Электронная пошта больш не руліць. На замену паштовым сэрвісам прыходзяць сацыяльныя сеткі ды мікраблогі. Такія, як папулярныя расійскія сэрвісы «вконтакте» і «одноклассники». Альбо значна больш вядомыя ў свеце facebook, twitter i myspace.

Валодаючы асноўнай уласцівасцю электроннай пошты — магчымасцю хутка перадаваць тэкставыя паведамленні — яны дазваляюць карыстацца таксама і іншымі сродкамі камунікацыі. Магчымасцю стварэння фота і відэаархіваў на асабістых старонках, каментавання запісаў і архіваў знаёмых, дасылання допісаў з мабільных прыстасаванняў. З дапамогай сацыяльных сетак можна даведацца аб чалавеку процьму інфармацыі. Ад таго, дзе ён зараз знаходзіцца, да праблемаў у асабістым жыцці. Ніякі паштовы сэрвіс гэтага зрабіць не дазваляе.

Калі сто год таму людзей задавальняў месячны тэрмін чакання на ліст, а пазней тыднёвы тэрмін лічыўся найлепшым варыянтам, то з распаўсюджаннем інтэрнэту і электроннай пошты ўсе мы прызвычаіліся да максімум паўгадзіннага чакання на паведамленні.

Аднак сёння гэта ўжо мала каго задаволіць.

Людзі прагнуць наўпроставага камунікавання — без самых дробных затрымак, нават працягласцю ў некалькі хвілін. І сацыяльныя сеткі, з іх магчымасцю адсочваць паведамленні ды самыя апошнія абнаўленні, складаюць паспяховую канкурэнцыю сервісам электроннай пошты. Што праўда, некаторыя з іх спрабуюць пераймаць перавагі сацыяльных сетак. У прыватнасці, сервіс Gmail ужо даўно прапаноўвае магчымасць размоваў у чаце, які з’яўляецца дадаткам да асабістай паштовай скрыні. А папулярны ў Беларусі расійскі mail.ru прапаноўвае карыстальнікам уласнае падабенства сацыяльнай сеткі «Мой Мір». Аднак падобныя спробы зацікавіць карыстальнікаў не прыносяць жаданых вынікаў. Колькасць людзей, што карыстаюцца паслугамі электроннай пошты, у свеце пакуль павялічваецца. Паводле даследчага цэньра «Nielsen Co», у ЗША і краінах Заходняй Еўропы ў 2009 годзе паслугамі разнастайных паштовых сэрвісаў пачало карыстацца на 21% больш людзей, чым ў мінулым годзе. Гэта значны рост. Аднак колькасць карыстальнікаў сацыяльных сетак і мікраблогаў узрасла яшчэ больш — на 31%.

Паўстае цікавая сітуацыя.

Інтэрнэт, які спачатку значна паскорыў працэс абмену інфармацыяй і ашчаджаў час, зараз гэты самы час адбірае.

На сацыяльныя сеткі мы трацім значна больш часу, чым на электронную пошту. Апошняя была і застаецца толькі сродкам абмену інфармацыі. Які выкарыстоўваўся па неабходнасці і для зручнасці. А ў сацыяльных сетках чалавек проста вымушаны абменьвацца інфармацыяй. Дадаванне фотаздымкаў у профілі, папаўненне асабістых звестак, уласных зацікаўленняў, каментаванне падзей і выпадкаў з жыцця шматлікіх сяброў — усё гэта вельмі зацягвае і з’ядае процьму часу. Не дзіва, што некаторыя працадаўцы абмяжоўваюць доступ да сацыяльных сетак для сваіх супрацоўнікаў. Яны — сацыяльныя сеткі — здольныя стварыць альтэрнатыву рэальнаму жыццю. І тады мы чуем паведамленні аб забойствах праз статус у facebook.

Напэўна, сацыяльным сеткам не ўдасца цалкам выцясніць паштовыя сервісы. Толькі вось лісты, дасланыя па электроннай пошце, хутка стануць з’явай радзейшай, як радзейшымі сталі лісты папяровыя.

Алесь Пілецкі, паводле wsj.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0