Беларусбанк вырашыў выказацца па тэме, якая ў апошнія дні моцна ўсхвалявала грамадскасць: прыпыненне выдачы льготных крэдытаў на жыллё. Афіцыйны адказ дзяржбанка быў вытрыманы ў лепшых традыцыях саўка.

«Крэдыты прадастаўляюцца фізічным асобам па ўсіх указах прэзідэнта. Тут няма ніякага ажыятажу. Аплата па крэдытах ідзе. Прыпынення выдачы крэдытаў не было», — заявіў журналістам дырэктар дэпартамента крэдытавання насельніцтва ААТ «АСБ Беларусбанк» Уладзімір Раманчук, словы якога цытуе БелТА.

Сваю заяву прадстаўнік Беларусбанка падмацаваў ладнай порцыяй статыстыкі, якая ніякім чынам не высвятляе сітуацыю са спыненнем выдачы крэдытаў.

Выходзіць, што хлусяць ўсе: і грамадзяне, якія не могуць аплаціць чарговы ўзнос, чакаючы міласці з боку банка; і льготнікі, якія нарэшце дачакаліся сваёй чаргі, але былі проста пасланыя банкам; і прэса, якая верыць ўсяму дзеля смажаных навін; і прадстаўнікі Нацбанка, якім давялося за апошні месяц вытрымаць шквал званкоў ад пасланых Беларусбанкам грамадзян.

Хлусіць нават прэс‑служба самога Беларусбанка,
заяву якой апублікавала газета «Камсамольская праўда ў Беларусі»: «Да 25 кастрычніка будзе прапрацоўвацца пытанне аб тым, як зноў прыступіць да выплатаў».

Як усё проста ў краіне з дыктатурай законнасці. Выйшаў прадстаўнік банка з загадзя падрыхтаваным адказам і, абвінаваціўшы ўсіх ў ілжы, даў зразумець, што адзіны белы і пушысты персанаж гэтага скандалу — Беларусбанк.

Скандал быў выгадны Беларусбанку, які на гэтым тыдні аднавіў выдачу крэдытаў і аплату крэдытных траншаў. Праз пару тыдняў тэма заглухне на фоне радаснага лікавання ільготнікаў, што дамагліся грошай.

Але пры гэтым дасягнутая і галоўная мэта — Дзяржбанк знізіў вялізны дэфіцыт ліквіднасці чарговай порцыяй крэдытаў Нацбанку, выдадзеных па даручэнні ўрада (гэтакая стандартная аперацыя на беларускім рынку — угода РЕПО ці каштоўныя паперы ў абмен на жывыя грошы).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?