопцы, без фанатызму, па‑эўрапейску. Але ж хіба ён зразумее? Яму ж трэба падкопаў, каншахтаў, паляваньня на гугэнотаў, так бы казаць.

Палаяцца‑не палаяліся, але разышліся кожны сам сабе, ён — ці не ў чаканьні авіяналёту на каралеўскі былы палац, я хутчэй у задуменьні‑прыгаломшаньні. О, вялікая моц мастацкага слова, халера на яго… І спакваля да мяне даходзіць: гэта ж я сам пісаў калісьці пра авіяналёт на шпіталь нямецкіх лётчыкаў у гэтым самым палацы. З манэўрамі ніякай сувязі аднак. Мова пра «Нармандыю‑Нёман», не пра гарэлку гарадзенскую, а пра французаў, ну вы разумееце. Але ж самае цікавае — аповед я не закончыў і нідзе не друкаваў, зразумела. Дарэчы, і да налёту там яшчэ не дайшло, яго проста уяўляў сабе пілёт, які ляцеў у бок нашага слаўнага места…

Той, хто піша, ведае: часам выдумаеш апавяданьне, а мінаюць дні, гады нават, і ты са зьдзіўленьнем пачынаеш усьведамляць, што ў жыцьці на вачах бадай увасабляецца табой напісанае. Карацей, жыцьцё з літаратурай вельмі шчыльна злучаныя, сябры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?