Энергетычная бяспека накшталт незалежнасці дзяржавы, заявіў і Аляксандр Лукашэнка сёння ў час справаздачы міністра энергетыкі Аляксандра Азярца.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сёння прадаўжаецца практыка справаздач кіраўнікоў галін народнай гаспадаркі. Тыдзень таму быў заслуханы начальнік Беларускай чыгункі і разгледжаны пытанні, звязаныя з дзейнасцю Мінтранса. Як заўважыў кіраўнік дзяржавы, даклад міністра энергетыкі павінен быў адбыцца значна раней: Аляксандр Азярэц на гэтай пасадзе ўжо нямала, з мая 2006 года. Пры назначэнні кіраўніку была канкрэтна пастаўлена задача мадэрнізацыі не толькі ўсёй сістэмы энергетыкі ў краіне, але і самой сістэмы кіравання міністэрствам.

«Ён атрымаў карт‑бланш на кадравыя пытанні і быў папярэджаны,

што гэта адна з цэнтральных пасад у нашай дзяржаве, паколькі энергетычная бяспека для нас накшталт незалежнасці нашай дзяржавы. Думаю, што Аляксандр Азярэц за гэты перыяд зрабіў нямала», — сказаў кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што ў час справаздачы міністр павінен расказаць не толькі аб поспехах галіны, але і аб існуючых праблемах і шляхах іх вырашэння.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, дзяржава нямала зрабіла для павышэння надзейнасці і эфектыўнасці работы паліўна‑энергетычнага комплексу. Бесперабойна забяспечваюцца электрычнай энергіяй, цяплом і газавым палівам прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, сацыяльна‑бытавыя аб’екты і насельніцтва. Зладжаная работа энергетычнай галіны дае магчымасць стабільна працаваць эканоміцы і паляпшаць жыццё людзей. Немалую ролю ў гэтым адыгрывае газіфікацыя. І цяпер Беларусь займае адно з вядучых месц у свеце па ўзроўню газіфікацыі: усе 118 раённых цэнтраў краіны, 738 аграгарадкоў газіфікаваны.

Лукашэнка хацеў бы пачуць ад міністра энергетыкі, як ідзе рэалізацыя канцэпцыі энергетычнай бяспекі, што канкрэтна зроблена па змяншэнню ўдзельнай вагі прыроднага газу ў паліўна‑энергетычным балансе, вытворчасці цеплавой і электрычнай энергіі.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што адзін з важнейшых інструментаў выканання названай канцэпцыі — Дзяржаўная комплексная праграма мадэрнізацыі асноўных вытворчых фондаў энергетычнай сістэмы Беларусі. Міністэрства энергетыкі вызначана каардынатарам дзейнасці па выкананню гэтай праграмы. Сёння Аляксандр Азярэц паведаміць, як ідзе работа ў гэтым напрамку, што зроблена па мадэрнізацыі асноўных вытворчых фондаў энергетычнай сістэмы, ці атрыманы канкрэтныя вынікі па энергазберажэнню, зніжэнню затрат. Размова пойдзе таксама аб рабоце торфаперапрацоўчых прадпрыемстваў.

Акрамя таго, будзе абмеркавана, як у цэлым паўплывала на паліўна‑энергетычны комплекс праводзімая ў апошнія тры гады рэарганізацыя сістэмы і структуры кіравання галіной. Не менш важнае пытанне — падрыхтоўка да будаўніцтва ў Беларусі АЭС.

«Што недапушчальна ў паліўна‑энергетычнай сферы — гэта факты неэфектыўнага выкарыстання і нават прысваенне бюджэтных сродкаў, у выніку чаго праваахоўнымі органамі ўзбуджаны і расследуюцца крымінальныя справы», — сказаў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?