Асацыяцыя Дзядоў Марозаў здалася ў органы юстыцыі з чыстасардэчным прызнаннем у дзейнасці ад імя незарэгістраванай грамадскай арганізацыі.

Сёння дзесяць Дзедаў Марозаў аддалі ў пракуратуру заяву з чыстасардэчным прызнаннем аб парушэнні артыкула 193.1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. У заяве напісана, што арганізацыя цягам некалькіх гадоў ажыццяўляе наступную дзейнасць: арганізоўвае святкаванні Калядаў і Новага году ў розных населеных пунктах Беларусі, распаўсюджвае калядныя і навагоднія падарункі (у тым ліку сярод непаўнагадовых), выступае на сходах, а таксама ў друкаваных ды іншых сродках масавай інфармацыі з віншаваннямі і найлепшымі пажаданнямі.

Дзядоў Марозаў прынялі ў пракуратуры не без здзіўлення. Да іх выйшаў пракурор і праверыў, каб усе было правільна напісана. Цяпер Дзяды Марозы на працягу месяца чакаюць адказу і прававой ацэнкі сваёй «чорнай дзедамарозавай справы».

«Я думаю на Новы год мы будзем ці віншаваць дзяцей як і раней, — кажа адзін з Дзедаў Марозаў Павал Левінаў, прадстаўнік БХК,

— ці дзеці будуць віншаваць нас на Акрэсціна, чаго нам, канешне, не хацелася б».

Акцыя адбылася ў межах кампаніі «Стоп 193.1!», ініцыяванай Асамблеяй НДА Беларусі. Арганізатары акцыі давялі да абсурду палажэнні артыкулу крымінальнага заканадаўства, які прадугледжвае пакаранне за ўдзел у «незарэгістраванай арганізацыі». Яны імкнуліся паказаць, што паводле артыкулу 193.1 можна абвінаваціць любую групу людзей. І нават Дзядоў Марозаў.

Настасся Шамрэй

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0