Гучная справа аб педафіліі застаецца ў цэнтры ўвагі літоўскага грамадства.
Фота M.Patašius, www.lrytas.lt
Забойства суддзі Ёнаса Фурманавічуса, хутчэй за ўсё, не звязана са справай пра сэксуальныя злоўжыванні супраць дачкі Драсюса Кядзіса. Пра гэта заявіў генпракурор Літвы Альгімантас Валанцінас.
Тое самае пацвердзіў кіраўнік парламенцкай камісіі, якая праводзіць уласнае расследаванне.
З ягоных словаў,
следчыя звярнулі ўвагу, што спачатку Кядзіс вінаваціў у гвалце над дзяўчынкай толькі палітыка й прадпрымальніка Андруса Усаса, а маці дзяўчынкі, яе сястру і суддзю Фурманавічуса стаў вінаваціць пазней.
Следчыя мяркуюць, што Кядзісам маглі скарыстацца, каб ён звёў рахункі з суддзёй Фурманавічусам.
Паводле звестак газеты Lietuvos rytas, асноўная версія следчых не змянілася з самага пачатку – злачынства спланаваў і здзейсніў Кядзіс. Аднак
дагэтуль не выключаюць, што забойства суддзі – гэта хітры план ковенскіх бандытаў, якія прыкрыліся скандалам, звязаным з педафіліяй.
У той жа час не выключаецца і такая версія, што злачынцы спачатку забілі самога Кядзіса, выманіўшы яго з хаты, а потым расправіліся з суддзёй.
Суддзя Фурманавічус быў вядомы сваёй цвёрдасцю на працэсах супраць злачыннага свету.
Што датычыць Кядзіса, то ён быў на яго ў крыўдзе, што той устаў на бок былой сужыцелькі Кядзіса, калі рашалася справа, з кім мае застацца іх няшлюбнае дзіця.
Мінулай восенню Кядзіс звярнуўся ў паліцыю з заявай аб сэксуальных злоўжываннях у дачыненні да ягонай 4‑гадовай дачкі.
Ён звінавачваў у саўдзеле ў гэтым сваю былую сужыцельку, маці дзяўчынкі, з якой ён судзіўся за права апекі над дачкой. Паводле Кядзіса, тая за грошы здавала дзяўчынку ў «арэнду» педафілам. У гэтым ёй дапамагала яе сястра.
Шлі месяцы, справа з месца не краналася. Абвінавачаныя заявілі, што не маюць уяўлення, пра што гаворка.
5 кастрычніка ў цэнтры Коўна быў застрэлены адзін з тых трох, каго Кядзіс вінаваціў у педафіліі — суддзя. Яшчэ праз пару гадзінаў паліцыя знайшла цела сястры сужыцелькі. Дзе сам Кядзіс, пакуль невядома.