Міністэрства культуры адказала гродзенскім краязнаўцам.
Яны прасілі аднавіць зліўную сістэму палаца ў Свяцку. На простую канкрэтную просьбу аднавіць зліўную сістэму палаца ў Свяцку, які развальваецца дзень за днём, Міністэрства культуры адгукнулася цэлым опусам, як захоўваецца архітэктурная спадчына ў Беларусі. Палац у Свяцку згадваецца там толькі тры разы, першы раз ва ўступе і два разы напрыканцы тэкста. А з самога дакумента можна даведацца, што сядзібныя ансамблі актыўна аднаўляюцца на Магілёўшчыне, Гомельшчыне і Берасцейшчыне.
Сканчаецца ліст з міністэрства чаканай інфармацыяй пра тое, што палац спрабуюць перадаць санаторыю «Азёрны».
Падпісаў ліст не міністр Латушка, на якога інтэлігенцыя пакладае вялікія спадзяванні і да якога звярталася, а ягоны намеснік Грыдзюшка.





