Другі дзень запар у Беларусі адзначаюцца значныя тэмпературныя кантрасты. На захадзе краіны было крыху вышэй за нуль, а на ўсходзе — амаль летняе цяпло.

Як паведамілі ў Рэспубліканскім гідраметэацэнтры, днём 14 кастрычніка максімальная тэмпература паветра склала ад плюс 1,2 градуса ў Высокім і 1,7 у Ашмянах да 17,4 у Касцюковічах і 17,9 у Мсціславе.

Сярод абласных цэнтраў халадней за ўсё было ў Брэсце (2,2 градуса) і Гродне (2,3), цяплей за ўсё — у Гомелі (15,4) і Магілёве (15,5). У Мінску слупок тэрмометра ўзняўся да адзнакі плюс 5,6 градуса.

13 кастрычніка разбежка дзённых тэмператур склала ад плюс 1,6 градуса ў Валожыне да 17 градусаў у Брагіне. У ноч на 14 кастрычніка было ад мінус 0,3 у Навагрудку і Лынтупах да плюс 15,4 у Гомелі. Значныя кантрасты назіраліся днём 8 кастрычніка (ад 8,5 градуса цяпла ў Шаркоўшчыне да 25 у Лельчыцах) і 9 кастрычніка (ад 8 у Езярышчы да 20 у Бабруйску).

Інтэнсіўнасць ападкаў у сераду знізілася. Калі днём 13 кастрычніка іх колькасць дасягала 50 мм (у Жлобіне, дзе выпала месячная норма), а ў ноч на 14 кастрычніка — 48 мм (Езярышча, 89% месячнай нормы), то днём 14 кастрычніка — не больш за 20 мм (Шаркоўшчына, 38% месячнай нормы).

У шэрагу раёнаў у сераду адзначаўся штармавы вецер парывамі да 25 м/с (у Валожыне).

Са зніжэннем актыўнасці цыклона хуткасць ветру і інтэнсіўнасць ападкаў будуць змяншацца. 15 кастрычніка чакаецца ад 2 да 7 градусаў цяпла, па ўсходзе да 9.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?